Вы тут

Сяргей Панізнік падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчу з Яўгеніяй Янішчыц


Гэтымі днямі ёй магло б споўніцца 68. Паэтка, якая доўгія гады нават пасля смерці застаецца ў ліку самых таленавітых жанчын у беларускай літаратуры. Яе любяць, помняць, яе вершы чытаюць і перачытваюць, вывучаюць. Трагічная і разам з тым надзвычай светлая постаць Яўгеніі Янішчыц назаўсёды будзе зіхацець яркай зоркай на небасхіле беларускай паэзіі, жыць у сваіх кнігах і ў памяці сучаснікаў. Выключна для «Звязды» сваімі ўспамінамі пра першую сустрэчу з паэткай, тады яшчэ зусім маладой дзяўчынай, падзяліўся Сяргей Панізнік.


Жэ­ня Яні­шчыц  на бе­ра­зе  рэч­кі Ясель­да.  Жні­вень 1965 г.

Дарога да Жэні Янішчыц

У канцы лета 1965 года закончылася мая журналісцкая практыка ў газеце 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі ва Уруччы. Узгадаю, што сяржант гэтай дывізіі ў жніўні 1963 года стаў у Львове курсантам факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча СА і ВМФ. Яшчэ вясной 1965 года ўдалося выпрасіцца на стажыроўку ў «родную» мне дывізію, а папраўдзе — нацешыцца радзімай. У Львоў вырашыў вяртацца праз Баранавічы, каб потым на патрэбнай развілцы накіравацца ў бок Пінска. А на Ясельдзе знайсці Жэню Янішчыц. Зацікавілі першыя публікацыі яе вершаў у рэспубліканскім друку, захацелася ўбачыць гэтага самародка. Як усё адбывалася больш за паўсотню гадоў таму, расшыфроўваю зярняткі радкоў з курсанцкай «захаляўнай» кніжкі.

Дзень першы

У Баранавічах — непаразуменне. На галоўнай станцыі — «Палескай» — цягнік не спыніўся. Завезлі на «Цэнтральную». Адтуль аўтобусам вярнуўся назад. За Баранавічамі сеў на грузавічок і паехаў да Ляхавіч. Калі праязджаў Шчару, то па абодва бакі было добра бачна, як чарнеюць байніцамі доты. Хлопец-шафёр гаворыць, што тут у часы Першай сусветнай вайны тры гады фронт стаяў. На маім працяглым шляху вёска Свяціца — апошняя з населеных пунктаў па дарозе ад Ляхавіч да Ліпска. Мяне зацікавіла тая Свяціца вось чаму. У Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва паказалі Біблію Скарыны, мноства беларускіх старадрукаў, якія набыў у свой час Іларыён Свянціцкі, стварыўшы тым самым «Беларускі аддзел».

Першапачатковае прозвішча яго — Свяціцкі. Бацька Сямён Свяціцкі служыў святаром. І была згадка, што продкі яго — з ваколіц Выганаўскага возера, якое мела ў ХІХ ст. назву Свяціца. А тут мне напаткалася вёска Свяціца — даўняе ўладанне Радзівілаў.

У Ліпску мяне высадзілі. Сем кіламетраў да Тухавіч ішоў па лесе. У вёсцы дазволілі пераначаваць на гарышчы. Развітаўся з гаспадыняй хаты і маці дзетак Зінай Пацукевіч. Пачалася новая дарога.

Дзень другі

І вось я сяджу ў рыбацкай халупе. Хлопчык пакарміў мяне. Мы пакупаліся ў канале Агінскага. Маторная лодка павязе мяне бліжэй да вечара. Прыйшоў час гатаваць перакус. Я начысціў бульбы. «А яшчэ будзе суп з гарохам», — кажа мой кармілец.

Маторкай я праехаў 10 кіламетраў. Далей канал перасох. А да Целяханаў, мне сказалі, дабірацца ажно 12 вёрст. Рушыў у патрэбным кірунку. Дзесьці ў лесе заўважыў вышку. Агледзеў з яе ўсю мясцовасць. Не так далёка прыкмеціў будыніны. Рукзак скручвае плечы. Не дапамагае і процівага яму — «Спідола».

Аказваецца, першай вёскай стала перада мной Вулька-Целяханская. Побач — возера. Заначаваў у добрых людзей.

Дзень трэці

І вось я сяджу каля ліпы ў Целяханах. Сто вёрст ад Баранавіч — гэта калі напрамкі... Чакаю папутку. З малодшым сяржантам-міліцыянерам даехаў да Лагішына. Далей ён ехаць не захацеў — натросся ў кузаве. А я на спыненай ім машыне даязджаю да Ясельды. Адпраўляюся ў бок Парэчча, на землі Агінскіх—Скірмунтаў. Вёска цікавая, але мне сказалі, што Жэню трэба шукаць у Рудцы, за пяць кіламетраў адсюль...

Прыйшлося пехатою вяртацца назад. Па дарозе сустрэўся з аўтобусам, у якім, як пазней даведаўся, ехала Жэня з Рудкі ў Парэчча. А ў вёсцы Рудка я знайшоў яе дом, але Жэні там не аказалася: мы размінуліся. Мяне сустрэла яе мама — лагодная, усмешлівая жанчына. Паказала Жэніны сшыткі. Сяджу, чытаю, перапісваю... Надта ж спадабаўся яе верш «Лівень». Уразіла:

Я найшчаслівая з самых шчаслівых,

Я — у дарозе вечнай...

Пасля параўнання: «Лівень, лівень! Мой добры хлопчык...» закранула і такое:

Сэрца ў грудзях — маленькі гармонік,

Крыху дзёрзкі і бесклапотны.

Дзяўчыне яшчэ і сямнаццаці няма, а творы вельмі «дарослыя». Перапісаў радкі з верша «Пісьмо да настаўніцы»:

Абяцаю, што ўсё асілю я,

З непрыкметным не выйду ў свет.

Верце мне, Кацярына Васільеўна,

Без трывогі і без прыкмет.

Я паспеў перапісаць у свой сшытак і такія вершы Жэні: «Хутка вернешся», «Раўчукі», «Дарогі»... У апошнім — спадзяванні аўтара на будучыню, у якой

...І зайграюць гармонікам

Пасівелыя вёсны.

Верыць аўтар, што прыйдзе час, калі

Раптам сэрцам адчую я,

Як не згасла каханне.

А я што РАПТАМ адчуў? Раптам убягае ў хату дзяўчынка. Спытаў спачатку, ашаломлены: «Жэня?» Адказвае: «Так!» Знаёмлюся: «Панізнік...»

Такая жывая, па-добраму смешная дзяўчынка стаяла перада мною. Нават не верылася, што гэта яна, Жэня, можа пісаць такія кранальныя вершы. Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спыняецца. Ад Жэні я дазнаўся пра цікавы альманах «Ясельда» і што ў газеце «Полесская правда» за 11 красавіка 1964 года пра яе пісалі як пра маладую паэтку, якую любяць «за открытый, восторженный характер». Пацікавіўся, а з якой нагоды пачалося ў Жэні захапленне вершамі? Дазнаўся, што ў школе рыхтаваліся правесці вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Ёй прапанавалі прачытаць верш народнага паэта. Падумала: надта ж вялікі, цяжка будзе вывучыць на памяць. Лепш я напішу свой! Так і пачалося...

А потым мы сталі чытаць па чарзе вершы. І зараз чую яе шчабятлівы голас:

Прастора і сэрца — насцеж.

Іду, нібыта вясна.

Людзі, бярыце шчасце:

Для вас я яго нясла.

Дзявочыя вершы было надзвычай прыемна слухаць. А па-сапраўднаму таленавітыя — адчуваць на сэрцы свята. Я быў уражаны такому ўваходжанню ў паэзію. Аж зайздрасць брала ад шчаслівасці яе радкоў.

...Потым — палуднавалі. І на Ясельду! Хадзілі па беразе рэчкі з фотаапаратам і «Спідолай». Гаварылі, пераходзілі кладачку, гаварылі... Мне было вельмі нязвычна, што Жэня называе мяне на «вы». Колькі ні ўпрошваў — хоць бы што.

А пад вечар яна мяне праводзіла аж за дзве вёскі. Я ўсклаў рукзак за спіну, а яна паехала на веласіпедзе дадому, у Рудку.

Потым у мяне быў Пінск, а вечарам наступнага дня — Львоў. На адрас вучылішча прыходзілі пісьмы з Ясельды, а потым са Свіслачы. Студэнтка БДУ дзялілася і новымі радасцямі, і гаркотаю ад крыўдных неспадзевак. Адразу пасля прыезду з Рудкі я пастараўся перапісаць вершы Жэні і разам з фотаздымкам, дзе яна кладачку пераходзіць, паслаў у газету «Літаратура і мастацтва». Генадзь Мікалаевіч Бураўкін зацікавіўся яе паэзіяй, і вялікая падборка вершаў Янішчыц была ім падрыхтавана і апублікавана. На жаль, здымак-ілюстрацыя быў без подпісу. Але «кладачку тоненькую» згадвалі пазней у прэсе А. Лойка, Р. Бярозкін... Віктар Гардзей пісаў: «...усмешлівая, шчаслівая дзяўчынка раскрыленай птушкай памкнулася кудысьці ўвысь над вясковымі кладкамі». А я і сёння ўсцешаны як «хросны бацька» той лімаўскай публікацыі.

Сяргей ПАНІЗНІК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Абяцаю, што ўсё асілю я...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».