Вы тут

Тры чалавекі патанулі з-за слабага лёду


Нядзеля стала апошнім днём у жыцці бацькі і сына з Бабруйскага раёна і пенсіянера з Чавусаў.


Як нам паведамілі ў Магілёўскім абласным савеце таварыства выратавання на водах, бацька з 34-гадовым сынам патанулі на возеры Тарасава паблізу ад вёскі Дубаўка Бабруйскага раёна. Пра няшчасны выпадак паведаміў знаёмы маладога чалавека, які прыехаў пазней. Тое, што здарылася бяда, ён зразумеў, калі патэлефанаваў сябру. Яго тэлефон адазваўся з курткі, якая ляжала на лёдзе. Целы патанулых паднялі ратавальнікі 4-й пажарна-аварыйнай часці Бабруйска дзесьці бліжэй да вечара. Шанцаў выжыць у мужчын не было, бо ніякіх спецыяльных сродкаў для выратавання яны з сабой не прыхапілі.

Да няшчаснага выпадку ў Чавусах таксама прывяло грэбаванне правіламі асабістай бяспекі. Трывогу па рыбаку забіла жонка, калі не змагла звязацца з мужам па тэлефоне. Патанулага знайшлі на дне кар'ера непадалёк ад палонкі, якую ён прабіў за сем метраў ад берага. Усе акалічнасці гібелі людзей высвятляюць следчыя.

А двум рыбакам, якія трапілі пад лёд на Цяцерынскім вадасховішчы каля вёскі Улужжа Круглянскага раёна, пашчасціла. Іх выратавалі супрацоўнікі МНС. З дыягназам «агульнае пераахаладжэнне» яны былі шпіталізаваны. Ёсць спадзяванне, што пацярпелыя зробяць для сябе правільныя высновы. Але, на жаль, гэта «хвароба» заразлівая. У мінулыя выхадныя аматараў экстрэмальнай рыбалкі можна было назіраць на затоцы ракі Днепр па вуліцы Фаціна. На заклікі ратавальнікаў быць разважлівымі падчас рыбнай лоўлі гэтыя фанаты не рэагуюць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ахвяры халоднай рыбалкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.