Вы тут

Чыстая перамога Дональда Трампа


Дональд Трамп, які стаў Прэзідэнтам ЗША, уразіў свет — ён здолеў зрабіць гэта. Па ўсіх цвярозых разліках, ён павінен быў прайграць гэтыя выбары. Супраць яго мог спрацаваць дэмаграфічны фактар. Яго сутнасць у тым, што з кожным годам у ЗША белых выбаршчыкаў становіцца ўсё менш, а выбаршчыкаў «каляровых» — усё больш. Кожны год у Амерыку прыязджаюць мільёны і мільёны новых імігрантаў. Даволі хутка яны атрымліваюць грамадзянства і могуць галасаваць на выбарах. Пры гэтым «каляровае» насельніцтва ўстойліва падтрымлівае Дэмакратычную партыю і галасуе на прэзідэнцкіх выбарах за кандыдатаў ад дэмакратаў. Напрыклад, 70—80 працэнтаў лацінаамерыканцаў — найбольш шматлікай групы «каляровага» насельніцтва ЗША — галасуюць толькі за кандыдата ад Дэмакратычнай партыі. Супраць Трампа таксама выступіў істэблішмент Амерыкі, які раздражнёна пырхаў кожны раз, калі ён, асабліва не цырымонячыся, пачынаў «выносіць смецце з хаты». А гэта ў ЗША галоўная сіла. Нават сродкаў на правядзенне кампаніі Хілары Клінтан сабрала значна больш за свайго канкурэнта.


Здавалася, што моц амерыканскай сістэмы, якая аб'яднала большасць прадстаўнікоў эліты, не зможа быць пераадолена бунтаром супраць асноў. Дональд Трамп здолеў зрабіць гэта. Лагічнае пытанне: як у яго гэта атрымалася?

Ствараецца яснае ўражанне, што ягоныя праціўнікі проста недаацанілі сітуацыю. Узяць, напрыклад, вынікі сацыялагічных апытанняў, пераважная большасць з якіх праводзілася і была абнародавана сапернікамі Трампа. Пастаянныя запэўніванні ў тым, што Хілары Клінтан нашмат апярэджвае свайго канкурэнта, сыгралі для яе фатальную ролю. Прыхільнікі Клінтан, упэўненыя ў яе гарантаванай перамозе, расслабіліся, і адным з фактараў перамогі Трампа стала тое, што многія з іх проста не прыйшлі прагаласаваць. У сваю чаргу прыхільнікі Трампа, напалоханыя прагнозамі, па якіх ён гарантавана прайграе, паспрабавалі пераламаць сітуацыю: яны масава прыйшлі і прагаласавалі. Гэта не першыя выбары, прайграныя з-за таго, што каманда відавочнага фаварыта і яго прыхільнікі празмерна расслабіліся і зрабілі няправільныя крокі. І не апошнія.

Наступнай памылкай стала занадта «бруднае» вядзенне кампаніі супраць Трампа. За нейкія некалькі тыдняў раптам адразу 12 жанчын прад'яўляюць абвінавачванні Трампу ў непрыстойных паводзінах. І звычайнаму амерыканскаму выбаршчыку стала ясна, што Трамп, вядома, не анёл, але гэта ўжо занадта. Таму што калі гэта праўда, а не чорны піяр-ход, то дзе ж у папярэднія гады ўсе гэтыя абураныя паводзінамі Трампа жанчыны былі і чаму ніколькі не імкнуліся агучыць свае абвінавачванні?

Перамога Трампа сігналізуе пра многае. У тым ліку пра тое, што ў ЗША сапраўды назапасілася шмат праблем, якія дамінуючы тыпаж палітыкаў аказаўся няздольным вырашыць. Нягледзячы на відавочныя праблемы, нормай жыцця для паспяховага палітыка сталі саладжавыя ўсмешкі, імкненне на словах усім дагадзіць і нікога не пакрыўдзіць, нежаданне абмяркоўваць у адкрытую вострыя сітуацыі. Паліткарэктнасці стала занадта шмат для Амерыкі, яна лепш падыходзіць Еўрасаюзу з больш выпешчаным і інтэлектуальным выбаршчыкам, чым краіне, у якой насельніцтва прасцейшае і ніколі само сябе занадта рафінаваным не лічыла. Дзіўна, але мільярдэр, які рэжа праўду-матку пра вострыя праблемы, падаўся амерыканцам, якія часта не абцяжараныя лішнімі грашыма, больш сваім, чым больш бедная ў параўнанні з Трампам Клінтан.

Моцным бокам Трампа стаў адыход ад звыклых стэрэатыпаў, у адпаведнасці з якімі кандыдат ад дэмакратаў павінен прытрымлівацца праграмы Дэмакратычнай партыі, а кандыдат ад рэспубліканцаў — праграмы Рэспубліканскай партыі. Праграма Трампа змешаная — у ёй ёсць свае прывабныя бакі і для тых, і для іншых. Для самога Трампа гэта ператварылася ў масу праблем на стадыі вылучэння і праймерыз, калі вядомыя члены Рэспубліканскай партыі адмаўлялі яму ў падтрымцы з-за негатоўнасці адмовіцца ад прывычнай для іх ідэалогіі.

Адыграла сваю ролю і экстравагантнасць Трампа. Удасканаленыя ім за доўгі час працы тэлевядучым шоу прыёмы заваявалі сэрцы выбаршчыкаў там, дзе не змаглі заваяваць іх розум. Па статыстыцы, Трамп з разгромным лікам прайграў усе тэледэбаты Хілары Клінтан. Хілары была больш пераканаўчай і рацыянальнай. Але Трамп здолеў спадабацца амерыканцам, а выбаршчык часта галасуе не на карысць больш рацыянальнага і дасведчанага палітыка, а больш шчырага. Так было ў свой час з перамогай Рональда Рэйгана, акцёра, які пераканаўча выканаў ролю кандыдата ў прэзідэнты і стаў адным з самых вядомых прэзідэнтаў ЗША. Дональд Трамп пачаў падобным чынам, і ў яго ёсць шанц падобным чынам працягнуць.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.