Вы тут

Як у Індыі змагаюцца з карупцыяй і тэрарызмам?


Апошнім часам навіны з Індыі аказаліся ў «топе» паведамленняў на стужках сусветных інфармагенцтваў. Пераважна з-за таго, што ў краіне праводзіцца даволі жорсткая грашовая рэформа, якую ўжо паспелі трапна ахрысціць «манетарнай камасутрай». Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі нечакана для многіх паведаміў пра рашэнне вывесці з абароту банкноты наміналам 500 і 1000 рупій (адпаведна 7 і 14 долараў). Гэта датычыцца практычна 86% усіх купюр — іх прапанавана абмяняць у банках на новыя. Асноўная мэта аперацыі — барацьба з карупцыяй, тэрарызмам і ўхіленнем ад выплаты падаткаў. Абмежаванняў на агульныя сумы абмену няма, але ўсе буйныя дэпазіты правяраюцца падатковай службай краіны. Такая «мяккая канфіскацыя» нелегальных даходаў, паводле ацэнак экспертаў, апроч іншага дазволіць скараціць бюджэтны дэфіцыт і інфляцыю. Разам з тым, ужо цяпер відавочна, што «трэш-рэформа» насамрэч пагражае Індыі сацыяльнай катастрофай, паколькі яна справакавала значную напружанасць у грамадстве, стала прычынай шэрагу смерцяў.


Паўночнае пасяджэнне

Роўна два тыдні таму — увечары 8 лістапада — урад Індыі быў сабраны на надзвычайнае пасяджэнне. Ва ўсіх адабралі сродкі сувязі. Выступленне прэм'ер-міністра Нарэндры Модзі мела эфект разарванай бомбы. Кіраўнік урада сканцэнтраваўся на некалькіх ключавых момантах неабходных рэформаў фінансавай сістэмы краіны. У прыватнасці, Модзі адзначыў, што амаль чвэрць (20—23 працэнты) нацыянальнай эканомікі, па падліках Сусветнага банка, знаходзяцца ў цені. Пры гэтым агульны ВУП Індыі летась склаў 4,9 трыльёна долараў. Ценявы фінансавы абарот, які знаходзіцца па-за межамі падаткаабкладання і кантролю дзяржавы, ацэньваецца прыкладна ў 1,6 трыльёна еўра ў год.

Ценявая эканоміка і ценявы фінансавы рынак не дазваляюць развівацца легальнай эканоміцы і тармозяць эканамічны рост праз нядобрасумленную канкурэнцыю. Гэта правакуе інфляцыю ў краіне і зніжэнне рэальных даходаў. Скарачаецца поле падаткаабкладання і павышаецца фіскальная нагрузка на легальных падаткаплацельшчыкаў. Карупцыя, фінансаванне тэрарызму, наркатрафіка, гандлю людзьмі і ўхіленне ад выплаты падаткаў у легальным фінансавым абароце немагчымыя альбо добра прыкметныя.

Вядома, ценявая фінансавая сістэма ў Індыі павінна быць знішчана. Каб вырашыць гэтую праблему асноўную масу наяўнасці варта размясціць у банках. Усе зберажэнні наяўных грошай будуць легалізаваны і задэклараваны. Асноўным спосабам разліку ва ўсёй краіне павінен быць безнаяўны, па картцы. Наяўныя застаюцца толькі для рознічных разлікаў.

У нуль гадзін 9 лістапада па ўсёй краіне пачалася аперацыя па поўным выключэнні з абароту наяўных грошай з наміналам у 500 і 1000 рупій. Ніякія махінацыі і любыя пераводы наяўных у безнаяўныя немагчымыя. Для зберажэнняў у банках ніякай пагрозы не існуе. Выдача наяўнасці дазволена, але толькі дробнымі купюрамі. Устаноўлены жорсткія ліміты на выдачу наяўнымі на перыяд да 31 снежня. Усю наяўнасць можна без праблем пакласці на рахунак у банку. Але фіскальныя органы правераць крыніцы паходжання гэтых сродкаў. Здача наяўных купюр у банк у суме да 200 тысяч рупій праверцы не падлягае. Пытанні могуць быць толькі да тых, хто здаў больш.

«Дайце мне 50 дзён!»

Гэты крок — спроба Модзі выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні спыніць ухіленне ад выплаты падаткаў і захоўванне капіталу за мяжой. «З аднаго боку, наша краіна займае першае месца ў свеце па ўзроўні эканамічнага росту, а з другога мы знаходзімся на 100-м месцы ў сусветным рэйтынгу карупцыі», — з горыччу сказаў ён некалькі гадоў таму. Модзі ўжо правёў праз парламент закон, які прадугледжвае дзесяцігадовае турэмнае зняволенне за ўхіленне ад выплаты падаткаў. У верасні падышоў да канца тэрмін падатковай амністыі, падчас якой удалося легалізаваць 650 мільярдаў рупій — 9,57 мільярда долараў. А два тыдні таму прэм'ер рашыўся на сапраўды шокавую рэформу.

«Я ведаю, на якія сілы я пайшоў. Я ведаю людзей, якія будуць цяпер супраць мяне. Я разграбаю тое, што яны нажылі за больш чым 70 гадоў (з моманту набыцця Індыяй незалежнасці. — Аўт.). Яны не дадуць мне жыць. Але дапамажыце мне на працягу 50 дзён. Краіна павінна проста дапамагчы мне на працягу 50 дзён, — звярнуўся Модзі да сваіх суграмадзян. — Хіба вы не прасілі мяне змагацца з «чорнымі грашыма»? Калі вы мяне папрасілі зрабіць гэта, павінен я гэта рабіць ці не? Адкажыце мне, калі вы папрасілі мяне, значыць, вы ўяўлялі, што будуць пэўныя нязручнасці». Гэтыя словы сталі першым яго публічным выступленнем з моманту пачатку скандальнай рэформы. Прычым Модзі паабяцаў працягнуць барацьбу з карупцыяй: «Гэта не канец. Я кажу вам адкрыта, гэта не кропка. У мяне ёсць ідэі некалькіх іншых праектаў, як спыніць махлярства і карупцыю ў краіне. Гэтыя праекты рыхтуюцца».

Паводле ацэнак індыйскага Цэнтрабанка, менавіта на банкноты 500 і 1000 рупій прыпадае большая частка наяўнай грашовай масы ў краіне — $224 млрд (каля 16,5 млн і 6,7 млн купюр адпаведна). Цяпер з-за складанай сістэмы рэгулявання і падаткаабкладання істотная доля трансакцый у краіне здзяйсняецца ў ценявой эканоміцы, яе аб'ём, па ацэнцы Ambіt Capіtal, складае больш за 30 трлн рупій. Барацьба з чорным рынкам пачалася пасля абрання Модзі, але аказалася не надта эфектыўнай. Напрыклад, амністыя капіталу, выведзенага за мяжу, сабрала ўсяго 26 млрд рупій. Паводле ацэнак экспертаў, цяперашні абмен купюр акажацца істотна больш эфектыўным і зможа вывесці з ценю да 4,6 трлн рупій. Больш за ўсё ад яго пацерпяць рынкі нерухомасці, ювелірных вырабаў і цэменту, мяркуюць аналітыкі Edelweіss. Старшыня ІІFL Holdіngs Ltd Нірмал Джэйн адзначыў, што гэтая мера акажа магутны ўплыў на «чорныя капіталы» ў Індыі. Сітуацыя, калі да трэці ўсіх купюр можа апынуцца па-за абаротам з-за немагчымасці пацвердзіць іх паходжанне, дазволіць скараціць цяперашні дэфіцыт бюджэту Індыі (3,9% ВУП) і памер інфляцыі (5,8%).

Трагедыя для вяскоўцаў

Рэформа ўжо выклікала фінансавыя праблемы ў турыстаў, а таксама беспарадкі ў чэргах да абменных пунктаў і банкаў. Больш за 200 тыс. банкаматаў не працавала, а ў тых, што працавалі, не хапала валюты ці яны не маглі выдаваць новыя банкноты вартасцю 2000 рупій. Дробных купюр амаль нідзе не засталося, таму асабліва тэмпераментныя грамадзяне гэтыя банкаматы часам ламаюць. Паралельна натоўпы штурмуюць банкаўскія аддзяленні, дзе яшчэ можна памяняць буйныя купюры на банкноты па 100 рупій або на новыя купюры па 2000 рупій. Аднак з новымі буйнымі купюрамі ў крамах таксама рабіць няма чаго: запас разменных банкнотаў усюды вычарпаўся, і прадаўцы банальна не могуць даць рэшту. Да аўтазаправак таксама цягнуцца гіганцкія чэргі.

Карупцыя — сістэмная праблема Індыі яшчэ з каланіяльных часоў. Кожны год індыйцы марнуюць на хабары каля 6 трыльёнаў рупій.

Але грашовая рэформа, прапанаваная Модзі, дазваляе змагацца з хабарніцтвам толькі на самых ніжніх, бытавых узроўнях. Яна створыць праблемы нячыстым на руку паліцэйскім, суддзям, урачам, дробным чыноўнікам. Палітыкам і міністрам, якія рэгулярна пападаюцца на мільярдных махінацыях з зямлёй, энерганосьбітамі, ліцэнзіямі і ваеннымі закупкамі, яна нічым не пагражае. Аператары вялікіх аб'ёмаў «чорнай наяўнасці» — карупцыянеры і лідары злачыннага свету — аддаюць перавагу ўкладанням у золата, нерухомасць і антыкварыят, а грошы захоўваюць не ў рупіях, а ў афшорах. Праўда, ва ўрада ёсць поспехі і на гэтым кірунку. Напрыклад, у Швейцарыі агульная колькасць індыйскіх укладаў за апошнія 15 гадоў прыкметна знізілася, і Індыя апусцілася з 37-га месца на 75-е ў рэйтынгу краін з найбольш вялікімі грашовымі запасамі, выведзенымі за мяжу. І ўсё ж індыйцы сукупна захоўваюць у Швейцарыі каля 1 трыльёна долараў, яшчэ сотні мільярдаў размеркаваліся па афшорах, прычым істотная частка дасталася Маўрыкію.

Сацыяльныя сеткі Індыі літаральна ўзарваліся ад хвалі абурэння. У той жа час многія грамадзяне краіны (у першую чаргу, адукаваныя) ухваляюць палітыку ўрада. Праблема «чорнай наяўнасці» традыцыйная для індыйскай эканомікі. Яна правакуе рост цэн і раскручвае інфляцыю, падсілкоўвае злачынцаў і тэрарыстаў. Усведамляючы гэтыя пагрозы, гарадское насельніцтва цярпліва перажывае нязручнасці і выказвае гатоўнасць часцей выкарыстоўваць банкаўскія рахункі і пластыкавыя карткі. Іншая справа, што менавіта для гараджан грашовая рэформа аказалася больш-менш пямяркоўнай.

У сельскай мясцовасці, дзе пражывае дзве трэці насельніцтва 1,3-мільярднай краіны, забарона на хаджэнне купюр сталася сапраўднай трагедыяй. Справа ў тым, што банкі проста не ў стане ахапіць усе населеныя пункты вялікай краіны. У мностве месцаў жыхары ніколі не выкарыстоўвалі ні пластыкавыя карткі, ні банкаматы. Ад найбліжэйшага аддзялення банка іх аддзяляюць дзясяткі кіламетраў. Да таго ж непісьменным сялянам немагчыма адкрыць свой банкаўскі рахунак, прачытаць дагавор і падпісаць яго. Тут, як і ў даўніну, мільёны людзей і расплачваюцца гатоўкай, і збіраюць яе на чорны дзень. Продаж ураджаю, дома або ўчастка зямлі можа прынесці селяніну мільёны рупій, якія ён захоўвае ў скарбонцы. Зараз усе гэтыя масы наяўнасці абясцэніліся ў адзін момант.

Наколькі пацярпела ценявая эканоміка, пакуль сказаць цяжка, але што пацярпела эканоміка — гэта дакладна. Непрацуючыя банкаматы, чэргі ў банках і паніка грамадзян, якія наіўна захоўвалі зберажэнні ў рупіях, — пакуль асноўныя дасягненні грашовай рэформы. Кошт праведзенай работы па замене амаль усёй наяўнасці ў краіне, калапс дробнага гандлю, дзе немагчыма выкарыстоўваць безнаяўныя плацяжы, а галоўнае страта даверу да нацыянальнай валюты — гэтыя негатыўныя наступствы могуць на парадак пераўзыходзіць атрыманы дзяржавай «прыбытак».

Высокая верагоднасць таго, што шокавую рэформу напаткае лёс дакладна такога ж грашовага абмену, які ўлады Індыі задумалі ў 1978 годзе. Тады з абароту вырашана было выключыць «грошы хабарнікаў» — банкноты наміналам 5000 і 10 000 рупій. На карупцыю гэта ніяк не паўплывала, а вось эканамічны рост замарудзіла надоўга.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Чыстая рупія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.