Вы тут

Не забылі прышчапіцца ад грыпу?


Яшчэ ёсць час звярнуцца ў паліклінікі ці іншыя медустановы для правядзення вакцынацыі ад грыпу — бясплатнай, калі вы ў групе рызыкі, або за свой кошт.


Сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях адпавядае зараз таму ўзроўню, які звычайна рэгіструецца ў гэты час. Пераважаюць, галоўным чынам, адэнавірусы, вірусы парагрыпу і іншыя. Захваральнасць не перавышае ўзровень мінулага года. Аднак чым бліжэй зіма, тым больш хворых.

Эпідэмічны пад'ём грыпу чакаецца па традыцыі напрыканцы студзеня — пачатку лютага. «Асаблівых новых вірусаў мы не чакаем, — кажа галоўны эпідэміёлаг, намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН. — Гэта будзе звычайны сезон, і будзем спадзявацца, што тая колькасць людзей, што прайшла вакцынацыю, забяспечыла сабе дастатковы ўзровень імуннага адказу для папярэджвання грыпу або яго цяжкіх ускладненняў».

Актыўная фаза кампаніі вакцынацыі завершыцца на пачатку снежня, хоць у індывідуальным парадку можна прышчапіцца і ў наступным месяцы (аднак лепей усё ж паспець да 1-га чысла). Грып — адна з самых цяжкіх інфекцый, а вакцынацыя эфектыўна абараняе чалавека ад захворвання. На канец мінулага тыдня ў краіне ўжо больш за 3,5 млн чалавек скарысталіся такой абаронай. Большасць атрымала прышчэпкі за бюджэтныя сродкі — гэта ўсе, хто мае высокую рызыку развіцця ўскладненняў пасля грыпу, — людзі з хранічнымі захворваннямі, тыя, каму 65+, цяжарныя, дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Яшчэ адна група — дзеці ў дашкольных установах, школьнікі, студэнты ВНУ, работнікі гэтых устаноў, а таксама медперсанал. Ва ўсіх краінах гэтыя групы ахопліваюцца вакцынацыяй не менш як на 75 працэнтаў. У нас на сёння ўжо больш за 70.

У апошнія дзесяцігоддзі актыўна цыркулююць чатыры вірусы грыпу — два вірусы грыпу А і два вірусы грыпу В. Яны здольныя выклікаць эпідэміі. Эпідэмічны сезон па грыпе ў краінах паўночнага паўшар'я пачынаецца з 40-га каляндарнага тыдня і працягваецца да 20-га наступнага года. Сітуацыя ў краінах паўночнага паўшар'я пакуль спрыяльная, узровень захваральнасці характэрны для міжэпідэмічнага часу, адзначаюць спецыялісты. Рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі пераважна віруса грыпу А (H3N2).

Не забывайцеся на старыя добрыя меры прафілактыкі ў дачыненні да паветрана-кропельных інфекцый. Пазбягайце людных месцаў: менш людзей — менш вірусаў. Гуляйце і праветрывайце памяшканне: канцэнтрацыя вірусаў на адкрытай прасторы ў тысячу разоў ніжэйшая. Будзьце ўважлівымі ў транспарце (калі нехта побач чхае, прыкрывайцеся). Мыйце рукі (яшчэ і кішэчных інфекцый пазбегнеце). Маску павінен насіць дома хворы, каб не заразіць сваіх блізкіх, але на вуліцы яна не патрэбна ў тым ліку і яму. Наогул, нашэнне маскі — не панацэя ад усіх вірусаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зіма на парозе

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.