Вы тут

Гэтай восенню звыш 10 тысяч прызыўнікоў папоўняць армейскія шэрагі


Для праходжання службы ў рэзерве накіравана каля 2 тысяч чалавек.

На тэрыторыі ваенных камісарыятаў краіны ўчора было надзвычай шматлюдна. Прызыўнікоў, якія сёння сталі вайскоўцамі, праводзілі ў армію цэлымі сем'ямі. Ужо праз месяц, падчас цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі, гэтыя «зялёныя» і крыху несур'ёзныя сёння юнакі стануць смелымі і адказнымі мужчынамі — якімі павінны быць сапраўдныя абаронцы сваёй Айчыны.


Адпраўка новага папаўнення ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фарміраванні Беларусі працягнецца да канца месяца. Першыя — каля 1300 прызыўнікоў — папоўняць шэрагі сіл спецыяльных аперацый, сухапутных войск і Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл. З тымі, хто крышачку раней апране ваенную форму і стане ў рады армейскай эліты, карэспандэнты «Звязды» сустрэліся ў Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце.

Дзмітрый Жукоўскі, як і марыў, будзе служыць у сілах спецыяльных аперацый. Павестка ў ваенкамат не стала для юнака нечаканасцю. Як выпускнік ВНУ — Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка — Дзіма будзе служыць толькі год. Па спецыяльнасці ён сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг, таму пра вайсковую службу разважае абсалютна па-настаўніцку: «Армейская служба дысцыплінуе, трэніруе ўнутраную вытрымку. Войска дае магчымасць атрымаць прафесію, тут набываеш неабходныя ў жыцці навыкі і бясцэнны вопыт».

Суседзі па двары Ягор Гілеўскі і Дзмітрый Паўловіч нават падумаць не маглі, што апынуцца ў адной вайсковай часці, а тым больш — у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Таварышы і цяпер не могуць паверыць: выраслі побач, вучыліся ў адным каледжы, а цяпер і служыць будуць у адной з самых прэстыжных вайсковых часцей краіны.

— Дзіма з дзяцінства марыў стаць дэсантнікам, — кажа Ягор, сын кадравага афіцэра.

— Таму і таварыша настройваў на сілы спецыяльных аперацый, — прызнаецца Дзмітрый.

— Я проста ўвесь час хацеў скочыць з парашутам, — быццам апраўдваецца Ягор. — Разумеючы, што ў перспектыве будзе армія, прадумваў, у якіх войсках гэта магчыма.

Вядома, аднаго жадання, каб трапіць у канкрэтную вайсковую часць, мала. Але, што называецца, тут як карта лягла: па стане здароўя, а таксама па маральна-дзелавых якасцях і адзін, і другі падышлі для таго, каб служыць у спецназе.

— Так супала, што ў гэтай брыгадзе ў свой час праходзіў службу і мой бацька, — гаворыць Дзмітрый Паўловіч. — Таму на мяне ўскладзена двайная місія: быць не толькі годным абаронцам, а і дастойным сынам свайго бацькі.

— У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, восенню бягучага года выкліку на прызыўныя камісіі падлягае больш 80 тысяч грамадзян нашай краіны, — адзначыў намеснік начальніка Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Юрый КУЗЬМІН. — Цяпер у ваенных камісарыятах завяршаецца медыцынскі агляд прызыўнікоў. Прызыўнымі камісіямі ў адносінах да грамадзян Беларусі ўжо прынята больш як 55 тысяч рашэнняў. Улічваючы патрэбу Узброеных Сіл, іншых войск і вайсковых фарміраванняў, на іх камплектаванне плануецца адправіць больш 10 тысяч прызыўнікоў. Акрамя таго, у гэты перыяд да 2 тысяч чалавек будзе адпраўлена для праходжання службы ў рэзерве. Папаўненне адпраўляем ва Узброеныя Сілы, транспартныя войскі, органы дзяржаўнай бяспекі, органы пагранічнай службы і ўнутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў.

Па меркаванні намесніка начальніка Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл, сённяшні прызыўнік — гэта патрыёт нашай краіны, малады грамадзянін прызыўнога ўзросту, які мае матывацыю да праходжання вайсковай службы, адабраны прадстаўнікамі вайсковых часцей як найбольш падрыхтаваны, зыходзячы з узроўню яго фізічнага развіцця і здольнасці выконваць пастаўленыя задачы па прызначэнні ў мірны і ваенны час.

Сёлета прадастаўлена каля 25 тысяч адтэрміновак. Асноўную частку — больш 80 % — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Іншыя юнакі атрымалі адтэрміноўку па стане здароўя, сямейных абставінах, для набыцця ваенна-тэхнічных спецыяльнасцей, у сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і на падставе ўказаў Прэзідэнта краіны.

Прызыўніка Арсенія Пяткевіча ў армію праводзіць мама, бацька і хросны тата. Заўважаю, што больш за ўсіх хвалюецца маці: са сваім адзіным дзіцем так надоўга яна ніколі не разлучалася. Васямнаццацігадовы Арсеній настроены аптымістычна — служыць у войсках сувязі, на погляд хлопца, даволі цікава.

Мужчыны, якія выпраўляюць свайго сына ў армію, даюць яму каштоўныя парады і маюць на гэта права. Бацька служыў у войсках супрацьпаветранай абароны, хросны — у легендарнай 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі. «Няхай з таго вопыту, які ён атрымае ў арміі, Арсеній вынесе толькі нешта добрае і станоўчае для сябе, — жадае хроснаму сыну Анатоль Іванавіч. — У першую чаргу, трэба глядзець на армію як на магчымасць прынесці карысць сваёй краіне, стаць сапраўдным абаронцам нашай дзяржавы».

...Бацькі, сваякі і сябры развітваюцца з прызыўнікамі. У наступны раз яны ўбачацца праз месяц, падчас цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі ў новага папаўнення, якая адбудзецца ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл 10 снежня.

Звальненне ў запас ваеннаслужачых, тэрміновая служба якіх ужо завяршаецца, будзе праведзена ў адпаведнасці з заканадаўствам своечасова, на працягу лістапада.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Р.S. Падчас восеньскага прызыву творчая каманда «Звязды» пацікавілася ў беларусаў, што яны думаюць наконт службы ў арміі. 

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Быць карысным сваёй краіне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».