Вы тут

Дэпутат Галіна Філіповіч: Да мяне прыходзяць з жыццёвымі пытаннямі


Светлагорск — адзін з самых маладых гарадоў нашай краіны. Тут шмат прадпрыемстваў, шмат актыўных і ініцыятыўных людзей. Пра тое, як там працуецца дэпутату і як атрымліваецца дапамагчы у рэалізацыі цікавых мясцовых праектаў, «МС» расказала Галіна ФІЛІПОВІЧ, дэпутат ад Светлагорскай выбарчай акругі №46, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.


— Чым, на вашу думку, адрозніваецца ваша выбарчая акруга ад іншых?

— Думаю, прынцыповых адрозненняў няма. Так атрымалася, што адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка акругі супадае з выбарчай акругай — гэта для мяне зручна. Я працую з адной адміністрацыяй раёна, з адной сістэмай органаў улады. Гэта людзі, з якімі мы ўжо на працягу многіх гадоў працавалі разам на розных пасадах, у розных галінах. У маёй выбарчай акрузе для працы дэпутата Палаты прадстаўнікоў больш станоўчых момантаў, паколькі і традыцыі раёна мне знаёмы з дзяцінства, і людзі.

Жыхары нашага раёна жывуць тым жыццём, якім жыве дзяржава, грамадства. Зразумела, што ў апошнія два гады на першае месца паднялася праблема занятасці — улічваючы, што мы маем буйную прамысловасць, дзе адбываюцца працэсы мадэрнізацыі, аптымізацыі. Сёння не так хутка ствараюцца новыя рабочыя месцы... Таму на першым плане ў зваротах знаходзяцца пытанні працоўнай занятасці.

Наступная тэма — будаўніцтва жылля. Гэты працэс у цэлым па краіне некалькі прытармазіўся.

Хацелася б таксама сёння не адставаць ад абласных цэнтраў, горада Мінска ў стварэнні інфраструктуры. Цяпер у рэспубліцы з'явілася шмат аб'ектаў, якія хацелася б мець у рэальнай даступнасці. Зараз жыхары Светлагорска зацікаўлены ўладкаваннем сучаснага парку адпачынку, куда можна было б пайсці з дзецьмі.

Зразумела, што большасць пажаданняў, зваротаў зводзяцца да эканомікі асобных прадпрыемстваў і раёна ў цэлым.

— Якія звароты вам запомніліся асабліва?

— Калі казаць пра нядаўнія, то я, відаць, адзначыла б такую тэму, як адкрыццё прыватных прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Мы, напрыклад, змаглі разам з прадпрыемствамі, арганізацыямі, нераўнадушнымі людзьмі зрабіць безбар'ернае асяроддзе для адной нядаўна адкрытай прыватнай творчай студыі, куды ў тым ліку для заняткаў жывапісам запрошаны і людзі-інваліды. Паставілі ўмову: заняткі для інвалідаў павінны быць бясплатнымі. Мая роля як дэпутата была каардынуючай.

Быў праект па адкрыцці прыватнай школы па футболе для дзетак ад трох да шасці гадоў. Нашы землякі выступілі заснавальнікамі гэтай школы. Мы вызначыліся, што роля дэпутата будзе не толькі ў тым, каб прыходзіць на святы, але і ў тым, што я выступлю заснавальнікам спецыяльнага прыза — каб мы ад імя Палаты прадстаўнікоў таксама маглі некага заахвоціць, напрыклад шматдзетную сям'ю ці таленавітае дзіця.

Такім чынам, ужо падчас працы дэпутатам шостага склікання ўдалося рэалізаваць два такія праекты.

Увогуле ж да мяне як да дэпутата прыходзяць з жыццёвымі пытаннямі. Выбудавана цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі органамі, службамі. Мая задача — аператыўнасць вырашэння.

— Вы выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў на другі тэрмін. Чым са сваіх дэпутацкіх дасягненняў ганарыцеся?

— У мінулыя чатыры гады разам з мясцовымі і дзяржаўнымі органамі ўлады мы прасунуліся ў плане газіфікацыі нашага раёна. Пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі, абласнога выканаўчага камітэта была скарэктавана праграма фінансавання газіфікацыі, і мы газіфікавалі гарадскі пасёлак Парычы, які да таго моманту заставаўся адзіным негазіфікаваным малым горадам у вобласці. Усё ўпіралася ў дарагі газаправод.

Падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі гучалі пытанні аб экалогіі. У нас ёсць суб'екты гаспадарання, якія патрабуюць сёння капітальных укладанняў. Разам з нашымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, службамі раёнаў мы абмяркоўваем, як правільна выбудаваць нашы дзеянні, каб заручыцца падтрымкай дзяржаўных рэспубліканскіх органаў улады ў вырашэнні шэрагу пытанняў экалагічнай накіраванасці.

— Відаць, да вас як да дэпутата часам прыходзяць людзі з заканадаўчымі ініцыятывамі. Што з іх атрымалася прапанаваць на абмеркаваннях у камісіях або нават рэалізаваць?

— Павінна сказаць, што сёння нашы грамадзяне не настолькі палітычна актыўныя ў плане заканадаўчай ініцыятывы... За мінулыя чатыры гады да мяне на прыём прыйшлі больш чым 580 грамадзян. З іх звароты толькі дзесяці мелі дачыненне да дзеючай заканадаўчай базы.

Асноўная тэма такіх зваротаў тычылася судавыканаўчай сістэмы: уступленне ў сілу рашэнняў судоў, іх выканання. Як правіла, гэта кампенсацыя маральнай, матэрыяльнай шкоды...

Быў адзін вельмі грунтоўны зварот, звязаны з неабходнасцю прыняцця ў нас закона «Аб развіцці пчалаводства» і ўвогуле рэгламентацыі ўсяго, што звязана з гэтай тэмай. Я накіравала пісьмы ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, у Міністэрства гандлю, у Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне пчалаводаў. Міністэрства гандлю зрэагавала вельмі аператыўна, яно правяло пашыраную нараду з запрашэннем вялікай колькасці зацікаўленых людзей, я таксама ўдзельнічала ў гэтай нарадзе. Вынікам стала рашэнне ўпарадкаваць гандаль мёдам, распрацаваць палажэнне аб правядзенні мядовых кірмашоў, якія апошнім часам атрымалі ў нас папулярнасць. Такім чынам, Мінгандлю рэгламентавала гэтую сферу.

Былі, безумоўна, пажаданні па пенсійнай сістэме. Калі гэтыя просьбы абагуліць, то можна сказаць, што людзі прасілі дыферэнцыраваць сам памер пенсіі ў прывязцы да працоўнага стажу. Першая спроба Міністэрства сацыяльнай абароны ўжо распачата. Сваёй пастановай яны зацвердзілі даплаты за максімальны працоўны стаж для мужчын і жанчын.

— Вы працуеце і з дэпутатамі мясцовых Саветаў. Якая іх роля сёння?

— Гэта асноўная сіла на месцах у рабоце з людзьмі. Мяркую, што пакуль у нас не да канца акрэсленая палітычная сістэма ў выглядзе партый, грамадскіх аб'яднанняў, якія яшчэ не ахопліваюць усе нашы тэрыторыі, думаю, адмаўляцца ад Саветаў дэпутатаў — заўчасна. Я ўваходжу ў рабочую групу пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, наша мэта — вывучыць, ці ў поўнай меры рэалізуюць паўнамоцтвы мясцовыя Саветы дэпутатаў у рамках закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Наша агульнае жаданне — убачыць праблемы, з якімі сутыкаюцца органы прадстаўнічай улады, аказаць садзейнічанне ў павышэнні іх статусу, ролі, значнасці і сярод насельніцтва, і сярод іншых органаў улады.

Думаю, рэалізацыя тэзіса, які неаднаразова паўтарае наш Прэзідэнт: улада павінна быць бліжэй да народа — цалкам магчымая праз органы мясцовага самакіравання. Пакуль альтэрнатыў ім няма.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Быць бліжэй да народа праз органы мясцовага самакіравання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».