Вы тут

Навагоднія святы пройдуць пад класічную музыку


Тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў на прамежак ад каталіцкіх да праваслаўных Каляд сюрпрыз для аматараў мастацтва. На днях у студыі "600 метраў" адбыўся запіс канцэрта класічнай музыкі ў выкананні сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Гледачы таксама змогуць ацаніць тэхнічныя магчымасці студыі: гучанне музыкі будуць суправаджаць зменлівыя выявы на гіганцкім панарамным экране, аналагаў якому няма на ўсёй постсавецкай прасторы.


- Наш навагодні рэпертуар будзе складацца ў асноўным з твораў сямейства Штраўсаў і Жака Афенбаха. Мы ўжо гастралявалі з імі па краінах Еўропы, - расказвае галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі Вячаслаў Чарнуха-Воліч. - Тым больш што палову нашай праграмы звычайны беларускі глядач наўрад ці калісьці да гэтага чуў. Напрыклад, гэта вальсы "Пацалунак", "Віно, жанчыны і песні", "Ружа з поўдня". Мы хацелі пазбегнуць у канцэрце якой-небудзь трафарэтнасці. Тым больш што канцэрты музыкі Штраўсаў у краінах замежжа ператвараюцца ў невялікія шоу са стрэламі, адкрываннем шампанскага, спыненнем цягніка, як у польцы “Цягнік задавальненняў” і іншымі вясёлымі рэчамі, без якіх святочную праграму ўявіць нельга.

У аркестры Белтэлерадыёкампаніі граюць 60 музыкаў. Гэты мабільны баявы састаў здольны "агучыць" і маленькія залы ў невялікіх гарадах, і годна выступіць на самых вялікіх сцэнах у турнэ па еўрапейскіх краінах.

- Папулярную еўрапейскую класіку выконваюць па ўсім свеце асабліва ў пераднавагодні, калядны час, - расказвае намеснік галоўнага рэдактара галоўнай рэдакцыі тэлеканала “Беларусь 3” Сяргей Макарэй. - Мы вырашылі таксама прымеркаваць наш канцэрт да гэтых святаў. Гэта не першы сумесны праект канала “Беларусь 3” і аркестра Белтэлерадыёкампаніі. На гэтым спыняцца не плануем, а будзем і надалей плённа супрацоўнічаць. Тым больш што ёсць і задумы новых праектаў. Мы і раней транслявалі па тэлебачанні канцэрты класічнай музыкі. Згадаць хаця б праект "Музыка роднай краіны". Гледачы мелі магчымасць паслухаць творы беларускіх кампазітараў, сярод якіх Мікалай Чуркін, Яўген Глебаў, Сяргей Картэс.  І гэта таксама цудоўна, калі мы слухаем, здымаем і паказваем наша.

Тэлевізійны фармат канцэрту разлічаны на 70-80 хвілін. Дакладныя дата і час яго трансляцыі пакуль невядомыя. Але супрацоўнікі "Беларусь 3" абяцаюць задаволіць усе музычныя патрэбы гледачоў. Так што сачыце за тэлепраграмай і абавязкова адшукаеце музыку для сябе!

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.