Вы тут

Немахляры i неахвяры


Што ўбачылася з «аварыйнага» акна.


З нядаўняга часу я перастала зайздросцiць пенсiянерам, хатнiм гаспадыням i адпускнiкам — карацей, тым, хто мае магчымасць заставацца ў цёплай утульнай кватэры ў той час, як iншыя па холадзе, у набiтым транспарце дабіраюцца на працу. На паверку задавальненне правесцi некалькi будных дзён дома аказалася вельмi нават сумнiўным.

Пра заўсёдны i ўсюдыiсны дрыль я нават не згадваю: у высотным аднапад'ездным доме, дзе больш за сто кватэр, ён спявае штодня, калi цiшэй, калi гучней — у залежнасцi ад таго, на якiм паверсе робяць рамонт. (Мне якраз «пашанцавала»: суседзi акурат над галавой перакладвалi на свой лад электрычную праводку ў сценах, таму некалькi дзён мы жылi пад акампанемент «балгаркi».) I гэта яшчэ не ўсё: пасля адзiнаццацi прачынаюцца «тэлефонныя тэрарысты», якiя адзiн за адным пачынаюць назвоньваць на хатнi нумар. Пачуць за некалькi дзён давялося шмат цiкавага. Чаго толькi вартыя запрашэннi на прэзентацыi «эксклюзiўнага швейцарскага посуду», «элiтнай французскай бялiзны», «цудадзейнага медыцынскага абсталявання», iншай ну вельмi патрэбнай у гаспадарцы халеры i трасцы. (Пра тое, што падобныя «выгадныя прапановы» заканчваюцца элементарным выцягваннем грошай, я нядаўна пiсала.) Маючы ўжо выпрацаваны iмунiтэт, на такiя званкi спакойна адказвала: дзякуй, маўляў, але гэта нас не цiкавiць.

Але адно тэлефанаванне ўсё-ткi заспела знянацку. «Добры дзень. Гэта вулiца...?» — прыемны i строгi жаночы голас упэўнена назваў мой адрас. «Так». «Ваша вулiца трапiла пад праграму праверкi шклопакетаў. Мы працуем па даручэннi Адмiнiстрацыi вашага раёна. Мы не дзяржаўнае прадпрыемства, але правядзенне гэтых работ даручылi менавiта нам. У вас ёсць шклопакеты, якiм больш за два гады?» Атрымаўшы станоўчы адказ, кабета на другiм канцы провада бойка шпарыла далей, не даючы апомнiцца i ўставiць хоць слова. З яе актыўнага маналогу вынiкала, што падобная праверка — справа ледзь не дзяржаўнай важнасцi, што я проста павiнна дапусцiць у кватэру iхняга спецыялiста, а iнакш на маю галаву пасыплюцца непрыемнасцi з боку камунальных службаў нашага раёна... Улiчваючы асаблiвую ўвагу да гарадскiх вокнаў пасля летнiх трагедый з дзецьмi... Вы б вытрымалi такi нацiск, ды яшчэ са згадкай канкрэтнага адраса i спасылкай на мясцовую ўладу? Вось i я пра тое ж...

«Спецыялiст» — маладзенькае дзяўчо, прымчала вельмi хутка, але гаспадыню дома не застала: на некалькi гадзiн давялося выйсцi па справах. Мацi гаспадынi яна амаль з парога ашаламiла: выявiлася, што шклопакеты на лоджыi, якiя ставiлi гадоў шэсць таму, трымаюцца проста цудам, бо i тое не так, i гэта не гэтак. Перапалоханая мама стала тэлефанаваць мне: маўляў, у нас жа лоджыя ў аварыйным стане! «Спецыялiст» у трубцы пацвердзiла: так, патрэбен сур'ёзны рамонт, iнакш вашы шыбы разам з рамамi ў рэшце рэшт зваляцца камусьцi на галаву, i тады праблем будзеце мець у разы больш... Тут, яна канешне, перастаралася, i, западозрыўшы звычайны развод на грошы, я стрымана адказала: пакiньце вашы заўвагi i разлiкi, калi мне будзе цiкава, я вас набяру. На тым i пагадзiлiся.

Уявiце маё здзiўленне, калi, вяртаючыся дамоў гадзiн у восем вечара, у тэлефоне пачула мужчынскi ўпэўнены бас: «Я майстар, стаю ў вас пад дзвярыма. Прыехаў на заказ па рамонце шклопакета». Сiтуацыя была ўжо амаль камiчная, таму я не знайшла нiчога лепшага, як пацiкавiцца ў майстра наяўнасцю ў яго лiхтарыка. «А навошта?» — голас быў ужо не такiм упэўненым. «Як навошта? А вы, што, у мяне на балконе навобмацак у цемры будзеце працаваць?» Замест адказу — кароткiя гудкi.

Але гэта яшчэ не ўсё! Дома мяне чакаў аформлены дагавор на аказанне паслуг з памылкамi ледзь не ў кожным слове, але затое з рэквiзiтамi i пячаткай нейкага таварыства з абмежаванай адказнасцю. Згодна з iм, за два даводчыкi i за тое, што мне запеняць шчылiну пад падаконнем я павiнна была заплацiць восемдзесят адзiн рубель (новымi)! Такая вось арыфметыка. Дык гэта добра, што мая пiльная мацi не пусцiла жвавага майстра ў хату. Бо тады б давялося плацiць: «работы» выкананы, а тое, што згоды на iх нiхто не даваў, — дзе гэта прапiсана?..

Зрэшты, калi разабрацца, людзi проста, спрабуючы зарабiць грошы, круцяцца як умеюць. Прычым у прамым сэнсе слова круцяцца, бо ў апiсанай схеме менавiта iмклiвасць, з якой усё робiцца, здольная збiць з панталыку нават самых пiльных. Тут да спрыту варта дадаць яшчэ «адсочванне актуальных рэалiй». Былi на слыху вокны — пайшлi рамантаваць вокны, цяпер, глядзiце, стануць званiць на прадмет праверкi газавага ацяпляльнага абсталявання (прапаноўваючы замянiць на супернадзейнае) або замены пажарных апавяшчальнiкаў на «больш сучасныя» (па адпаведнай цане), увесну ў старых дамах можа стаць «у трэндзе» бяспека балконаў... Працаваць будуць паралельна з тымi, хто павiнен па службовых абавязках займацца гэтымi пытаннямi, i цi ўсе хатнiя гаспадынi i пенсiянеры змогуць адрознiць адных ад другiх? Спрытныя прадпрымальнікі ж насамрэч нiчога крымiнальнага не робяць, проста зарабляюць грошы, забiраючы iх у тых самых хатнiх гаспадынь i пенсiянераў. Не вельмi сумленна з пункту гледжання маралi, але ж за гэта ў нас не караюць.

Атрымлiваецца, i яны — не махляры, i мы — не ахвяры. Проста адны занадта прадпрымальныя, другiя — занадта даверлiвыя. Што цiкава: калi паасобку, дык гэтыя якасцi — сярод найлепшых чалавечых...

Алена ЛЯЎКОВIЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».