Вы тут

Выбіраем бяспечныя цацкі


Фота Надзеі Бужан

Першыя цацкі з’яўляюцца ў хаце, калі толькі нараджаецца немаўля. Шматлікія бразготкі, мяккія зайчаняткі і коцікі, мобілі над калыскай... Сучасныя бацькі не шкадуюць грошай на сваіх любых дзетак і з кожным годам (дакладней, з кожным святам) жытло ўсё больш запаўняецца рознымі цацкамі, бо бабулі і дзядулі, цёткі і дзядзькі лічаць ганаровай павіннасцю прынесці самага вялікага мядзведзіка альбо найноўшы аўтамабіль для маленькага карапуза. Мала хто з іх задумваецца, ці бяспечныя цацкі для малога і для навакольнага асяроддзя.

Сённяшняе жыццё патрабуе ад нас увагі пры выбары цацак. Для гэтага трэба агучыць колькі простых парад.

● Набывайце цацкі толькі ў спецыялізаваных крамах. Лепш не набываць іх у кіёсках, на базары ці “з рук”. Невядома, з чаго робяць такія цацкі, а таксама ў якіх умовах адбываецца “вытворчасць”.

● Звяртайце ўвагу на наяўнасць сертыфіката.

● Спыніце погляд на маркіроўцы. Там павінны быць назва цацкі, звесткі аб вытворцы і пастаўшчыку ў Беларусь, узрост дзіцяці, для якога прызначаны выраб, спосабы догляду і тэрмін прыдатнасці, а таксама перасцярогі.

● Абавязкова захоўвайце чэк, упакоўку і этыкетку тавару.

Фота Надзеі Бужан

● Аддавайце перавагу цацкам з натуральных матэрыялаў. Абавязкова звярніце ўвагу на дадатковыя сродкі апрацоўкі вырабу, напрыклад на якасць фарбы, лаку на драўніне.

● Калі вы ўсё ж вырашылі набыць цацку з пластыку, то аддайце перавагу поліпрапілену (маркіроўка “ПП”, “РР” ці “5”) – ён найменш шкодны. Не набывайце цацку з пластмасы, калі адчуваеце едкі пах – вам гарантаваны атручаны выраб.

●Не набывайце шмат цацак! Гэта дрэнна адбіваецца і на наваколлі, і на дзіцячых паводзінах (многія псіхолагі прытрымліваюцца такой думкі).

Гарантаваць бяспеку дапаможа знак сертыфікацыі. Маленькі прышыты лагатып гаворыць аб тым, што ляльку правяралі спецыялісты ў адпаведнасці з рознымі нормамі.

 “СТБ” – айчынны маркіровачны знак паведамляе, што сертыфікацыя праведзена адпаведна з беларускім заканадаўствам.

 “РСТ” – расійскі адпаведнік, гарантуе бяспеку адпаведна расійскаму заканадаўству.

 “УкрСЕПРА” – знак украінскай маркіроўкі, які таксама гарантуе бяспеку.

 “ЕАС” – адзіны знак для ўсіх краін Еўразійскага эканамічнага саюза, выраб адказвае ўсім патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Саюза.

 Асаблівай увагі заслугоўвае знак С Е, паколькі ён сведчыць пра тое, што выраб адпавядае асноўным запатрабаванням дырэктыў і стандартам Еўрапейскага саюза, з’яўляецца бяспечным для здароўя і навакольнага асяроддзя.

 Ніякага дачынення да яго не мае знак СЕ (China Export), які азначае, што тавар быў выраблены ў Кітаі. Знакі нездарма лёгка пераблытаць – усё зроблена, каб увесці ў зман пакупніка, падсунуць няякасны і нават шкодны тавар. Будзьце пільнымі – шмат якія кітайскія вырабы небяспечныя!

Зрабі сам!

Добрая прыказка “хочаш зрабіць нешта добра – зрабі гэта сам” датычыцца і цацак. Так, лялька са старой шкарпэткі ці фігурка з салёнага цеста-пластыліну таксама спадабаюцца дзіцяці і могуць стаць героямі гульняў нават на некалькі гадоў. А як прыемна разам рабіць штонебудзь сваімі рукамі! Гэта карысна для развіцця фантазіі, паляпшэння адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі і для наваколля. Асаблівы крэатыў праявяць бацькі, якія зробяць цацкі з прыродных матэрыялаў. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».