Вы тут

У ракетчыкаў і артылерыстаў няма права на памылку


Нават у XXІ стагоддзі па магутнасці артылерыя па-ранейшаму не ўступае ніякай іншай, нават суперсучаснай, зброі. Менавіта дзякуючы артылерыі на полі бою вырашалася большасць агнявых задач, ад яе залежаў вынік шматлікіх бітваў. Прыгадаць толькі контрнаступленне савецкіх войск пад Сталінградам 19 лістапада 1942 года, калі тысячы гармат пачалі бой, які вырашыў ход Вялікай Айчыннай вайны.


Сёння ракетныя войскі і артылерыя, якую народ справядліва ахрысціў «богам вайны», з'яўляюцца надзейным агнявым шчытом, які ахоўвае спакой жыхароў нашай краіны. Напярэдадні прафесійнага свята на пытанні «Звязды» адказаў начальнік ракетных войск і артылерыі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення ракетных войск і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Генадзь КАЗЛОЎСКІ.

— Генадзь Мікалаевіч, рашаючая роля ў агнявым паражэнні традыцыйна належыць ракетным войскам і артылерыі. Менавіта за артылерыяй — галоўны ўнёсак у рашаючыя бітвы апошніх стагоддзяў. Наколькі важна сёння трымаць порах сухім?

— Сучасныя абставіны ў свеце паказваюць, што то тут, то там узнікаюць ачагі напружанасці, якія потым перарастаюць ва ўзброеныя канфлікты, лакальныя войны. Мы бачым, што ўсюды вырашальную ролю адыгрывае далёкае агнявое паражэнне, бескантактнае ваеннае дзеянне, аснову якіх складаюць ракетныя войскі, артылерыя і, канешне, авіяцыя. У любое надвор'е, днём і ноччу мы гатовы выканаць задачу па прызначэнні. Але сёння не той час, калі ў момант яе выканання знішчаліся цэлыя гарады. Сучасная тэхніка здольная наносіць дакладныя ўдары, каб не прычыніць шкоды ў першую чаргу цывільнаму насельніцтву, а таксама інфраструктуры гарадоў, іншых населеных пунктаў, дзяржавы ў цэлым. Мы бачылі, што ў ходзе ўзброенага канфлікту ва Украіне, як з аднаго боку, так і з другога, у мэтах прыкрыцця выкарыстоўвалі грамадзянскія аб'екты, каб абцяжарыць нанясенне ўдару тым, хто ваюе супраць іх, у выніку чаго пацярпелі мірныя людзі. Вайна — брудная справа. Усё залежыць ад мудрасці, сумленнасці і справядлівасці кіраўніка: ад вышэйшага звяна да камандзіра ўзвода, які будзе прымаць непасрэднае рашэнне па нанясенні ракетнага ўдару або навядзенні агню артылерыі.

— Ці абапіраецца падрыхтоўка злучэнняў, вайсковых часцей і падраздзяленняў ракетных войск і артылерыі на вопыт войнаў і ўзброеных канфліктаў сучаснасці?

— Безумоўна, мы вывучаем сучасныя войны і ўзброеныя канфлікты і выкарыстоўваем гэта ў баявой падрыхтоўцы ўсіх часцей і падраздзяленняў, афіцэрскіх кадраў ва ўстановах адукацыі нашай краіны. Лепш вучыцца на адмоўных памылках іншых, чым на сваіх. Але вывучаючы новы вопыт, нельга забываць пра непарушныя догмы, якія актуальныя ў любы час. Гэта як тэарэма Піфагора, якая ва ўсе часы будзе нязменнай. Непарушныя прынцыпы ў ваенным мастацтве могуць у той ці іншы бок мяняць свой акцэнт, але ў цэлым застаюцца актуальнымі і сёння, і ў перспектыве.

— Артылерыя прайшла шлях ад прымітыўнай зброі XІV стагоддзя да сучасных ракетных комплексаў і артылерыйскіх сістэм, якія здольныя наносіць удары разбуральнай сілы. За якім узбраеннем будучыня ракетных войск і артылерыі?

— За дакладным, магутным, дальнабойным. Увогуле развіццё ракетных войск і артылерыі ідзе па трох кірунках. Па-першае, павелічэнне прасторавых магчымасцяў — гэта значыць, далёкасці паражэння. Па-другое, дакладнасць. І па-трэцяе, аператыўнасць, або час падрыхтоўкі да нанясення ўдару.

Прыкладам развіцця ў бок павелічэння далёкасці з'яўляюцца новыя сістэмы залпавага агню «Паланэз», сёлета прынятыя на ўзбраенне. Яны адпавядаюць і высокім характарыстыкам дакладнасці. Акрамя таго, сучаснае ўзбраенне ракетных войск і артылерыі адметнае прымяненнем высокадакладных боепрыпасаў, аўтаматызаваных сістэм кіравання, стварэннем высокаэфектыўнай разведвальна-агнявой сістэмы ракетных войск і артылерыі, заснаванай на камплексаванні сродкаў паражэння і сродкаў разведкі ў адзіным інфармацыйным полі. Акрамя вытворчасці айчыннага ўзбраення і тэхнікі, закупкі іх у іншых краінах, мы займаемся мадэрнізацыяй той зброі, якая існуе. Цяпер, напрыклад, шчыльна працуем над мадэрнізацыяй мінамётных комплексаў «Сані», якія ўжо сёлета паступяць у войскі.

— Навейшая сістэма залпавага агню «Паланэз» — своеасаблівы прарыў айчыннага ВПК. Як адбываецца асваенне тэхнікі?

— У чэрвені асабовым складам ракетных войск і артылерыі Узброеных Сіл паспяхова праведзены баявыя пускі дадзенай сістэмы. Вынік — высокі. Час падрыхтоўкі да нанясення ўдару — супервыдатны. Асабовы склад ужо поўнасцю асвоіў тэхніку і практычна гатовы да яе прымянення ў любых умовах.

— Ва Узброеных Сілах Беларусі год завяршаецца ў гэтым месяцы. Якім ён быў для ракетных войск і артылерыі?

— Як і ўвогуле для ўзброеных сіл, ён быў вельмі напружаны. Акрамя таго, што нам даводзілася выпрабоўваць і асвойваць новую сістэму залпавага агню «Паланэз», мы ўдзельнічалі ў камандна-штабных вучэннях ракетных войск і артылерыі з баявымі пускамі ракетных і рэактыўных сістэм залпавага агню, артылерыйскіх дальнабойных сістэм, у тактычных вучэннях, кантрольных занятках з часцямі і воінскімі падраздзяленнямі, палявых выхадах і ў вялікай колькасці спаборніцтваў. Апагеем усіх мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі ракетных войск і артылерыі сталі камандна-штабныя вучэнні ўзброеных сіл. Такім чынам, адпачываць не было калі, але вынікі дасягнуты высокія.

— Наступны год пройдзе пад знакам якасці...

— І будзе яшчэ больш напружаным і адказным. Знакавая падзея — сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017», якое пройдзе на нашай тэрыторыі. Увесь той спектр баявой падрыхтоўкі, які быў сёлета, нам належыць здзейсніць і ў наступным годзе. Пастаўлены задачы па асваенні новага ўзбраення, якое паступіць у войскі. Акрамя таго, мы будзем рыхтавацца і прымем удзел у Армейскіх міжнародных гульнях — 2017. У мінулым годзе нашы падраздзяленні ўдзельнічалі ў конкурсе «Майстар артылерыйскага агню». У напружанай барацьбе (лік ішоў на секунды) нашу каманду абышлі прадстаўнікі расійскай і кітайскай каманд. У наступным годзе мы возьмем удзел у гэтым жа конкурсе, але ўжо на мадэрнізаваных мінамётных комплексах «Сані», і плануем перамагчы.

— У савецкі час служыць у ракетных войсках і артылерыі лічылася надзвычай ганарова. Сённяшнія юнакі ў асноўным мараць пра блакітныя берэты...

— Артылерыя цесна звязана з такімі высокадакладнымі навукамі, як матэматыка, геаметрыя, трыганаметрыя. І калі прыехаць на баявую пазіцыю, то можна ўбачыць, што нават камандзір гарматы вылічвае пэўныя формулы. Тэарэма сінусаў для артылерыста — тое ж, што і табліца множання для звычайнага чалавека. Мы аперыруем складанымі геаметрычнымі, трыгаметрычнымі формуламі для правядзення разлікаў удару. Акрамя таго, трэба разлічыць атмасфернае ўздзеянне, хуткасць і кірунак ветру, кручэнне Зямлі, тэмпературу паветра, яго вільготнасць. Цяжка служыць у ракетных войсках і артылерыі, вучыцца таксама. Артылерыйская навука абавязвае афіцэра быць дакладным і педантычным, бо мы страляем праз галаву сваіх жа войск, дзе памылка можа прывесці да трагедыі. Ракетчыкі і артылерысты — адмысловыя кадры, «інтэлігенцыя» ўзброеных сіл

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Агнявы шчыт краіны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.