Вы тут

Твой крыж — гэта мой крыж


Класіка:

Усё ў жыцці мінае, зменна —

Прайшло. Мінула. Адплыло...

Але й дасюль яшчэ прыемна,

Што гэта некалі было.

...Мы тады адляталі. Маршрут — «Вільнюс—Барселона». Месцы — у хвасце самалёта, але (што, вядома ж, добра) адно — ля акна.

За ім, як заўсёды, плылі аблокі. А на ім (як ніколі) — сядзеў... камар. Маленечкі, смешны ён трымаўся лапкамі за шкло і таксама ляцеў — за блізкі свет, у невядомасць, адзін...

Як кожны з нас.


След на зямлі

Гэта, відаць, выдаткі прафесіі — у любым напісаным тэксце міжволі шукаць памылкі.

То сказ пачынаўся так: «Арлоўскі сват майго брата...»

Далей — не чыталася, бо не хапала знака прыпынку. Вярнулася назад: «Арлоўскі...» Так і ёсць, дакладней — няма — коскі альбо працяжніка.

Прачытала наноў і толькі тут сцяміла, што размова, відаць, не пра нашага Кірылу Пракопавіча — а пра свата, які проста жыве на Арлоўшчыне...

Дзіўныя шалі, ці не так? Там, у Арле ці вобласці, тысячы людзей! Тут, у Беларусі, можна сказаць, адзін чалавек — легендарны старшыня легендарнага калгаса. А бач ты — пераважыў!

Нават для наступнікаў, праз дзесяцігоддзі.


Час вынаходнікаў

Панядзелак дзень няўдалы. З раніцы і — сапраўды, бо пакуль даехала на працу (з адной перасадкай), у тралейбус тройчы зайшлі кантралёры, тройчы праверылі праязны.

Ён заўсёды быў і, вядома ж, ёсць; ляжыць недалёка і паказаць яго няцяжка. Але ж для гэтага трэба адарвацца ад чытання, згарнуць кніжку, адкрыць сумку. І калі б адзін раз...

А зрэшты, — што наракаць пасажырам?..

Іншая рэч, калі той жа кантроль «дастае» на працы... І цаглін пад рукою няма!

Прычым тут яны?

Пісьменнік Алесь Зайка расказваў, што ў адным з местачковых клубаў пячное ацяпленне было — дзве грубкі. І ў іх — (зноў жа дзве) — «кантрольныя» цагліны. Перад чарговай праверкай яны вымаліся, грубкі, як па камандзе, пачыналі дыміць...

Працаваць у такім вось задымленым памяшканні «рэвізоры» не маглі, а таму спехам пісалі нешта накшталт:
«...Пячное ацяпленне патрабуе правядзення рамонтных работ» і адразу з'язджалі назад.

Пасля чаго загадчык клуба хуценька клаў цагліны на месца, расчыняў дзверы, каб выветрыць чад, і працаваў сабе далей. Працаваў доўга, працаваў творча — паводле прымаўкі: «Хто пытае, той не блудзіць, хто шукае, той знаходзіць».

І «цагліны» ў печцы таксама.


За здароўе!

Пытанне армянскаму радыё: калі наш мужчына купляе новы спартыўны касцюм?

Адказ: калі збіраецца ў санаторый альбо кладзецца ў бальніцу.

Ні туды, ні туды Аляксеевіч не збіраўся, а таму хадзіў у старым: добра, жонка майстрыха: латкі на каленях паставіла...

А тут, як на ліха, нейкі кашаль усчаўся, тэмпература ўверх папаўзла — пад 40... Давялося «хуткую» выклікаць, потым спешна збірацца — ехаць у бальніцу.

— Што з сабой браць? — спытаўся медыкаў.

Тыя казалі, ён складаў — той самы спартыўны касцюм, на ўсякі выпадак — цёплыя шкарпэткі, тапкі, ручнік, кубак, лыжку, зубную шчотку... Здаецца, нічога не забыў?

І ў бальніцы, дзякаваць Богу, не затрымаўся. Зрабілі там патрэбныя аналізы, прызначылі антыбіётыкі. Тыдзень — з панядзелка па пятніцу — пакалолі і як быццам ажыў чалавек: ва ўсякім разе перад выхаднымі, што называецца, выпрасіўся з бальніцы.

...Жонка з сынам, вядома ж, рады былі: святочную вячэру зрабілі. А сталі затым яго рэчы разбіраць, — лыжка на падлогу выпала.

— Ты што, — здзівілася жонка, — з сабою чайную браў? Чаму?

— Можна падумаць, я ў бальніцах ляжаў... Адкуль мне ведаць, якую трэба?

— І што — ёю суп еў?

— Ну...

— Цырк... Маленькай лыжачкай, — зарагаталі сямейнікі, — у залатаных портках?.. Дык вось чаму ты дома!

...«За здароўе!» — гэта, кажуць, самы распаўсюджаны тост.

А ў медыкаў ёсць свой, адмысловы: «Каб бедныя ніколі не хварэлі, а багатыя — не папраўляліся».


Зарабіў...

Вечар, кухня, тупаніна... Па тэлевізары — фонам — выпуск навін. Нешта з іх цягам дня ўжо чутае, нешта — звычнае... «Чапляе» хіба адно: нейкія «добрыя» дзядзькі прапанавалі юнаку падзарабіць на фасоўцы наркотыкаў. Ён згадзіўся. І, як для падлетка (15 гадоў), дык сапраўды зарабіў: каля 6 мільёнаў (на старыя грошы).

І — да... 12 гадоў турмы — для сябе, для родных, для ўсіх, хто яго любіў...

Гэта — без каментарыяў, як той казаў, бо няма для іх слоў.


Жыццё кароткае

Дом той знаходзіцца ў горадзе, а людзі жывуць — нібы ў вёсцы, бо тры пад'езды ўсяго, два паверхі. Як на далоні ўсё — і ёсць, і было.

Ад цётачкі Надзі, у прыватнасці, муж сышоў гадоў сорак таму, ёй дзіцятка пакінуў — сына. Аліментаў не плаціў, так што працаваць давялося самой — і цяжка, і шмат.

А ўсё для чаго? Для таго, каб яму, маленькаму (бо каму ж яшчэ?!) купляць і найлепшыя цацкі, і першыя ягадкі... Каб потым яму — ужо даросламу — адпраўляць па пошце кожны «вольны» рубель.

Сын прымаў іх — і ў 20, і ў 30, і значна пазней. Прыняўшы, нязменна дзякаваў і гэтак жа нязменна абяцаў у хуткасці прыехаць — не на пару дзён, а на пару тыдняў, з сям'ёй; дома, з ёю пажыць, зрабіць рамонт у кватэры.

Маці, вядома ж, верыла і, вядома ж, чакала. Уяўляла, як тое спраўдзіцца, як яны з ім урэшце нагаворацца, як пабеляць столі (хоць бы ў кухні...), памяняюць шпалеры і як яна ў чыстай хаце тады зажыве.

Такія былі «мары-кралі». Але ж праўдай яны не сталі. Не прычакала маці абяцанага прыезду, лёгка сышла — сэрца.

Сын пасля гэтага адразу ж з'явіўся (як і належыць, з сям'ёй). І ўсё, што трэба, зрабіў — ніхто не папракне... На вячэру яшчэ суседзяў паклікаў.

Назаўтра таксама без справы не сядзеў: разам са сваімі з'ездзілі на могілкі, паразносілі па кватэрах пазычаны посуд ды крэслы...

А на паслязаўтра ўжо і да іншых рэчаў чарга дайшла: сталі выносіць на сметніцу старыя вываркі-патэльні, дыванкі-дарожкі, запасы круп...

Суседзі паспрабавалі было спыніць, сказаць, што гэта нядобра, што трэба пачакаць — ну хоць сорак дзён.

— А чаго, — не зразумеў той сын, — калі нам усё роўна гэта не трэба, а маці ж
не вернецца?

...Шкадуюць яе суседзі, бо, кажуць, добрая была жанчына. І з гумарам: ва ўсякім разе любіла паўтараць, што чалавечае жыццё — як дзіцячая кашулька: заўсёды кароткая і ўнізе (у канцы) заўсёды ў...

Ну, вы здагадаліся.


«Аблом»

Кавалеры ў Леры, вядома ж, былі: некаму падабалася яна, нехта ёй...

Апошні — найбольш, бо, здавалася, усё пры ім: і прыгожы, і разумны, і добры. І да яе з адкрытай душой: пастаянна то з кветкамі, то з падарункамі, з прапановамі некуды схадзіць...

Яна згаджалася і ўжо марыла пра галоўную: вось-вось яе хлопец стане на калена, вось-вось, як у кіно, працягне ёй чырвоную каробачку з пярсцёнкам, скажа:

— Ты выйдзеш за мяне?

...Надоечы яны на экскурсію разам з'ездзілі. Ёй спадабалася, хоць і змерзла: прыйшлося яго пальчаткі надзець — наверх на свае.

Потым ён дадому яе праводзіў. І ў пад'ездзе доўга трымаў — цалаваліся.

Урэшце яна «адарвалася» — стала дзверы свае адчыняць, а ён пад руку:

— Стой!

У дзеўкі — сэрца з грудзей: яна аж вочы заплюшчыла, каб лепей пачуць — ну тое, галоўнае...

Ён сказаў:

— Пальчаткі аддай.

Моўчкі працягнула.

Ён — узяў і пайшоў — па прыступках, уніз, на першы паверх. З якога, як здалося, няма больш дарогі «наверх».


Ёсць рацыя...

Пра надвор'е маўчыць хіба прас, а ўсё астатняе — радыё, тэлевізар, інтэрнэт — толькі ўключы, толькі разгарні газету, — адусюль інфармацыя пра дажджы і градусы, пра снягі і мяцеліцы... І хоць бы праўдзівая!

А зрэшты...

Рэмарк пісаў: «Кветкі павінны быць без нагоды. Шчасце павінна быць сапраўдным. Дом — цёплым. Каханне павінна быць узаемным. Надвор'е, ды без розніцы, якое надвор'е».

І сапраўды.


Твой крыж — гэта мой крыж

...Што спачатку, што потым, хіба разбярэш? Магчыма, ён без памяці закахаўся, а потым даведаўся, што дзяўчына яго, так бы мовіць, даўно не дзяўчына — удава, двое дзяцей на руках і хворая свякроў...

А магчыма, усё наадварот: ён спачатку даведаўся, што яна ўдава... А ўжо потым закахаўся і паклікаў замуж.

Не адразу пайшла: казала, што яны не пара, што дзеці ў яе — двое, хлопчык і дзяўчынка (для яго — чужыя), што не кіне свякроў, бо ў той больш нікога няма, што яна ўжо прывыкла цягнуць гэты воз, што такі яе крыж...

У яго міжволі тады сарвалася:

— Твой крыж — гэта мой крыж, а інакш не стаў бы і гарод гарадзіць.

Сказаў і забыўся...

Пажаніліся. Зажылі. Ёй — нібы свет нанова адкрыўся! Ды і яму цікавей неяк стала. Захацелася болей зарабляць, бо кожны рубель стаў ісці ў сям'ю, захацелася жытло ў парадак прывесці, кожны дзень па гаспадарцы нешта зрабіць. А ўжо з дзецьмі пагуляць ды ўрокі праверыць — дык гэта ж не работа, гэта задавальненне адно...

Праўда, скончылася неяк хутка: не паспелі азірнуцца, як выраслі тыя старэйшыя. І нават малодшы...

Цяпер у іх іншы клопат, а можа, і бяда: яго матуля нагу зламала, тую самую шыйку сцягна. Не ўстае і — дактары сказалі — наўрад ці ўстане. Трэба даглядаць. Ляжачую.

Сын збіраўся рабіць гэта сам, не вешаць клопат на жонку. Але гэтым разам ужо яна (міжволі ці не?) паўтарыла ягоныя словы:

— Твой крыж — гэта мой крыж... А інакш — сям'я не сям'я.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».