Вы тут

Памяць Багдановіча ўшанавалі ў Чэрвені


Гэтымі днямі Чэрвень вітаў даследчыкаў жыцця і прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча. Як жылося яго продкам у старажытным Ігумене (як вядома, гэта радзіма маці паэта Марыі Мякоты)? Чым быў адметны час іх сталення?.. На гэтыя і многія іншыя пытанні можна было пачуць адказы падчас навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння паэта.


Гасцей свята сустрэлі школьнікі-краязнаўцы і прапанавалі цікавую экскурсію ў мінулае сваіх мясцін.

Дырэктар уздзенскай школы №2 імя Кандрата Крапівы Алена Іаргачова прыгадала Магдалену Радзівіл і яе асветніцкую работу ў гэтым краі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы №2 імя Аляксея Флегантава горада Чэрвеня Валянціна Сцянько расказала пра мясцовыя карані Максіма Багдановіча — прадставіла кароткія нарысы пра жыццё кожнага з яго родных, звязаных з гэтай зямлёй.

Краязнаўца, пісьменнік Іван Ярашэвіч зрабіў вялікую работу па вывучэнні творчасці мясцовых мастакоў — тых, хто сілкаваўся ў сваіх задумах энергіяй Багдановіча, хто ў сваіх карцінах здолеў выявіць ідэі, блізкія Максіму.

Намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса «Родная прырода» Алена СТЭЛЬМАХ прадстаўляла Выдавецкі дом «Звязда». Яна адзначыла:

— 25 гадоў — такі адрэзак зямнога шляху быў наканаваны Максіму Багдановічу. Ён сведчыць пра тое, што жыццё чалавека вымяраецца не гадамі, а тым, што ён паспеў зрабіць за гэты час. Зорка паэта і сёння гарыць на небасхіле не толькі беларускай літаратуры, але і сусветнай. Яна западае ў сэрца кожнага чытача, хто хоць крыху сутыкнуўся з творчасцю паэта...

У зале гімназіі, дзе праходзіла літаратурнае свята.

Нібы здзейсніць падарожжа ў часе, перанесціся ў эпоху жыцця маці Багдановіча прысутным дапамагла настаўніца беларускай мовы і літаратуры чэрвеньскай сярэдняй школы №4 Алена Ашэйчык:

— Тады ў горадзе дзейнічалі драўляная праваслаўная царква, тры яўрэйскія малітоўныя дамы, адна сінагога і касцёл. Касцёл быў надзвычай прыгожы звонку і ўнутры адметна аздоблены. З усіх бакоў яго акружаў сад, тут жа размяшчаўся добра дагледжаны агарод. За метраў трыста ад касцёльнага плота знаходзіліся могілкі, якія і сёння ёсць у Чэрвені, — яны размяшчаліся на самым высокім месцы (як патрабавалі законы таго часу). У розныя бакі разыходзіліся вуліцы — Маларасейская, Касцельная і Азёрская. Назвы вуліцам у той час даваліся ў залежнасці ад таго, якая пабудова на іх размяшчалася. У 1897 годзе ў Ігумене правялі перапіс насельніцтва. Высветлілася, што тут жылі 4573 чалавекі. І толькі 40% з іх былі пісьменнымі...

У чэрвеньскай гімназіі №1 імя Уладзіміра Караля, дзе праходзіла канферэнцыя, прадстаўлена багатая экспазіцыя літаратуры, прысвечанай Багдановічу. Гэта і грунтоўныя даследаванні, і падручнікі, і метадычная літаратура. І, вядома, той самы «Вянок». Няма сумненняў, што, дакранаючыся да творчасці паэта, не толькі мастакі, але і навучэнцы гімназіі, многія іншыя жыхары і госці горада паўней адчуюць прыгажосць вершаваных радкоў класіка, якія і сёння зачароўваюць сэрцы.

Пра гісторыю роду Максіма Багдановіча расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Сцянько.

 

Удзельнікам свята быў прадстаўлены цікавы фотапраект “Мой Максім Багдановіч”. У ролі паэта здымаўся дзевяцікласнік Андрэй Качановіч (на гэтым фота ён без грыму)

А на гэтым фота - загрыміраваны Андрэй у вобразе Максіма.

Пра новыя творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў паведала намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Кнігі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” з аўтографамі аўтараў былі перададзены чэрвеньскай гімназіі

Краязнаўца і літаратар Іван Ярашэвіч пазнаёміў з доследам таго, як асоба Максіма Багдановіча адлюстравалася ў творах мясцовых мастакоў.

Удзельнікі літаратурнага свята у Чэрвені пабывалі каля дома, дзе устаноўлена гэтая памятная дошка. Яна нагадвае, што у горадзе знаходзілася маці Максіма Багдановіча Марыя Мякота.

У цішы мясцовых могілкак стаіць невялічкі камень з ледзь бачным надпісам  - стары помнік дзеду Максіма Багдановіча па матчынай лініі.

Да помніка дзеда ўдзельнікамі літаратурнага свята “Чэрвеньскія карані Максіма Багдановіча” былі ўскладзены кветкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

г. Чэрвень

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Яго зорка і сёння гарыць...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».