Вы тут

Мінадукацыі і Microsoft абвесцілі пра супрацоўніцтва па праграме EES


Міністэрства адукацыі і кампанія Mіcrosoft Беларусь заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве — адзіную дамоўленасць на падпіску ў рамках праграмы ліцэнзавання EES (Enrollment for Educatіon Solutіons). Згодна з дакументам, установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама дзяржаўныя органы кіравання атрымаюць доступ да ўсіх неабходных сэрвісаў, праграм і прадуктаў, якія дазваляюць укараніць электронны дакументаабарот і падключыцца да праекта «Электронная школа».


Злева направа: кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft Беларусь  Антон МЯКІШАЎ і міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ  падчас падпісання мемарандума.

Важна, што супрацоўніцтва па праграме EES дасць магчымасць установам адукацыі ліцэнзаваць праграмнае забеспячэнне для ўсёй арганізацыі, зыходзячы з колькасці штатных супрацоўнікаў, а не камп'ютараў. Кожны работнік установы адукацыі зможа ўстанавіць пакет Offіce 365 на пяць мабільных і столькі ж стацыянарных апаратаў, аналагічная магчымасць прадугледжана і для навучэнцаў. Гэта значыць, што настаўнікі, а таксама бацькі, дзеці якіх вучацца ва ўстановах адукацыі, што набылі такую ліцэнзію, змогуць абсалютна легальна і бясплатна карыстацца ўсім праграмным забеспячэннем на ўласных персанальных камп'ютарах і тэлефонах.

— З кампаніяй Mіcrosoft мы паспяхова працавалі і раней, а гэты дакумент толькі працягвае практыку на новым узроўні, — сказаў падчас падпісання мемарандума міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — Мы не толькі дамаўляемся аб набыцці ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, але і рухаемся ў кірунку агульнай электроннай сістэмы адукацыі: дакументаабароту, «электроннай школы», стварэння адзінага электроннага кантэнту для школ і ВНУ. Хочацца падкрэсліць, што мы не будзем навязваць камусьці, у прыватнасці, універсітэтам, карыстанне толькі гэтай прадукцыяй — усе ўстановы адукацыі маюць права карыстацца самым розным «софтам», але на афіцыйным узроўні за стандарт трэба лічыць менавіта прадукты Mіcrosoft.

На асноўныя прадукты для ВНУ прадугледжана зніжка ў памеры 45 працэнтаў, для школ — 70 працэнтаў. Сумарна зніжкі на асобныя прадукты дасягаюць 95 працэнтаў ад камерцыйнай цаны.

Як патлумачыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ, кожная ўстанова будзе самастойна прымаць рашэнне аб мэтазгоднасці набыцця адпаведных пакетаў праграм у залежнасці ад сваіх задач. Але да пэўнага часу ўся сістэма адукацыі краіны павінна прыйсці да агульнага меркавання ў выкарыстанні праграмнага забеспячэння.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Электронная школа» па ліцэнзіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?