Вы тут

Адкрылiся Днi культуры Таджыкiстана ў Беларусi


Святочным канцэртам у Беларускай дзяржаўнай фiлармонii адкрылiся Днi культуры Таджыкiстана ў Беларусi.


Падзея далёка не будзённая. У Беларусi i Таджыкiстана наладжаны выдатныя, вобразна кажучы, добрасуседскiя адносiны. Адлегласцi не становяцца перашкодай у развiццi знешнепалiтычных i эканамiчных стасункаў. I тым болей тысячы кiламетраў не аддзяляюць, а толькi высвечваюць, падкрэслiваюць еднасць агульнай гуманiтарнай прасторы. Пра гэта гаварыў на адкрыццi Дзён братняй краiны мiнiстр культуры Беларусi Барыс Святлоў. А першы намеснiк мiнiстра культуры Таджыкiстана Iбадуло Машрабаў назваў многiя прыклады культурнага супрацоўнiцтва, расказаў, якiмi цёплымi былi ў горным краi сустрэчы з легендарнымi «Песнярамi» ды iншымi беларускiмi артыстамi. Паведамiў пра тое, як шануюць у Таджыкiстане беларускую лiтаратуру, беларускую драматургiю. Назваў iмёны Якуба Коласа, Янкi Купалы, Максiма Танка, Васiля Быкава, якiх добра ведаюць чытачы горнай краiны. Уражлiвай падаецца ўвага да драматургiчнай творчасцi Аляксея Дударава, чые спектаклi iдуць на сцэнах тэатраў Таджыкiстана ўжо болей як чатыры дзесяцiгоддзi. Намеснiк мiнiстра культуры заўважыў, што добрыя стасункi ладзяцца i памiж сучаснымi паэтамi, празаiкамi нашых краiн. Выходзяць кнiгi — як у перакладзе з беларускай на таджыкскую, так i ў перакладзе з таджыкскай на беларускую. Падзеяй стала выданне ў Мiнску кнiгi «Подзвiг Эмамалi Рахмона».

I беларускi мiнiстр, i госць з Таджыкiстана гаварылi, што ў многiм добрыя творчыя сувязi ладзяцца па прычыне асаблiвай руплiвасцi Надзвычайнага i Паўнамоцнага Пасла Рэспублiкi Таджыкiстан у Беларусi Казiдаўлата Каiмдодава.

Гледачоў, гасцей адкрыцця Дзён культуры Таджыкiстана ўразiла выканальнiцкае майстэрства, праявы высокiх талентаў танцораў, музыкантаў, спевакоў з узгор'яў Памiра, сапраўды ўнiкальных нашчадкаў Рудакi, Мiрзо Турсун-задэ. Святочныя мерапрыемствы, якiя ладзяцца ў розных гарадах i на розных пляцоўках, працягваюцца.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Кветкi i сонца з Таджыкiстана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?