Вы тут

Мікалай Арцюшкевіч: Летась мы пабудавалі 4 малочнатаварныя фермы


Як кажа кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, крызіс не ў эканоміцы, а найперш у галовах людзей. Згодны з гэтым сцвярджэннем і старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч. Нягледзячы на пэўныя складанасці, жыццё не стаіць на месцы: у раёне развіваецца прамысловасць, сельская гаспадарка, з'яўляюцца новыя прадпрыемствы, ствараюцца рабочыя месцы.


— Будаваць маюць магчымасць усе гаспадаркі нашай вобласці. Старшыня Мінаблвыканкама прыняў рашэнне аб фінансаванні вытворчасці жалезабетонных канструкцый за кошт абласнога бюджэту. Летась мы пабудавалі 4 малочнатаварныя фермы. Сёлета пачалі ўзводзіць яшчэ 4 жывёлагадоўчыя комплексы: у адкрытых акцыянерных таварыствах «Маяк-78», «Крутагор'е-Петкавічы», філіяле «ММК-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі мясакамбінат» на 600 галоў і ў вёсцы Баравікі на тысячу, — расказвае кіраўнік раёна. — Практычна штогод мы павялічваем і пагалоўе буйной рагатай жывёлы, надоі. Сёлета надой на адну карову наблізіцца да 7 тыс. кілаграмаў, гэта на 268 кілаграмаў больш, чым летась. Валавая вытворчасць малака перавысіць 100 тыс. тон (107% да леташніх паказчыкаў). Гэта добры падмурак для сельгаспрадпрыемстваў, якія змогуць больш эфектыўна вырашаць свае фінансавыя пытанні, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, паколькі малако — тая прадукцыя, якая штодзень прадаецца і за яе налічваюцца грошы. Вялікую ўвагу надаём здароўю жывёлы, бо любая хвароба павялічвае колькасць саматычных клетак, што ўплывае на якасць малака. Менавіта на гэты аспект мы зрабілі ўхіл для таго, каб прадукцыю прымалі ўсе перапрацоўчыя прадпрыемствы і яно цанілася па максімальным кошце. Калі ў гаспадарках ёсць грошы на рахунку, то яны маюць магчымасць набываць усё неабходнае для ўкаранення сучасных тэхналогій. І такім чынам быць самадастатковымі для вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з мінулым годам таксама «падраслі». Летась яны былі на ўзроўні 581 грам, у гэтым годзе — ужо 652 грамы. І мы будзем павялічваць пагалоўе свіней. Сёлета ўвялі свінакомплекс у вёсцы Данілавічы на 24 тысячы галоў, цяпер яго запаўняем парсючкамі. Адначасова дабудоўваем камбікормавы цэх. У будучым годзе пачнём выпускаць таварную прадукцыю.

— Мікалай Іванавіч, Дзяржынскі раён прыцягальны для інвестараў: блізкасць да сталіцы, зручныя пад'язныя шляхі — аўтатраса М1, чыгунка. Якія прадпрыемствы адкрыліся апошнім часам тут, якія ў планах?

— У раёне з'явілася нямала новых прадпрыемстваў. Сёлета ўведзены ў дзеянне «Амкадор-Эластамер», які спецыялізуецца на гумавых тэхнічных вырабах для гігантаў айчыннага машынабудавання: Мінскага трактарнага завода, Мінскага аўтамабільнага завода, «Гомсельмаша». Стратэгія кампаніі — імпартазамяшчэнне і продаж на экспарт.

У вёсцы Станькава адкрыты Цэнтр упраўлення касмічнымі палётамі. Гэта беларуска-кітайскі праект па стварэнні нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання. Ён экспартаарыентаваны. Інфармацыя, якая паступае са спадарожніка, будзе прадавацца за мяжу. Сістэма будавалася ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі, і дзяржава аказвала дапамогу. У Цэнтры створана 50 новых рабочых месцаў.

Кампанія «Антынея Форм» рэалізуе інвестыцыйны праект па вырабе паралону і гарсэтных чаш у Станькаве. Новая вытворчасць носіць імпартазамяшчальны характар. Тут ужо ўстанаўліваецца абсталяванне, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Прадпрыемства плануецца запусціць да канца года. На першым этапе тут прапануецца дзесьці 50—60 рабочых месцаў. У будучым магчыма расшырэнне.

Заканчваецца будаўніцтва завода па выпуску воданагравальных прыбораў «ФераліБел». Гэтая кампанія — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці ацяпляльнай тэхнікі, мае свае падраздзяленні і прадпрыемствы ў Італіі, Германіі, Іспаніі, Кітаі.

У лістападзе плануецца ўвесці ў дзеянне прадпрыемства па вытворчасці і апрацоўцы металу фірмы «ДЭЛІО-М». У Дзяржынску завяршаецца будаўніцтва прадпрыемства па выпуску машын для ачысткі зерня «Элезер».

Так што, у раёне ўзнікаюць новыя вытворчасці, на старых праводзіцца рэканструкцыя, купляецца сучаснае абсталяванне. А гэта дадатковыя рабочыя месцы, новыя віды прадукцыі.

— І, вядома, добры падмурак для вырашэння сацыяльных пытанняў, паляпшэння якасці жыцця людзей. Ці не так, Мікалай Іванавіч?

— Вядома, так. У раёне актыўна будуецца жыллё. Толькі ў Дзяржынску і Фаніпалі — 8—10 шматпавярховікаў. З 2012 года спынена фарміраванне жыллёвых кааператываў, але мы пайшлі іншым шляхам. Прадалі на аўкцыёне зямельныя ўчасткі будаўнічым арганізацыям, якія маюць магчымасць узводзіць дамы за ўласныя сродкі або за кошт долевых адлічэнняў. Сёлета здадзены 4 шматпавярховыя дамы, у тым ліку адзін у Дзяржынску. Такім чынам, нам удалося не зменшыць аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва ў параўнанні з папярэднімі гадамі. І сёлета ўвядзём у дзеянне каля 80 тыс. квадратных метраў. Думаю, і надалей будзем прытрымлівацца гэтага ўзроўню. У нас станоўчая дэмаграфічная сітуацыя — нараджальнасць вышэйшая, чым смяротнасць. Прырост насельніцтва назіраецца і за кошт прыбыцця насельніцтва з іншых рэгіёнаў. Спрыяе гэтаму продаж кватэр у новых дамах усім жадаючым. Таму нам трэба развіваць сацыяльную сферу. У 2015 годзе мы адкрылі дзіцячыя сады ў Дзяржынску і Фаніпалі. Але месцаў у дашкольных дзіцячых установах не хапае. У наступным годзе плануем пабудаваць яшчэ адзін дзіцячы сад, а таксама басейн у Фаніпалі. Падчас наведвання раёна кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Косінцам жыхары прасілі яго пасадзейнічаць у гэтым. У выніку было прынята рашэнне па ўзвядзенні аб'ектаў.

Мы рыхтуем дакументацыю, акты па выбары месца іх размяшчэння. І калі ўсё атрымаецца з фінансаваннем, то да першага верасня 2017 года пастараемся адкрыць дзіцячы сад і басейн. Аляксандр Мікалаевіч даручыў таксама правесці рэканструкцыю школьнага стадыёна. Да пачатку наступнага навучальнага года павінны правесці ўсе неабходныя работы.

Загаловак у газеце: Хто працуе, той сам сябе мацуе

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.