Вы тут

Усё больш гараджан пераязджаюць жыць у вёскі


У Полацкім раёне кіраўнікі ўлады канстатуюць: усё больш гараджан пераязджаюць жыць у вёскі, што станоўча ўплывае на развіццё рэгіёна.


Не «наязджаць», а жыць

Сярод тых, хто «вяртаецца да каранёў», нямала пенсіянераў.

— Ужо прайшоў час, калі многія маладыя гараджане актыўна імкнуліся ў гарады, а вёскі «выміралі». Так, сёння ў раёне 4 вёскі, дзе не засталося жыхароў. Але казаць, што колькасць такіх населеных пунктаў будзе расці, могуць толькі песімісты. Усё больш прыкладаў, калі людзі выходзяць на пенсію і купляюць у сельскай мясцовасці дамы, каб жыць там пастаянна. Ды і грамадзяне працаздольнага ўзросту актыўна набываюць жыллё, хочуць працаваць на сваіх зямельных участках, — расказвае старшыня Полацкага райсавета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч.

Дарэчы, за 9 месяцаў года дадатковыя даходы раёна ад правядзення аўкцыёнаў на права арэнды зямлі склалі 9,3 тысячы рублёў. А зямельны падатак — на чацвёртым месцы па паступленні даходаў у бюджэт.

— Галоўныя крыніцы даходаў — падаходны падатак і падатак на дадатковую вартасць... За кошт мясцовых падаткаў і збораў бюджэт папоўніўся на 37,5 тысячы рублёў. Курортны збор склаў 19,7 тысячы рублёў, з нарыхтоўшчыкаў грыбоў і ягад — 4,5 тысячы рублёў, падатак за валоданне сабакамі — 13,3 тысячы, — растлумачыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Марыя Карасёва.

У цэлым уласныя даходы раённага бюджэту сёлета вышэйшыя за леташні ўзровень прыкладна на 20 працэнтаў. Гэта добрая тэндэнцыя для датацыйнага раёна.

Толькі займайцеся!

Мала хто ведае, што азёр на Полаччыне больш, чым на Браслаўшчыне.

— Іх у нас 320, нідзе столькі няма. Але на Браслаўшчыне агульная плошча азёр большая. Месцы ў нас найпрыгажэйшыя, асабліва на мяжы з Расіяй. Таму штогод распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты, — кажа Іосіф Грыбовіч.

Дзіўна, што так званых аграсядзіб у раёне параўнальна няшмат. Рэальна функцыянуюць усяго 23. Калі казаць пра іх уклад у папаўненне казны — за 9 месяцаў 273 рублі пералічылі. Гэта не шмат, бо ў свой час на ўзроўні кіраўніцтва краіны былі створаны самыя прывабныя ўмовы для энтузіястаў, якія пажадалі б займацца сельскім турызмам.

Славіцца полацкая зямля і багатымі лясамі — яны пакрываюць тэрыторыю раёна аж на 60%. Таму нямала тут нарыхтоўшчыкаў грыбоў і ягад, якія таксама плацяць падаткі ў мясцовы бюджэт.

— Грошы з падаткаў мы напрамую не атрымліваем: яны паступаюць у бюджэт раёна, — расказвае старшыня Палатоўскага сельскага Савета дэпутатаў Інга Казлова. І ў сваю чаргу прапануе завітаць у госці да земляка, былога гараджаніна.

«Новыя» вяскоўцы

Сяргей Зайцаў з вёскі Юравічы — адзін з тых, хто прамяняў горад на вёску. І не шкадуе.

У яго каля 50 авечак, ёсць і гусі. Раней разводзіў быкоў. Паказаў старую сельскагаспадарчую тэхніку, якой літаральна «надаў другое жыццё». Трактар па запчастках сабраў — з таго, што ледзь не стала металаломам.

Аднавяскоўцы вельмі яго паважаюць — Сяргей нікому не адмаўляе ў дапамозе па гаспадарцы, а зімой бясплатна чысціць ад снегу дарогі да жытла пенсіянераў.

У сельскім Савеце заўсёды рады працавітым навасёлам. Цяпер вось вядуць перамовы з сем'ямі з Брэсцкай вобласці, якія плануюць таксама сюды пераехаць. Іх вабіць зямля, багатая на тарфянікі — яна ідэальна падыходзіць для пасадкі буякоў, журавін і іншых культур... Людзі спадзяюцца на нармальныя заробкі. А гэта азначае, што ў мясцовы бюджэт паступяць дадатковыя падаткі, якія, у сваю чаргу, паспрыяюць развіццю тэрыторыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Полацкі раён

Загаловак у газеце: Прыцягненне глыбінкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».