Вы тут

Якія рызыкі тоіць у сабе наведванне саматужнай цырульні


Аксана адчула сябе дрэнна яшчэ на рабоце. Раптам забалела галава, адчувалася ламата ва ўсім целе, пад вечар паднялася тэмпература. Першая думка была пра грып. Хоць яшчэ як быццам няма эпідэміі, але ж каварны вірус можа спасцігнуць не толькі ў сезон захворванняў. Малады офісны работнік адпрасілася ў кіраўніцы крыху раней з цвёрдым намерам вылежаць усе выхадныя ў ложку ў спадзяванні, што арганізм справіцца. Але лепей не стала, дабавіліся рвота, болі ў жываце, а родныя заўважылі, што скура дзяўчыны набывае жоўтае адценне.


Медыкі хуткай дапамогі адразу западозрылі вірусны гепатыт, дзяўчыну адвезлі ў бальніцу. Абследаванне пацвердзіла папярэднія меркаванні. Дыягназ парэнтэральны вірусны гепатыт азначае, што чалавек заражаецца праз кроў. Дзяўчыне прапанавалі ўспамінаць, дзе і як магло адбыцца заражэнне. Прыём наркотыкаў, а таксама інфіцыраванне палавым шляхам адпадала, пераліванне крыві ці іншыя маніпуляцыі ў медустановах дзяўчыне не рабілі. Як высветлілася, зубы яна лячыла даўно ў вядомага ў іх райцэнтры прыватнага стаматолага. Цырульню маладая асоба наведвае лепшую ў горадзе, і майстар, гаваркая Юлія, кожны раз расказвае, як часта іх правярае санітарная служба, і як старанна яны апрацоўваюць інструменты. Лечачы ўрач, здаецца, недарэмна спытала ў Аксаны, калі яна праколвала вушы.

...Але ж у Антаніны Пятроўны, былой медсястры, праколвалі амаль усе дзяўчаты з іх класа гадоў восем таму. Тады яна крыху баялася і вось толькі зараз адважылася. Да пажылой жанчыны з суседняга дома і цяпер бегаюць дзяўчынкі-школьніцы, якія хочуць насіць завушніцы. Хоць гэтую працэдуру даўно можна зрабіць у медыцынскай установе.

Аксана, спецыяліст з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, ведае, што даказаць цяпер нічога немагчыма, але зараз яна і дзясятаму закажа неабачліва ставіцца да свайго здароўя. Бо наступствы перанесенага ў вострай форме гепатыту могуць даваць аб сабе знаць усё далейшае жыццё.

Прыведзеная вышэй гісторыя — карцінка з натуры аднаго раённага стацыянара. І такіх, альбо крыху іншых карцінак, на жаль, можна накрэсліць вельмі шмат. Толькі ў Брэсцкай вобласці за першыя дзевяць месяцаў года выяўлена 662 новыя выпадкі вірусных гепатытаў з парэнтэральным механізмам заражэння. У вострай форме, як было апісана вышэй, хвароба працякала ў 1,6 працэнта пацыентаў, астатнія хварэюць у хранічнай форме альбо сталі носьбітамі віруса. І варта адзначыць, што большасць людзей атрымалі гэту небяспечную хваробу палавым шляхам, што абумоўлена паводзінамі людзей, іх асабістым выбарам.

Але, як паведаміла Таццяна КОРЧЫК, якая выконвае абавязкі галоўнага ўрача Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, прааналізаваўшы ўсе выпадкі, урачы атрымалі падставу для меркавання, што 26 чалавек захварэлі пасля розных немедыцынскіх маніпуляцый. Напрыклад, гэта магло здарыцца ў цырульні пры карыстанні інструментамі, якія патрабуюць правільнай дэзынфекцыі пры адсутнасці апошняй.

У ходзе сёлетняга эпідэміялагічнага расследавання гепатытаў В і С у 17 чалавек, якія жывуць у Пінску, Кобрынскім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Ляхавіцкім раёнах, спецыялісты не выключылі магчымасць інфіцыравання пры правядзенні манікюру, педыкюру, нарошчванні пазногцяў па-за спецыялізаванымі аб'ектамі, часцей за ўсё — па месцы пражывання.

Восем чалавек, гаворка ідзе пра жыхароў Пружанскага, Лунінецкага, Драгічынскага, Кобрынскага раёнаў, захварэлі пасля нанясення татуіровак, адзін — пасля праколвання вушэй. Сцвярджаць адназначна пра тую ці іншую крыніцу віруса ніхто не мае права, але, як кажуць спецыялісты, надта ж ужо характэрныя супадзенні.

Паводле слоў загадчыка аддзела камунальнай гігіены абласнога ЦГЭГЗ Максіма БАГДАНОВІЧА, сёлета санэпідслужба асаблівы ўпор зрабіла на праверкі цырульняў і салонаў прыгажосці. За студзень-верасень было праверана 347 названых устаноў. Рознага кшталту парушэнні выяўлены ў 80 працэнтаў правераных аб'ектаў, у тым ліку ёсць хібы непасрэдна пры аказанні паслуг. Максім Сяргеевіч падкрэсліў, што спецыялісты ва ўсіх раёнах маюць тыповыя праграмы кантролю якасці названых паслуг. І накіроўваючыся на праверку, стараюцца асаблівую ўвагу ўдзяліць галоўным складальнікам бяспекі. Напрыклад, калі ў цырульні не памытая падлога, гэта таксама парушэнне, за якое трэба спытаць з кіраўніка. Але ж нават неспецыяліст разумее, што заразіцца тым жа гепатытам з прычыны бруднай падлогі нельга. Іншая справа — не апрацаваныя належным чынам нажніцы альбо шчыпцы. Гэта альфа і амега работы цырульніка. Максім Багдановіч лічыць, што работнікі сферы бытавога абслугоўвання ў абсалютнай большасці сваёй разумеюць адказнасць. Ні сёлета, ні летась не было выяўлена выпадкаў гепатытаў ці іншых інфекцый, дзе б людзі наракалі на легальныя цырульні.

— А вось падпольныя, паўпадпольныя кабінеты, майстры па выкліку пакуль з'яўляюцца праблемай, — сказала загадчыца аддзела эпідэміялогіі Алена ПАДУШКІНА.

Усе выпадкі заражэння, пра якія гаварылася вышэй, дапушчаны менавіта ў саматужных майстэрнях прыгажосці. Алена Антонаўна выказала шкадаванне, што людзі карыстаюцца паслугамі прыватных цырульнікаў, якія не маюць адпаведнага дазволу, гэта значыць практыкуюць незаконна. Але самае горшае, што гэтыя людзі не вельмі клапоцяцца пра чысціню рабочых інструментаў. Не ўсе з іх сёння маюць той узровень свядомасці, каб падтрымліваць інструменты шматразовага выкарыстання ў належным стане, бо гэта каштуе грошай. Адваротнае ж нярэдка каштуе здароўя кліентам. Калі людзі звяртаюцца да сумніўнага майстра па меркаваннях эканоміі, яны павінны ведаць пра небяспеку, падкрэсліла Алена Падушкіна.

* * *

Мая сяброўка шмат гадоў карыстаецца паслугамі майстра-цырульніка Алены, якая прыязджае ў любы зручны час па выкліку. Вядома, што Алена мае цэлую сетку кліентаў, якіх абслугоўвае падобным чынам. Пры падрыхтоўцы матэрыялу я падзялілася з сяброўкай вышэйпрыведзенай інфармацыяй. На што тая адказала так: "Калі я паўтара месяца ляжала ў бальніцы, то мая цырульніца прыязджала да мяне і туды, каб паправіць прычоску. Майстар з якога салона праявіць падобную ўвагу да кліента? Я ведаю яе даўно, і давяраю Алене". Што ж, кожны робіць свой выбар сам. Але рызыку трэба ўлічваць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Каб за прыгажосць не заплаціць здароўем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».