Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дэфіцытныя лекі

У тую, дзякаваць богу, апошнюю зіму пад немцамі ў нашай вёсцы стаяў варожы гарнізон. Ён быў абнесены калючым дротам, добра ўмацаваны, пад пастаяннай вартай. І тым не менш у гэтым фашысцкім логаве мне, на той час дзесяцігадоваму хлопчыку, выпала пабываць.

...А ўсё з-за таго, што напаткала мяне досыць непрыемная хвароба — экзэма. І чаго толькі не рабілі з ёй, а пазбавіцца не маглі: даймаў надакучлівы сверб пад правым каленам.

І тады хтосьці са знаёмых параіў маме схадзіць у гарнізон да нямецкага доктара.

Помню, як мы збіраліся: мама паклала ў торбачку некалькі дзясяткаў яек, дадала да іх слоічак масла, пасля чаго, чысценька адзеўшыся, мы пайшлі па вуліцы ў бок гарнізона.

Там, на ўваходзе, нас, вядома ж, спынілі. Маме прыйшлося казаць вартавому, што яе сынок, хворы («кранк»), што нам вельмі трэба да доктара.

Як ні дзіўна, вартавы ўсё зразумеў і прапусціў нас, ды што там — нават паказаў, дзе знаходзіцца той медпункт.

Можна толькі ўявіць, з якім адчуваннем мы ішлі па гарнізоне, уваходзілі ў хату, прапахлую медыкаментамі. Але ж там, сярод чужынцаў, мама неяк адразу вызначыла, хто доктар — падышла да яго, стала расказваць пра мяне.

Не ведаю, што з яе слоў доктар разумеў, што не, але ж глядзеў — то на яе, то на мяне, слухаў, потым папрасіў раздзецца, паказаць нагу — уважліва агледзеў пляму пад каленам. А нарэшце вынес свой вердыкт: сказаў, што для лячэння маёй хваробы патрабуецца «масла слону».

— А Божухна, а дзе ж яго ўзяць?! — разгубілася матуля. — У нас жа з роду сланоў не было...

Доктар, відаць, зразумеў, што мама «ніхт фэрштэйн», пачаў гергетаць спачатку, але ж зноў упёрся ў «масла слону».

Мы з мамай хіба лыпалі вачыма, бо каровы ў вёсцы яшчэ былі, коні — таксама, але каб сланы...

Тады, ужо раззлаваўшыся, доктар узяў маміну ношку з пачастункам, дастаў з яе слоічак і сказаў:

— Масла...

...Потым паказаў на торбачку з яйкамі:

— Слону...

І нарэшце памацаў палатно.

Толькі тут мая бедная мама ўсё зразумела: больку маю трэба мазаць не чым іншым, як маслам з лёну, гэта значыць, льняным алеем!

...Вярнуўшыся дадому, мы, вядома ж, расказалі пра візіт да нямецкага медыка і разам з усімі (а нас, дзяцей, сямёра было) ад душы пасмяяліся.

Але ж галоўнае, што ў хуткім часе мама такі знайшла бутэлечку льнянога алею, мы пачалі лячэнне.

І, трэба сказаць, што яно пайшло на карысць, бо напамін пра тую даўнюю хворасць я адчуваю цяпер хіба ўвосень, з надыходам халадоў.

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Вось і не веру прыкметы

...Тое, што куры сталі несціся значна радзей, Ганна пачала заўважаць яшчэ з Купалля. Ім то з Антосем, былым фельчарам ФАПа, яек шмат і не трэба, але ж ці не кожную суботу госці: дзеці прыязджаюць, унукі. І пачаставаць хочацца, і з сабой нешта даць...

Першай, каму Ганна сказала пра дзіўныя паводзіны курэй, была колішняя школьная сяброўка Таня. Якраз яна і ўспомніла, што яе нябожчыца-свякроў больш чым тры гады пеўня не трымала.

— А твайму дармаеду колькі?.. Шосты пайшоў?.. Дык ён і вінаваты! — прызнала сяброўка. І тут жа дадала: — Але я тваю бяду адной левай развяду! Увесну квактуху садзіла. Так што дзесяць куранят цяпер маю: трох курачак і аж сем певункоў. Любога выбірай! Я з цябе і рубля не вазьму — задарма аддам!

Нешта браць задарма, на халяву, Ганна не хацела. Дрэнная прыкмета: альбо ў сяброўкі куры звядуцца, альбо ў яе пеўнік прападзе. Але ж Таня нават слухаць не хацела пра нейкую плату...

На тым і развіталіся.

Назаўтра Ганнін Антось засек старога пеўня і з адмысловым кашом — з вечкам, у якім яго мама куранят на продаж вазіла, — выбраўся па новага. Пашчасціла яшчэ: амаль адразу ж за вёскай яго падабрала спадарожная машына і хвілін праз дзесяць дамчала да патрэбнай брамкі.

За ёй, каля трактара, круціўся Пятрок, Танін гаспадар, якога за вочы ўсе звалі Петушком (бо змалку быў дробным, але дужа задзірыстым)...

Мужчыны павіталіся, загаманілі. На галасы тут жа выйшла Таня з кубкам ячменю. Яны разам склікалі курэй, удала злавілі патрэбнага пеўніка, і Петушок панёс яго ў кабіну трактара. Сказаў Антосю:

— Навошта ногі трапаць, доктар? Я падвязу. Справы ёсць: у ваш бок якраз еду...

І блізкая, як быццам, дарога была, але ж пакуль праехалі, Антось успомніў, што Петушка ніколі не лячыў, і, відаць жа, не будзе, бо на сёмым годзе яго пенсіянерства на ФАП прыслалі новага фельчара... А таму трэба ж чалавеку неяк аддзячыць — за пеўніка, за тое, што падвёз. Даць барыша ці што?

Параіцца не было з кім: жонка, відаць, пайшла на сяло языком памянціць. Так што самі яны, удвух, пусцілі да курэй маладога пеўніка, адамкнулі хату.

Гарэлку ад Антося гаспадыня не хавала, бо той піў рэдка і пакрысе — не столькі з-за сваёй медыцынскай адукацыі, як з-за таго, што яна, гэта адукацыя, у кожны момант магла спатрэбіцца...

Вось і зараз ён хацеў з трохлітровіка наліць гарэлкі ў бутэльку і даць Петушку з сабой (бо яно ж за рулём чалавек...). Аднак госць сказаў, што «руль нідзе не дзенецца» і што адзін ён ніколі не п'е, а таму — налівай, брат, чаркі.

Гаспадару нічога не заставалася, як плюхнуць па першай (госцю да краёў, сабе — на дно) і адразу ж па другой, бо закуска Пятра зусім не цікавіла.

А вось піток, як аказалася, ён яшчэ той! Ведама, трактарыст — чалавек у вёсцы патрэбны (можа, нават болей, чым доктар).

І, здаецца ж, не спірт напару пілі, не пяршак — звычайную самагонку, але пасля трэцяй гаспадар (з непрывычкі ці што?) захмялеў... Пасля чацвёртай ён жа стаў прафесійна разглядаць госця і думаць, як гэты здыхлік, пуды на два за яго лягчэйшы, можа столькі ў сябе ўліць?!

Пасля пятай яму ўжо цікава было паслухаць, як у Пятра зімой, сярод лесу, «паляцеў» падвясны падшыпнік...

Шостыя паўчаркі гаспадар таксама неяк пракаўтнуў, а вось сёмыя адразу ж прасіліся назад ды так настойліва, што ён ледзь выскачыў з хаты, каб разам з таварышкамі выпусціць іх на волю пад плот. (Госць у гэты час уцёк па-англійску — без падзякі.)

...Хутка вярнулася Ганька і вачам сваім не паверыла: у іхнім двары стаяў чужы трактар. У хаце за сталом, у абнімку з амаль пустым трохлітровікам, сядзеў муж, таксама быццам не яе, бо быў у дыміну п'яны...

Кінулася ў двор, каб паглядзець курэй. Яны былі, можна сказаць, не лепшыя: накульгваючы то на адну, то на другую лапу, нібы п'яныя, грэбліся ў зямлі каля плоту, дзе роўненька выцягнуўшы лапкі, ляжаў Танін маладзенькі пеўнік.

— Нежывы?.. — завохкала гаспадыня.

На голас выйшла суседка...

Гэта яна пусціла па сяле пагалоску, што доктар так напаіў певунка (ці Петушка?), што ён спруцянеў.

...Прыйшлося Тані — ужо самой — занесці сяброўцы іншага пеўніка. Як і дамаўляліся, задарма. Але Антось пра гэта даведаўся толькі пад вечар, бо зранку на ўсякі выпадак уцёк — «у грыбы».

З. Качанкова, г. Вілейка


Прыгожай быцьне забароніш

Як казала вялікая Фаіна Ранеўская, прыгажосць — гэта страшная сіла. І дзеля яе на што толькі не ідуць жанчыны... Апошнім часам, у прыватнасці, усё больш на іх штучнага — розных там сіліконаў, парыкоў, падцяжак, накладных пазногцяў і веек, касметыкі. А сваё, што патрабуецца для «поўнага шчасця», дык гэта рост (пажадана метры пад два) і кастлявасць. Можа, ад «касцей» утварылася і слова «кастынг»?..

А некалі ж худзізна не віталася, нават наадварот — лічылася нездароўем. На сяле такіх дзевак і замуж не дужа бралі: баяліся, што не змогуць шмат працаваць, выношваць дзяцей...

Дык вось. Была ў нас адна жанчына, Нінай звалі. Целаскладам — звычайная, а вось усім іншым...

Валасы былі кучаравыя і з пазалотай, вочы — вялікія, блакітныя, а ўжо голас... Стане прыпеўкі пець, сама Мардасава пазайздросціла б! Выйдзе барыню «гуляць» — мужчыны шклянкі з гарэлкай адсунуць: сядзяць ды любуюцца!

Але ж пры ўсіх гэтых вартасцях быў у Ніны адзін недахоп. Хацелася ёй недзе прайсці і, як кажуць гумарысты, задам вільнуць, а вось яго — сапраўднага — якраз і бракавала. Прычым доўга.

Праўда, з нейкага часу бабы сталі прыкмячаць, што дзеўка, як быццам, пакруглела — у пэўным месцы. Нават дапытвацца сталі — як гэта яна ўмудрылася? Бо гэта ж цяпер не падабаецца нос, рот ці нешта яшчэ — грошы заплаці і пераробіш. А тады пра гэта ніхто і не чуў...

Таямніца зусім выпадкова адкрылася, бо Нінка ж не толькі да танцаў ахвотнай была, але і «да работы дурная» — ударніца яшчэ тая!

Выйшлі неяк бабы на луг, сталі сена зграбаць — спачатку ў валкі, потым валкі ў кучы... А гэта як робіцца? Чатыры-пяць кабет кладуць свае граблі зубамі ўверх і піхаюць.

Вось Нінка і ўперлася з усіх сваіх бабскіх сіл.

А нейкая вяровачка на ёй вазьмі і парвіся! А следам... падушачка з-пад спадніцы вазьмі і «выпаўзі»...

Нінка, праўда, адчула рух, тут жа падхапіла «згубу», а следам руку на паясніцу і кажа:

— Ой, бабачкі, мне так баліць спіна, так баліць, што прыходзіцца насіць падушачку — для сугрэву.

Бабы слухаюць яе і нават смяяцца не смеюць, бо хто ж яго ведае, — можа, чалавеку і сапраўды баліць? Больш спагадлівыя нават паляжаць Ніне раілі.

Але ж яна не з тых, хто спыніцца ў рабоце: зайшла за куст, прывязала свае прычындалы і зноў за граблі...

Вось бабы і дагэтуль не ведаюць, што з ёй напраўду было — балела спіна ці ўсё-такі не?

Загадка гэта... Як і сама жаночая прыгажосць.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.