Вы тут

«Звязда» пабывала на здымачнай пляцоўцы папулярнага тэлепраекта


На гэтым тыдні Беларускае тэлебачанне адзначае адразу дзве знакавыя даты: Сусветны дзень тэлебачання, які ўвайшоў у гісторыю 10 гадоў таму, а таксама — вось супадзенне! — 10 гадоў з першага эфіру адной з самых запатрабаваных праграм канала «Беларусь 1» — «Беларускай часінкі». І няхай стаж праграмы адносна сціплы, але яе значнасць цяжка пераацаніць. Па прыблізных падліках, у эфір выйшла больш за 2000 выпускаў, у кожным з якіх карэспандэнты і вядучыя з дапамогай экспертаў аказвалі рэальную дапамогу людзям, якія сутыкнуліся са складанымі жыццёвымі сітуацыямі.


Калі побыт заядае

15 хвілін да эфіру. У вялікай «шасцісотай» студыі Белтэлерадыёкампаніі ўжо ўсе на месцы: вядучыя сённяшняга выпуску Алена Спірыдовіч, Уладзімір Богдан і Сяргей Прохараў завяршаюць тракт — генеральную рэпетыцыю эфіру, аператары і тэхнікі настройваюць святло і камеры, а нябачны рэжысёр камандуе працэсам. Сёння на парадку дня — вечныя пытанні, хто вінаваты і што рабіць... з камунальнымі праблемамі.

— ЖКГ — такая самая актуальная тэма зваротаў, як і шмат гадоў таму? — цікаўлюся ў шэф-рэдактара «Беларускай часінкі» Святланы Грынчык.

— Прынамсі, адна з самых набалелых. У «камунальных аўторках» нам вельмі дапамагае кіраўнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ Генадзь Аксціловіч, які дзяжурыць на «гарачай лініі» і аператыўна тлумачыць незразумелыя моманты, і ўсё адно пытанняў на гэту тэму менш не становіцца. Але далёка не толькі ЖКГ хвалюе гледачоў. Тэмы зваротаў абумоўленыя рэаліямі жыцця: увялі ў Беларусі мацярынскі капітал — пачалі цікавіцца гэтай тэмай, абвясцілі пра жыллёвыя субсідыі — пытаюцца пра ўмовы іх атрымання. З'явілася ў праграме спажывецкая рубрыка — стала больш пытанняў з гэтай сферы. Але найбольш, напэўна, зваротаў да юрыстаў — у эфіры некалькі гадоў «вядзе прыём» адвакат Галіна Камароўская, а на сайце праграмы гледачоў кансультуе адвакат Максім Церашкоў.

— Хвіліна да эфіру! — папярэджвае рэжысёр, і ўсе пабочныя размовы сціхаюць. Над пультам адлічвае апошнія секунды гадзіннік — і пасля ўступных цітраў Сяргей Прохараў агучвае некаторыя тэмы і сюжэты сённяшняга выпуску.

...Хто ў адказе за сапсаваныя дамафоны, як знайсці гаспадароў пустуючай кватэры, якая замінае капрамонту, і ў якія дзверы грукаць, калі ва ўласных пакоях няма чым дыхаць з-за суседскіх «умельцаў»? Гэтыя відэасюжэты, а таксама нязменная за 10 гадоў рубрыка, прысвечаная дапамозе цяжкахворым дзецям, — загадзя вядомы вядучым «касцяк» праграмы, а якія сюрпрызы прынясуць званкі і SMS-паведамленні, не можа сказаць ніхто.

«Вядучыя, якія прымаюць званкі, з першых слоў ацэньваюць, ці зможа чалавек за 1-2 хвіліны сцісла і зразумела выкласці свой зварот — калі так, то пускаюць званок у эфір, калі не —  з ім дасканала разбіраюцца карэспандэнты, гатовыя выехаць у кожны рэгіён», — тлумачыць шэф-рэдактар «Беларускай часінкі».

Дарэчы, пацвярджаю: тэлефоны ў студыі практычна не змаўкаюць, пакуль у эфіры транслюецца відэасюжэт, вядучыя і эксперт ледзь паспяваюць адказваць на званкі.

Паспець усё

У перапынках, калі ідуць рэкламныя блокі, вядучыя дазваляюць сабе крыху расслабіцца (прамы эфір — тое яшчэ выпрабаванне для нерваў!) і нават пажартаваць. Але рэжысёр няўмольна нагадвае: праз некалькі секунд трэба вяртацца ў эфір. Вядучыя вокамгненна робяцца засяроджана-дзелавымі і ні на секунду не губляюць сутнасці абмеркавання. Бабруйск, Брэст, Гомель, Мінск, Слуцк, Клецк, Магілёў — пытанні пра розныя аспекты камунальнай гаспадаркі гарохам сыплюцца з усіх куткоў краіны.

Генадзь Аксціловіч, які дзяжурыць на «гарачай лініі», агучвае цікавую лічбу: безнаяўную жыллёвую субсідыю за кастрычнік атрымаюць 59 чалавек, якія аформілі неабходныя дакументы. Вядучыя ўдакладняюць, хто можа прэтэндаваць на субсідыю. Аказваецца, прыблізная формула простая: трэба сярэднюю за апошнія паўгода суму сукупнага даходу сям'і падзяліць на 5; калі лічба ў жыроўцы перавышае пятую частку (або 20%) ад вашага сямейнага даходу — маеце права звяртацца ў службу субсідавання для дэталёвых разлікаў.

Чарговая праблема — крык аб дапамозе, інакш не скажаш. З даўжэзнага факса зразумела, што нейкі час таму ў аграгарадку Прылукі Мінскага раёна памёр адзінокі чалавек. Знайшлі яго не адразу — але пахавалі, кватэру апячаталі... І цяпер суседзям нельга знаходзіцца ў пад'ездзе, бо адчыніць гэту кватэру і праветрыць ім не дазваляюць, а санітарная апрацоўка пад'езда не праводзілася. Алена Спірыдовіч звярнулася ў ЖЭУ-7 з просьбай тэрмінова прыняць меры, а прадстаўніка Міністэрства ЖКГ папрасілі ўзяць сітуацыю пад асабісты кантроль.

...Іншым разам аднаго абмеркавання праблемы ў эфіры бывае дастаткова, каб сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Так, днямі жанчына расказала, што заказала машыну торфу, а прывезлі палову непрыдатнага: і крышыцца, і не гарыць. Пасля ўмяшання «Беларускай часінкі» літаральна на наступны дзень жанчыне даставілі брыкеты добрай якасці.

Але некаторыя цяжбы грамадзян з жыллёва-камунальнымі службамі могуць доўжыцца не адзін месяц і нават год, што яскрава ілюструе своеасаблівы «хіт-парад» — падборка дасланых «народнымі карэспандэнтамі» фатаграфій, якія вядучыя іранічна прадставілі як «усё цячэ, але нічога не змяняецца». Колькі часу жыхары змагаюцца з усімі гэтымі затопленымі падваламі, закінутымі свідравінамі, гнілымі трубамі — нават цяжка ўявіць.

У апошняй рэкламнай паўзе рэдактар заклапочана зазначае: «Перабіраем час, апошні сюжэт давядзецца выкідваць».

— Пуні выкідваем, — удакладняе Алена Спірыдовіч. — Давайце вырашаць, хто за кім. Можа, пачну я, потым эксперт, а трэцім будзе Сяргей.

— Трэцім я заўжды гатовы быць, — жартуе ў адказ Сяргей Прохараў. Насамрэч за гэтай пікіроўкай — задача з ювелірнай дакладнасцю разлічыць час эфіру, каб не абрываць нікога на паўслове і паспець сказаць усё неабходнае. Вопытная каманда з гэтым упэўнена спраўляецца, падсумоўвае вынікі і развітваецца з гледачамі — да наступнага эфіру.

Не апошняя інстанцыя

— За гады існавання праграмы зменшылася колькасць прафесійных скаржнікаў, якія чакаюць, што вы за іх усё вырашыце?

— Мне здаецца, толькі павялічылася, — кажа Уладзімір Богдан. — Я заўважыў, што з часам стаў, з аднаго боку, даволі жорсткім у некаторых пытаннях — калі ў эфір тэлефануюць людзі, якія нічога не робяць для вырашэння ўласнай праблемы, магу адказаць празмерна рэзка, а з другога боку, наадварот, празмерна добрым і інфантыльным — калі справа датычыцца дзяцей або тых людзей, якім жыццёва неабходная дапамога.

Я тут падумаў, што «Часінка» — такі сябар і таварыш, які заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, але ні ў якім выпадку не будзе з радасцю вырашаць праблему за вас. Пачніце гэта рабіць — а мы ўжо падхопім, параім, пракансультуем.

Асабіста я за гэты час стаў амаль прафесійным юрыстам. І часта, калі людзі на вуліцы падыходзяць, пазнаюць і просяць нейкай парады — са здзіўленнем лаўлю сябе на тым, што ведаю адказ на іх пытанне!

— Заўжды ёсць людзі, якія жадаюць, каб нехта іншы зрабіў справу за іх, — далучаецца Алена Спірыдовіч. — Даходзіла да смешнага, скардзяцца: «Ваду адключылі, і халодную, і гарачую, як жыць?!» — «А ў ЖЭС тэлефанавалі?» — «Не, адразу вам!».

Што засмучае — я так і не навучылася забываць пра многія агучаныя праблемы, асабліва калі гэта цяжкая гісторыя, якая кранае душу. Аднойчы патэлефанавала жанчына: яе мужу зрабілі аперацыю на сэрцы, фактычна — паставілі новае. А тут у яго падышоў тэрмін замены пашпарта. І яна крычыць у трубку: маўляў, я не магу яго цяпер фатаграфаваць (з-за прэпаратаў ён набраў вагу, крыху «заплыў»), а мне з-за гэтага далі штраф — 4 рублі, буду скардзіцца, будзем з мужам хадзіць, дабівацца справядлівасці...

Фота з архіва.

А я слухаю і думаю: яе мужу бясплатна зрабілі новае сэрца, а жанчына, замест таго каб пырхаць вакол яго матыльком і ствараць умовы для станоўчых эмоцый, будзе цягаць яго па ЖЭСах і пашпартных сталах, уцягваць у канфліктныя сітуацыі — і дзеля чаго, дзеля адмены 4 рублёў штрафу?! Не ведаю, як змагацца з такой агрэсіўнасцю...

— На мой погляд, часам лепш дапамагчы і надакучліваму скаржніку, і таму, хто гэтага не зусім варты, чым пераблытаць і не дапамагчы тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу, — заўважае Сяргей Прохараў. — Стараюся як мінімум выслухаць чалавека, а там арыентуюся па сітуацыі. Помню адзін званок — на шчасце, такія прыходзяць нячаста. Жанчына гнеўна патрабавала: вы тут дзецям дапамагаеце, а ў мяне нявестка нарадзіць не можа — дайце грошай на ЭКА (экстракарпаральнае апладненне)! Мне каштавала немалых высілкаў патлумачыць, што гэта далёка не пытанне жыцця і смерці.

— Па выніках зваротаў часцей дзякуюць або зноў скардзяцца — ужо на вас?

— Я страціў некалькі добрых знаёмых і нават сяброў з-за таго, што рызыкнуў дапамагчы, а пры разглядзе пытання выявілася, што яны ці іх сваякі не мелі рацыі. Але ўсё адно, на жаль ці на шчасце, здаровага прафесійнага цынізму я так і не выпрацаваў: не ўяўляю, як можна адмовіць на просьбу дапамагчы. І ведаеце — бывае, што мы ў студыі прагаварылі сітуацыю, прапанавалі нейкія шляхі вырашэння, а выніку ўсё адно няма — тым не менш, людзі ўдзячныя за нашу гатоўнасць выслухаць і дапамагчы. Гэта вельмі прыемна. Яшчэ больш прыемна было б аднойчы ў чарговым выпуску раптам даведацца, што нам няма пра што казаць, — але гэта фантастыка. Бо да той пары, пакуль некаторыя адказныя асобы і службы ставяцца да сваіх абавязкаў паблажліва, а да людзей, якіх мусяць абслугоўваць, — зняважліва, мы без працы не застанёмся.


«Беларуская часінка» — ліцэнзійны тэлепрадукт, інфармацыйна-аналітычная праграма, створаная ў фармаце «народных навінаў» па ўзоры і падабенстве папулярнай праграмы «Времечко», якая некалі выходзіла на Расійскім тэлебачанні. Маскоўскі «прашчур» даўно сышоў з эфіру, а беларускі аналаг, хоць і перажыў няпростыя часы, але не закрыўся, набыў уласны твар і заваяваў давер аўдыторыі — нездарма яго называюць «самым народным» тэлепраектам.

За 10 гадоў праграму вялі ў тым ці іншым складзе 10 прафесійных вядучых: Саша Снегіна, Міхаіл Кірычэнка, Вольга Шлягер, Сяргей Прохараў, Канстанцін Юманаў, Юлія Заўгародняя, Генадзь Давыдзька, Алег Ціткоў, Алена Спірыдовіч, Уладзімір Богдан.

Штотыдзень каманда тэлепраекта атрымлівае дзясяткі лістоў, SMS-паведамленняў, званкоў, допісаў на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі і на старонках у сацыяльных сетках са скаргамі, зваротамі па кансультацыю, просьбамі дапамагчы разабрацца ў тым ці іншым набалелым пытанні. Спажывецкі панядзелак, камунальны аўторак, юрыдычная серада і рознапланавы чацвер — пастаянныя гледачы ўжо добра ведаюць, якой тэме прысвечаны чарговы выпуск. А вось як менавіта праграма робіцца, ведаюць нямногія. Карэспандэнт «Звязды» паглядзела прамы эфір «Беларускай часінкі» з рэжысёрскай студыі і даведалася, ці часта маўчыць эфірны тэлефон, што адбываецца падчас рэкламы і да чаго так і не змаглі прызвычаіцца тэлевядучыя.


«Доўгажыхары» беларускага тэлеэфіру

  • «Зона Х» сёлета адзначыла 16-годдзе.
  • «Добрай раніцы, Беларусь!» у 2017 годзе споўніцца 20 гадоў.
  • Больш за 20 гадоў існуе ў сучасным выглядзе «Панарама».
  • Праграма пра армію «Арсенал» выходзіць 22 гады.
  • Безумоўны лідар — «Калыханка», якой сёлета споўнілася 35 гадоў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гаворыць і паказвае «Часінка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».