Вы тут

На цырымонii закрыцця «Лiстапада» журы назвала лепшыя фільмы


Цырымонiя закрыцця 23 Мiнскага мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад», на якой сталi вядомыя пераможцы сёлетняга форуму, прайшла ўчора ў кiнатэатры «Масква».

Да асноўнага аналізу праграмы і вынікаў фестывалю мы звернемся ў  наступных публікацыях. А сёння карэспандэнт «Звязды» Ірэна Кацяловіч, якая сёлета была ў складзе журы, распытала сваіх калег па судзейству, шаноўных гасцей, пра іх уражанні ад мінскага «Лістапада».


Кiнакрытык i прадзюсар Андрэй АЛФЁРАЎ, член мiжнароднага журы кiнапрэсы:

— Абодва конкурсы iгравога кiно — асноўны i «Маладосць на маршы» — невiдавочна тэматычна зарыфмаваныя: тут сабраны драмы нядаўняга мiнулага i драмы з мiнулага, што растварылiся ў сучаснасцi i яе вызначаюць. Напрыклад, лiтоўскi «Святы» з конкурсу «Маладосць на маршы» — такая ж ахвяра (хай i генетычная) нядаўняга сацыялiстычнага рэжыму, як герой польскага «Чырвонага павука», драмы «Я, Вольга Гепнарова» цi iзраiльскага «Допыту» i малдаўскай «Анiшоары». Апроч гэтага, абодва конкурсы знiтаваны вострым жаданнем аўтараў выказацца новымi выразнымi сродкамi. Таму ў абедзвюх праграмах такая колькасць эксперыментаў. Выбраць пераможцаў было вельмi няпроста. Вельмi! Гэта такi маленькi выбар Сафi (калi хто памятае знакамiтую драму з Мэрыл Стрып). У конкурсах так многа добрых нумароў, што адчуваеш пакуты сумлення, калi ўзнагароджваеш адных i пазбаўляеш прызоў iншых.

Рэжысёр i рэжысёр мантажу Кутайба БАРХАМДЖЫ, член журы Асноўнага конкурсу дакументальнага кiно:

— Мы паглядзелi дванаццаць фiльмаў з розных краiн i розных культур, аб прыватных сiтуацыях i грамадстве ў цэлым, дэбютных карцiн i работ сталых, вядомых рэжысёраў. Хоць не ўсе яны былi створаны ў краiнах СНД, аўтары разважалi на актуальныя i для гэтай прасторы тэмы. Як, напрыклад, знятая ў Мексiцы «Саламанка», якая таксама адлюстроўвае тэндэнцыю змяшання дакументальнага i iгравога кiно. Гэтым жа характэрная карцiна «Х'юстан, у нас праблема», якая ўвесь час уводзiць у зман, дзе рэальнасць, а дзе не, змешвае гульню з архiўнымi матэрыяламi, рэальных асоб з акцёрамi. Цiкава было глядзець, як у сучасным дакументальным кiно працуюць i становяцца ўсё больш моцнымi жанчыны, якiя праз адмысловы погляд паказваюць сацыяльныя праблемы. Адзiн з такiх прыкладаў — «Прычасце» Ганны Замецка. Пра тое, што рэжысёрам з'яўляецца жанчына, мы маглi б здагадацца па тым, як яна паглыбляецца ў iнтымнае жыццё сям'i i па-асаблiваму паказвае яго праз эмоцыi, перажываннi i сумленны погляд. У процiвагу гэтай дэбютнай карцiне абсалютна iншае бачанне ў масцiтага аўтара Сяргея Лазнiцы — яго цяжкi эксперыментальны фiльм «Аўстэрлiц» падобны на дысертацыю пра высокае мастацтва, на музейны экспанат. Нам было складана выбраць лепшае якраз таму, што кiно ў конкурсе — такое рознае.

Рэжысёр Дэнi КАТЭ, старшыня журы конкурсу «Маладосць на маршы»:

— Я прыехаў на Мiнскi кiнафестываль па асабiстых прычынах, бо даўно вельмi глыбока цiкаўлюся Усходняй Еўропай i Расiяй. Беларусь для мяне была загадкавым месцам, я не вельмi шмат ведаў пра краiну. У вынiку загадкавы Мiнск аказаўся вельмi прыемным горадам, а фестываль, якi, на жаль, не вельмi добра вядомы ў свеце, — вельмi прафесiйным. Я пастараюся, каб як мага больш людзей ведалi пра «Лiстапад», i сам гатовы прыязджаць сюды зноў. У конкурсе «Маладосць на маршы» наша журы паглядзела дванаццаць карцiн — ад цудоўных да дрэнных (для мяне). Я бачу, што дырэктар праграмы стараўся сабраць як мага больш розных фiльмаў, але некаторыя з iх, з майго пункту гледжання, падыходяць хутчэй для камерцыйных цi тэлевiзiйных паказаў, чым для кiнафестывалю. Я быў вельмi шчаслiвы, што на «Лiстападзе» можна ўбачыць фiльмы, што «прагучалi», напрыклад, на Канскiм кiнафестывалi. Мне ўдалося паглядзець фiльм «Тонi Эрдман» Марэн Эдэ, якi я раней не бачыў. Цягам дванаццацi гадоў я не ўпускаю магчымасцi ездзiць i ўдзельнiчаць у мiжнародных кiнафестывалях. I на «Лiстападзе» мне асаблiва спадабалася адна рэч, якую я не бачыў нiдзе, апроч Мiнска: перад пачаткам кожнага фiльма праграмны дырэктар Iгар Сукманаў выходзiць, каб патлумачыць кантэкст фiльма, што можа дапамагчы гледачам яго зразумець. Я хацеў бы, каб такое практыкавалася на iншых фестывалях. Да таго ж кожны фiльм суправаджаюць субцiтры на англiйскай мове, хоць патрэбу ў гэтым маюць, можа быць, толькi тры чалавекi. Такiя дробязi тут прадуманы.

Асноўныя ўзнагароды

Гран-пры «Золата «Лiстапада» — за лепшы фiльм

«Лiлi Лейн» (Венгрыя, Германiя, Францыя), рэжысёр Бенэдэк «Бенс» Флiгаўф

Прыз «Серабро «Лiстапада» ў намiнацыi «Фiльм як з'ява мастацтва»

«Мiмоза» (Марока, Iспанiя, Францыя, Катар), рэжысёр Олiвер Лакс

Прыз глядацкiх сiмпатый «Бронза «Лiстапада»

«Слава» (Балгарыя, Грэцыя), рэжысёры Крысцiна Грозева, Петар Вылчанаў

Асноўны конкурс iгравога кiно

Прыз «За лепшую рэжысуру»

«Я, Вольга Гепнарова», рэжысёры Томаш Вайнрэб, Петр Казда

Прыз «За лепшую аператарскую работу iмя Ю.А. Марухiна»

«Сьераневада», аператар Барбу Баласою

Прыз «За лепшую жаночую ролю»

Мiхалiна Альшанска, «Я, Вольга Гепнарова», рэжысёры Томаш Вайнрэб, Петр Казда

Прыз «За лепшую мужчынскую ролю»

Адрыян Тыцьенi, «Атэстат сталасцi», рэжысёр Крысцiян Мунджыу

Прыз «За лепшую жаночую ролю другога плана»

Лiя Бугнар, «Атэстат сталасцi», рэжысёр Крысцiян Мунджыу

Прыз «За лепшую мужчынскую ролю другога плана»

Адам Варановiч, «Чырвоны павук», рэжысёр Марцiн Кашалка

Спецыяльны прыз журы

«Атэстат сталасцi», рэжысёр Крысцiян Мунджыу

Конкурс iгравога кiно «Маладосць на маршы»

Прыз «За лепшы фiльм конкурсу iгравога кiно «Маладосць на маршы» iмя народнага артыста СССР кiнарэжысёра В.Т. Турава»

«Заалогiя» (Расiя, Германiя, Францыя), рэжысёр Iван I. Твярдоўскi

Спецыяльны прыз журы

«Святы» (Лiтва, Польшча), рэжысёр Андрус Блажавiчус

Асноўны конкурс дакументальнага кiно

Гран-пры «За лепшы дакументальны фiльм»

«Прычасце» (Польшча), рэжысёр Ганна Замецка

Спецыяльны прыз журы

«Аўстэрлiц» (Германiя), рэжысёр Сяргей Лазнiца

Нацыянальны конкурс

Прыз «За лепшы мастацкi фiльм»

«Душы мёртвыя» (Беларусь), рэжысёр Вiктар Красоўскi

Прыз «За лепшы дакументальны фiльм»

«Саламанка» (Расiя, Беларусь), рэжысёр Руслан Фядотаў, Аляксандра Кулак

Прыз «За лепшы анiмацыйны фiльм»

«Даша i людаед» (Расiя), рэжысёр Наталля Сурыновiч

Конкурс фiльмаў для дзiцячай i юнацкай аўдыторыi «Лiстападзiк»

Абвешчаны 8 лiстапада

Прыз «За лепшы фiльм»

«Мiкроб i бензiн» (Францыя), рэжысёр Мiшэль Гондры

Спецыяльныя прызы

Прыз Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь «За гуманiзм i духоўнасць у кiно»

«Малiтва Лiры» (Японiя), рэжысёр Хiраюкi Куракава, Мiюкi Кавасака

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Лiстапад» агучыў найлепшыя фiльмы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.