Вы тут

Коратка, але глыбока


Давялося нядаўна прачытаць кнігу Зіновія Прыгодзіча «Родник у лесных берез», раздзел з якой «Мініяцюры» настолькі мяне ўразіў, што я, звычайная настаўніца, хачу падзяліцца гэтымі ўражаннямі з іншымі чытачамі.


Мініяцюра па сутнасці сваёй — закончаны твор, у якім усяго ў некалькіх радках аўтар дае прастор для думак чытачу: кожны ўспрымае напісанае па-свойму, у кожнага свае асацыяцыі. Прачытаўшы семдзесят пяць мініяцюр Зіновія Прыгодзіча, нібы прагортваеш кнігу ўласнага жыцця. Так могуць сказаць людзі старэйшыя, у якіх гэта жыццё ўжо за плячыма. А для маладзейшых гэта нібы падручнік жыццёвай філасофіі, якую яны толькі пачынаюць спасцігаць.

Колькі ў гэтых мініяцюрах закладзена аўтарам: погляд у будучыню, складаны недасягальны свет чалавечай душы, парадокс чалавечай прыроды, калі не можаш спазнаць усю глыбіню шчасця без барацьбы, духоўны свет бацькоў, зачараванне перамогамі — уласнымі і блізкіх людзей.

Вельмі цікава разважае аўтар аб шчасці, аб каханні, якое ў кожнага сваё, аб дрэве жыцця, аб сувязі чалавека і прыроды. А як прыгожа разважае ён аб жыцці наогул! Імчаць, спяшаюцца ў невядомую далячынь нашы дні і ночы: лёгка і радасна ў юнацтве, ганарліва і магутна ў сталым узросце, стомлена-ціха, са светлай журбой — у старасці. І ў кожным узросце людзі мараць пра лепшае.

Каханне Зіновій Прыгодзіч параўноўвае з сонцам: яго цяпло адчуваеш на адлегласці, без яго няма жыцця. А чалавек, які кахае без узаемнасці, падобны да жураўля, што выбіўся з сіл, адстаў ад чарады, застаўся адзін са сваім болем, са сваёй горкай песняй.

Мастацтва ў мініяцюрах цесна звязана з лёсам народным. Калі мастак — асоба, ён заўсёды будзе ў цэнтры жыцця.

Асабліва прачула і натхнёна аўтар піша аб прыродзе сваёй роднай зямлі. Увогуле ўсе мініяцюры ў кнізе Зіновія Прыгодзіча прасякнуты любоўю да Радзімы, роздумам і ціхім зачараваннем. Каб штосьці падобнае адчуць самому, варта іх прачытаць.

Вера КАРЦЕЛЬ

г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.