Вы тут

Нашы ялавічына і «малочка» едуць у Кітай


Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь лідзіруе сярод краін СНД па вытворчасці на душу насельніцтва бульбы, мяса, малака і яек. Па сярэднедушавой вытворчасці збожжа наша краіна займае трэцяе месца пасля Украіны і Казахстана. Чым сёння жыве аграпрамысловы комплекс краіны, аб дасягненнях галіны і планах на будучыню расказвае міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.


— Гэты год стаў даволі складаным для эканомікі краіны. Аднак, калі ў прамысловасці існуе пэўнае «прабуксоўванне», то ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі сёлета назіраецца станоўчая дынаміка.

— Гэта сапраўды так. У студзені—кастрычніку вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ў супастаўных цэнах амаль на 4%. Сёлета мы павялічылі на 100 тысяч тон вытворчасць малака за кошт росту прадукцыйнасці дойнага статка і прыбавілі па вытворчасці мяса больш чым на 18 тысяч тон. Увогуле, галіна цалкам забяспечвае ўнутраны рынак прадуктамі харчавання.

Адзначу, што добрыя паказчыкі ў раслінаводстве былі дасягнуты дзякуючы павелічэнню прадукцыі цукровых буракоў. Сярэдняя ўраджайнасць склала 447 цэнтнераў з гектара, што на 111 цэнтнераў вышэй за ўзровень мінулага года. А гэта, у сваю чаргу, павінна прывесці да павелічэння вытворчасці цукру на 51 тысячу тон. Сёлета плануем атрымаць яго ў аб'ёме 530 тысяч тон.

Па стане на 1 лістапада ў сельскагаспадарчых арганізацыях краіны намалочана збожжа ў першапачаткова апрыходаванай вазе 7 млн тон пры сярэдняй ураджайнасці 33,2 ц/га. Бульбы накапана больш за 916 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 250 ц/га, супраць 215 ц/га летась. Сёлета амаль на 12% павялічылася вытворчасць агародніны ў параўнанні з адпаведнай датай мінулага года: 192 тысячы тон, пры сярэдняй ураджайнасці 271 ц/га. Гэта сур'ёзныя лічбы.

— Наколькі паспяхова мы прадаём сваю сельскагаспадарчую прадукцыю за мяжу?

— Сёлета забяспечанасць краіны па мясе складае 133% і 217% — па малаку. Менавіта таму па выніках 9 месяцаў года прадпрыемствам галіны ўдалося прадаць мяса-малочнай прадукцыі на 1 млрд 850 млн долараў, што складае 99,3% ад узроўню 2015 года. Пакуль крыху не дабіраем, але... Цяпер цэны на прадукты харчавання на знешніх рынках павялічваюцца, таму і сітуацыя з агульным прыбыткам ад такіх паставак будзе пакрысе выпраўляцца.

— Часам кажуць, што нашы прадукты пастаўляюцца ў Расію вельмі танна і амаль без «навару», толькі каб не згубіць гэты рынак.

— Сельскагаспадарчая прадукцыя, якая накіроўваецца на знешнія рынкі, рэалізуецца з добрым прыбыткам. Напрыклад, ялавічына прадаецца за мяжу з рэнтабельнасцю 21%, сыр — 28%—30%, сметанковае масла — больш за 20%. Увогуле адзначу, што кожны кілаграм малочнай прадукцыі, які мы пастаўляем на экспарт, прыносіць краіне нядрэнны даход. Напрыклад, прыбытак ад продажу адной тоны ялавічыны за мяжу складае ў сярэднім 744 долары, ад тоны сыру — 1200—1300 долараў, масла — 1600 долараў. Менавіта такі сур'ёзны даход і з'яўляецца дадатковым стымулам нашым перапрацоўчым прадпрыемствам для далейшага развіцця экспарту, з паралельнай мадэрнізацыяй вытворчасцяў і паляпшэннем якасці прадукцыі.

— Кіраўніцтвам краіны перад галіной была пастаўлена задача не толькі пашыраць сваю прысутнасць на рынках суседніх краін, але і шукаць новых спажыўцоў нашай прадукцыі. Што ўжо цяпер зроблена ў гэтым кірунку?

— Беларускія прадукты харчавання прадаюцца ў 58 краін свету. Сёлета ў гэты спіс мы прыплюсавалі 7 новых краін. Актыўна асвойваюцца перспектыўныя рынкі трэціх краін, так званай далёкай дугі. Напрыклад, 34 беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы былі сертыфікаваны і атрымалі права пастаўляць сваю прадукцыю ў Кітай. Актыўна на гэтым рынку пачынаюць працаваць такія вядомыя за мяжой прадпрыемствы, як «Савушкін прадукт», «Бабуліна крынка» і «Беллакт». Апошняя пастаўляе ў Кітай дзіцячае харчаванне.

Днямі Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне па якасці Кітая сертыфікавала 4 беларускія мясакамбінаты з Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Цяпер разглядаецца пытанне аб выдачы дазволаў Беларусі на пастаўку з гэтых камбінатаў ялавічыны на кітайскі рынак. Гэта пазіцыя для нашых вытворцаў лічыцца вельмі цікавай. Ужо налета Беларусь плануе адправіць у Кітай першыя партыі айчыннай ялавічыны. Затым будзем сертыфікаваць птушкагадоўчыя гаспадаркі, каб прадаваць у Паднябеснай і мяса птушкі.

У 2015 годзе ў краіне было выраблена 121 кілаграм мяса і мясапрадуктаў на душу насельніцтва, а спажыванне было на ўзроўні 89 кілаграмаў. Спецыялісты падлічылі, што па вытворчасці мяса на душу насельніцтва Беларусь саступае толькі Нідэрландам, ЗША і Канадзе. Паводле папярэдніх звестак, да 2020 года наша доля ў сусветнай вытворчасці застанецца нязменнай. У той жа час вытворчасць і экспарт плануецца істотна павялічыць.

— Цяпер шмат гавораць аб арганічнай прадукцыі...

— Закон аб арганічнай прадукцыі можа запрацаваць у Беларусі ўжо ў лістападзе наступнага года. Гэта таксама перспектыўны напрамак. Аднак спачатку трэба вызначыцца, што такое арганічная прадукцыя: мясная або прадукцыя земляробства, і толькі потым забяспечваць такім вытворцам дзяржаўную падтрымку.

Але сёння гэта прадукцыя не для масавага спажыўца. Тут трэба разумець, што ва ўсім свеце арганічны прадукт цэніцца, аднак і мае высокі кошт. Пры гэтым, кажучы пра перспектывы распаўсюджвання закона, неабходна адзначыць, што гаворка ідзе пра абмежаваную колькасць такога прадукту. Каб задаволіць патрэбы насельніцтва, нам неабходна вырабляць каля 10 млн тон хлеба. Таму земляробства ў аснове сваёй павінна быць экалагічна інтэнсіўным, такім, каб не парушаць прыроду і забяспечваць якасць прадукцыі без празмернага ўжывання ядахімікатаў, пестыцыдаў, нітратаў і інш.

— Галоўным нашым гандлёвым партнёрам з'яўляецца Расія, але час ад часу ўзнікаюць абмежаванні на пастаўку нашага харчавання на гэты рынак. Як вырашаюцца праблемы?

— Тэма аб зняцці часовых абмежаванняў на пастаўкі малочнай прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў на рынак Расіі абмяркоўвалася ў Маскве на сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі дзвюх краін. З боку міністра сельскай гаспадаркі Расіі прынята рашэнне даручыць Рассельгаснагляду ўважліва паглядзець на гэтыя прадпрыемствы і прыняць рашэнне аб аднаўленні паставак беларускай прадукцыі. Калі казаць аб больш далёкай перспектыве, то прагнозныя балансы паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію плануецца зацвердзіць налета ў лютым. У прыватнасці, у 2017 годзе на расійскі рынак мяркуецца паставіць 4,1 млн тон малака і малакапрадуктаў, а таксама звыш 300 тысяч тон мяса і мясапрадуктаў.

Сельскагаспадарчыя землі ў краіне займаюць плошчу 8,6 млн га, або амаль 41% агульнай тэрыторыі. У сельскай гаспадарцы краіны занята каля 8% агульнай колькасці тых, хто працуе ў эканоміцы, вырабляецца 7% валавога ўнутранага прадукту. За апошнія 5 гадоў аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый павялічыўся на 8,8%, у тым ліку прадукцыі раслінаводства — на 5,2%, жывёлагадоўлі — на 10,2%. Асноўны ўклад у вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ўносяць сельскагаспадарчыя арганізацыі і сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, на долю якіх прыпадае больш за 79% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці штогод адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Развівацца за кошт экспарту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.