Вы тут

Цукровы дыябет: хто ў групе рызыкі?


15 працэнтаў беларусаў маюць рызыку развіцця цукровага дыябету ў найбліжэйшыя 5—8 гадоў.

Як не захварэць, а калі захварэў, то як жыць якасна і даўжэй, тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Ірына ХМАРА.


Кожны адзінаццаты ў свеце хварэе на цукровы дыябет. Паводле прагнозаў, да 2040 года будзе ўжо кожны дзясяты. У нашай краіне колькасць такіх хворых таксама расце. Сёння на дыспансерным уліку ўжо 287 тысяч пацыентаў з дыябетам 2 тыпу, больш за 17 тысяч — 1 тыпу.

Для выяўлення рызыкі наступлення захворвання прымяняецца спецыяльная анкета-апытальнік, а таксама аналіз крыві на глюкозу і спецыяльны аналіз на глікіраваны гемаглабін.

У групе рызыкі па развіцці дыябету 2 тыпу — мужчыны з аб'ёмам таліі больш за 94 см і жанчыны з таліяй больш за 80 см. Тыя, у каго індэкс масы цела перавышае 28 кг/м2, а ўзрост — больш за 40 гадоў. Хто мала рухаецца і не праходзіць на працягу тыдня хоць бы неабходныя 150 хвілін. Хто няправільна харчуецца — з лішкам тлушчу і вугляводаў, дэфіцытам агародніны і фруктаў, вітамінаў. Курэнне і спажыванне алкаголю — дадатковы фактар рызыкі. Значэнне будуць мець павышаны артэрыяльны ціск, высокі ўзровень халестэрыну, а таксама наяўнасць цукровага дыябету ў сваякоў.

Для прафілактыкі будзе важным не набіраць вагу, мяняць свае харчовыя паводзіны — у першую чаргу скарачаць долю простых вугляводаў. Трэба сачыць за ўзроўнем халестэрыну, больш рухацца і не курыць. Асаблівую насцярожанасць трэба праяўляць і людзям з іншымі хранічнымі захворваннямі, напрыклад, з панкрэатытам, эндакрыннай паталогіяй.

Калі дыягназ пастаўлены, самае важнае — як мага хутчэй прыступіць да выканання рэкамендацый урача, каб не ўпусціць час пачатку лячэння. Гэта важна для захавання клетак падстраўнікавай залозы. Аднак перш-наперш неабходны здаровы лад жыцця. Давядзецца павялічыць фізічную актыўнасць, пазбавіцца шкодных звычак, пачаць правільна харчавацца.

Лячыць захворванне так, як прадпісаў урач, значыць, прадухіляць і адтэрміноўваць наступленне ўскладненняў. Пры дыябеце 2 тыпу без здаровага ладу жыцця і адэкватнага лячэння істотна павялічваецца рызыка інфаркту міякарда, інсульту, дыябетычнай нефрапатыі, гангрэны і ампутацыі ніжніх канечнасцяў.

На базе паліклінік і лячэбных аддзяленняў бальніц у краіне працуюць 229 школ дыябету, дзе пацыентаў вучаць падтрымліваць якасць жыцця і кантраляваць захворванне. 13 кабінетаў дыябетычнай ступні — гэта спецыялізаваная дапамога хворым са змяненнямі ў нагах. Распаўсюджаныя некалі траўматычныя ампутацыі сустракаюцца радзей, звычайна размова ідзе пра мінімальныя хірургічныя ўмяшанні. Дзякуючы назіранню і своечасоваму абследаванню, комплекснаму лячэнню зніжаецца і колькасць паталогій вачэй.

На базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння працуе Рэспубліканскі цэнтр эндакрыннай паталогіі. Тут і дзеці, і дарослыя могуць абследавацца ва ўрача-энакрынолага, вузкіх спецыялістаў, магчыма правядзенне неабходных лабараторных і іншых відаў даследаванняў, а таксама выконваецца лазерная каагуляцыя сятчаткі для лячэння дыябетычнай рэцінапатыі.

Цукровы дыябет 1 тыпу развіваецца як у дзяцей, так і ў падлеткаў. Першы пік прыпадае на 5-6 гадоў, другі — на час палавога выспявання.

— Да 2020 года прагназуецца падваенне колькасці дашкольнікаў з дыябетам 1 тыпу, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Анжэліка СОНЦАВА. — На развіццё захворвання будзе ўплываць не толькі генетыка — устаноўлена каля 40 генетычных локусаў, якія спрыяюць развіццю цукровага дыябету. Паўплываць могуць і шматлікія знешнія моманты. Напрыклад, увядзенне ранняга, да 4 месяцаў, прыкорму, ужыванне каш на аснове глютэну, сумесяў на каровіным малацэ, дысбаланс вітамінаў, асабліва дэфіцыт вітаміну Д, а таксама перанесеныя энтэравірусныя інфекцыі, пастаяннае ўздзеянне вялікай колькасці хімічных злучэнняў.

Захворванне ў дзяцей таксама здольнае прыводзіць да ўскладненняў, звязаных з пашкоджаннем сасудаў. Церпяць вочы, печань, сардэчна-сасудзістая сістэма. Колькасць ускладненняў за апошнія гады знізілася дзякуючы даступнасці, у тым ліку на абласным узроўні, амбулаторных і стацыянарных школ навучання бацькоў.

З лета гэтага года дзеці забяспечваюцца на бясплатнай аснове трыма тэст-палоскамі ў дзень для кантролю ўзроўню глюкозы. Большасці дзяцей, якія знаходзяцца на шматразовых ін'екцыях інсуліну, рэкамендуецца адсочваць узровень цукру ў крыві 4-5 разоў у дзень. Дарослым з 1-й і 2-й групамі інваліднасці выдаюцца на бясплатнай аснове дзве тэст-палоскі.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».