Вы тут

Дырэктар завода «Конус»: «Да любога заказу адносімся адказна»*


Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з дырэктарам унікальнага прадпрыемства, на якое заказчыкі едуць нават з Ульянаўска, — Лідскага завода гарачага цынкавання «Конус» Андрэем Жамойда.


— Ідэя стварэння нашага прадпрыемства з'явілася ў Нацыянальнай акадэміі навук яшчэ ў 2008 годзе, — расказвае Андрэй Пятровіч. — У рэспубліцы на той час прадпрыемствы па гарачым цынкаванні адсутнічалі, а патрэба ў іх была велізарная. Вялася татальная мадэрнізацыя малочна-таварных фермаў, і неабходна было абараняць абсталяванне ад агрэсіўнага асяроддзя, якое выклікала карозію металу. А найлепшая абарона ад карозіі — гарачы цынк, бо фарбаванне вырашае праблему толькі часова.

У гэты час кіраўнік краіны паставіў задачу прывесці ў парадак дарогі, асноўныя транспартныя артэрыі. І патрэбна была дапамога ў апрацоўцы гарачым цынкам шматлікіх металаканструкцый — адбойнікаў, агароджаў, сетак ад жывёлы і гэтак далей.

У выніку вясной 2010 года Прэзідэнт падпісаў адпаведны Указ. Месцам размяшчэння была выбрана вёска Даліна на ўскрайку Ліды, у свабоднай эканамічнай зоне Гродна, што дало шэраг прэферэнцый.

Першы камень у падмурак завода быў закладзены ў канцы 2010 года з удзелам прэм'ер-міністра, старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, губернатара, кіраўніцтва РНПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі — а гэта наш галоўны заснавальнік — і мясцовай выканаўчай улады.

Пабудавалі прадпрыемства хутка. У кастрычніку 2011-га адбылося распальванне ванны для цынкавання. Затраты на наша будаўніцтва склалі больш за 20 мільёнаў долараў. Усё гэта былі пазыковыя сродкі, якія патрэбна да канца 2018 года вярнуць. Абсталяванне паставіла кампанія Джымека, якая выйграла конкурс. Яе абсталяванне лепш за ўсё падыходзіла па тэхнічных параметрах, як і прапанаваная тэхналогія.

Ацын­коў­шчы­кі Дзміт­рый Кіс­лы і Аляк­сандр Кіс­ляк пра­цу­юць у ахоў­ным спец­адзен­ні — по­бач рас­плаў­ле­ны ме­тал, тэм­пе­ра­ту­ра яко­га да­ся­гае  450 гра­ду­саў па Цэль­сію.

Пасля завяршэння пусканаладачных работ у сакавіку 2012 года атрымалі першую прадукцыю. З таго моманту прадпрыемства прыступіла да аказання паслуг па гарачым ацынкаванні. Пры гэтым працягваем развівацца, і дастаткова дынамічна. Завод штогод дабаўляе аб'ёмы ацынкавання халодных сталяў і металаканструкцый.

Прадстаўляем суразмоўцу

Родам з суседняй Бярозаўкі. Пасля службы ў арміі працаваў вадзіцелем у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, потым перайшоў на шклозавод «Нёман». Пачынаў з рабочага, хімпаліроўшчыка. У хуткім часе быў прызначаны майстрам змены. Далейшыя прыступкі службовай лесвіцы: намеснік начальніка цэха, вядучы інжынер, начальнік навукова-тэхнічнага цэнтра. Затым намеснік галоўнага інжынера, намеснік дырэктара, галоўны інжынер шклозавода. У 2013 годзе сям'я змяніла месца жыхарства, пераехала ў Ліду, і яго кандыдатура была ўзгоднена на пасаду кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства «Конус».

— Але спачатку былі пэўныя складанасці з заказамі. Як вы з імі справіліся?

— Пэўныя складанасці ў самым пачатку былі звязаны з тым, што ў тэхнічных дакументах прадпрыемстваў такі важны пункт, як абарона ад карозіі, быў запісаны недзе ў самым канцы. І каб загрузіць свае магутнасці, мы выбралі два кірункі. Па-першае, служба маркетынгу ўшчыльную занялася вывучэннем рынку — як унутры Беларусі, такі і ў блізкім замежжы. І пачала актыўна прапаноўваць нашы паслугі. І па-другое, паклапаціліся пра ўнясенне змяненняў у нарматыўную дакументацыю, каб гарачае цынкаванне паставіць у прыярытэт. Праводзілі нарады на шэрагу прадпрыемстваў, з буйнымі арганізацыямі, з намеснікамі міністраў усіх зацікаўленых міністэрстваў, якія маглі стаць і сталі асноўнымі заказчыкамі.

У выніку агульных старанняў у 2015 годзе быў падпісаны дакумент, які ўносіў змяненні ў нарматыўную дакументацыю. І сёння сярод мерапрыемстваў па абароне ад карозіі гарачае ацынкаванне знаходзіцца наперадзе. Усё, што ўзводзіцца ў краіне і дзе дазваляюць тэхнічныя магчымасці, цынкуецца. У выніку эканомяцца надзвычай вялікія сродкі — як непасрэдна для заказчыка, так і для краіны ў цэлым. Бо мінімальны тэрмін эксплуатацыі вырабаў, пакрытых гарачым цынкам, — 25 гадоў і больш. А практыка паказвае, што такія вырабы могуць служыць у сярэднім 50 гадоў. У той час, як любое лака-фарбавае пакрыццё служыць два-тры гады. Узровень абароны металу зусім іншы. У нас — на малекулярным узроўні.

Потым мы пайшлі далей і цяпер абараняем самае дарагое для любога прадпрыемства, асяродак любой вытворчасці — сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Заключылі кантракт на суправаджэнне нашых работ з нямецкай кампаніяй «Хервік», якая пастаўляе сучасныя тэхналогіі цынкавання і хімічныя інгрэдыенты.

У гэ­тай са­май вя­лі­кай у Еў­ро­пе ван­не га­ра­ча­га цын­ка­ван­ня  апра­цоў­ва­юць ме­та­ла­кан­струк­цыі ва­гою да шас­ці тон.

Напрацаваны пэўны вопыт, і сёння да нас едуць па яго дзясяткі прадстаўнікоў заводаў Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы. Калі паглядзець ролікі, знятыя падчас нашых паездак да замежных калег, то вы пераканаецеся, што наша вытворчасць — найбольш перадавая і з пункту гледжання арганізацыі, і з пункту гледжання тэхналогій, тэхнікі бяспекі. Нават на еўрапейскіх прадпрыемствах (не будзем канкрэтызаваць, каб нікога не пакрыўдзіць) устаноўлены невялікія адкрытыя ванны для падрыхтоўкі вырабаў да цынкавання, ванна для цынкавання, у якой — расплаўлены метал, яго тэмпература 450 градусаў. У вытворчасці прымяняецца значна большы працэнт ручной работы, чым у нас. Персанал, які абслугоўвае працэс, дыхае парамі салянай кіслаты на працягу змены, і гэта лічыцца нормай. У нас жа працуе аўтаматызаваная лінія, а ванны падрыхтоўкі вырабаў да цынкавання размешчаны ў ахоўна-выцяжным корабе. Ванна з цынкам даўжынёй 15 метраў таксама закрытая, бакавыя сценкі яе аўтаматычна паднімаюцца толькі для выканання вельмі невялікай колькасці аперацый, скажам, ачысткі цынкавага люстэрка. Усімі асноўнымі працэсамі кіруе аўтаматыка па зададзенай праграме. У залежнасці ад металу, ад таго, наколькі ён пашкоджаны іржой, на камп'ютары выстаўляецца час траўлення, іншых аперацый. А іх па тэхналогіі шмат — абястлушчванне паверхні, прамыўка, флюсаванне, сушка і іншыя. Шмат сваіх нюансаў. Скажам, таўшчыня цынкавага пакрыцця можа быць ад 40 да 200 мкм — у залежнасці ад маркі сталі, таўшчыні металу і пажадання заказчыка.

Прадукцыйнасць лініі — да 3 000 тон металу ў месяц. Але ў сваёй рабоце на першы план ставім нават не колькасць, а якасць, культуру вытворчасці. На гэта нацэлены аддзел тэхнічнага кантролю, кантралёры якога таўшчынамерам замяраюць таўшчыню пакрыцця, даследуюць знешні выгляд, каб не было не пакрытых цынкам участкаў, наплываў, уздуццяў. Праводзіцца рэгулярная праверка ўсіх працэсаў і вырабаў з запісам у журналах. Працуе сістэма менеджменту якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ІSO 9001-2009. Сучаснае кіраванне якасцю на прадпрыемстве развіваецца па кірунку папярэджання памылак, і гэта дае большы эфект, чым іх выяўленне і выпраўленне. Акрамя таго, пытаннямі якасці займаецца не толькі аддзел тэхнічнага кантролю, яны сталі клопатам кожнага.

Так што ў пераліку прыярытэтаў спачатку ідзе якасць, потым — тэрміны выканання работ, і толькі тады — цана. Дзякуючы гэтаму ў структуры заказаў больш за 50 працэнтаў — заказы на экспарт. Прыток валюты ў краіну перавысіў 3 мільёны 200 тысяч долараў.

Кан­струк­цыі, па­кры­тыя ахоў­ным ан­ты­ка­ра­зій­ным сло­ем цын­ка, га­то­выя да ад­праў­кі за­каз­чы­ку. На пя­рэд­нім пла­не кла­даў­шчы­ца Свят­ла­на Ка­ра­бач.

— Але ж пералік сваіх паслуг вы не абмяжоўваеце толькі ацынкаваннем.

— Аказваем паслугі па лагістыцы, для чаго арандуем транспарт і маем свой транспартны цэх. У тым ліку велікагрузныя аўтамабілі, на якіх дастаўляем у Расію буйнагабарытныя дэталі. 800 тысяч долараў зарабілі на лагістыцы.

Выконваем заяўкі на падрыхтоўку металаканструкцый да гарачага цынкавання, а гэта 10 працэнтаў ад кошту паслугі. Плюс займаемся ўпакоўкай, што таксама мае сваю цану. І гэта дае магчымасць кожнаму структурнаму падраздзяленню акупляць сябе, а прадпрыемству падтрымліваць вытворчы працэс на высокатэхналагічным узроўні.

Асвойваем сумежныя, скажам так, прафесіі. Наладзілі вытворчасць металічных апор асвятлення — як па тыпавых, так і індывідуальных праектах.

— Наколькі нам вядома, старанне калектыву заўважана.

— Па выніках работы за 2014 год калектыў стаў лідарам галіны. У мінулым годзе завод гарачага цынкавання названы найлепшым з сарака прадпрыемстваў Лідчыны. Усё гэта — дзякуючы нашым спецыялістам, рабочым. Без спрактыкаванага спецыяліста нічога не даб'ешся. Да нас часта прыязджаюць замежныя калегі, у якіх тэхналогіі — найноўшыя і хапае грошай на пастаяннае абнаўленне абсталявання. А нешта не атрымліваецца так, як хацелася б. Бо гарачае ацынкаванне патрабуе ідэальнага выканання тэхналогіі. Распытваюць, якія ў нас сакрэты. А галоўны сакрэт — нашы людзі. Сёння калектыў сфарміраваны дасведчаны, з любымі праблемамі спраўляецца.

У сваю чаргу, клапоцімся пра калектыў. Людзей збіраюць і прывозяць на змену і развозяць са змены свае аўтобусы. Створаны цудоўныя бытавыя ўмовы — як і мае быць на новым прадпрыемстве. Набываем сродкі індывідуальнай абароны, форменнае адзенне, уцепленыя курткі, каб людзі на змене адчувалі сябе камфортна. Усе работнікі застрахаваны, і кожны абслугоўваецца ў гарадской паліклініцы без чаргі. Аказваем адчувальную матэрыяльную дапамогу для закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі, збораў дзяцей у школу перад новым навучальным годам. Працуе пакой прыёму ежы. Сярэдні заробак — каля васьміста рублёў.

Сім­ва­лам і сво­е­а­саб­лі­вым та­ліс­ма­нам прад­пры­ем­ства з'яў­ля­ец­ца  Зеўс-гра­ма­вер­жац, яго ме­та­ліч­ная фі­гу­ра ўзвыш­аец­ца пе­рад ува­хо­дам у будынак завода.

— Якімі заказамі ганарыцеся, Андрэй Пятровіч?

— У Беларусі толькі два прадпрыемствы гарачага цынкавання. У Расіі — 63. Чаму тады расіяне вязуць за паўтары тысячы кіламетраў свае заказы нам? Не толькі з Санкт-Пецярбурга і Маскоўскай вобласці, але і нават з Ульянаўска. Іх задавальняе якасць. Так што калі паступае ад суседзяў заказ на гарачае цынкаванне дастаткова складаных кабелянясучых канструкцый, а гэта выраб з тонкага ліставога металу, досыць капрызны, са сваім «характарам», то гэта выклікае пачуццё задаволенасці і гонару за свой калектыў. Раней Расія цынкавала такія канструкцыі ў Сербіі, Аўстрыі, Польшчы, Італіі. А цяпер цынкуецца толькі ў нас.

Уласна кажучы, да любога заказу адносімся адказна — да апор ЛЭП ці вулічнага асвятлення, вышак сотавай сувязі, апор канатных дарог, кантэйнераў па зборы адходаў для ЖКГ, тым больш — вугалкоў для апор ліній электраперадач на Беларускую АЭС, труб, металічных лесвіц, канструкцый для марскіх партоў.

— Раскажыце, калі ласка, пра сувязь з навукай.

— Мы цесна працуем з Нацыянальнай акадэміяй навук, з іх боку аказваецца значная дапамога. Дзякуючы гэтым кантактам дабіліся таго, што вытворчасць наша стала безадходнай, усе адходы пасля цынкавання прадаём на біржы і атрымліваем грошы. Можна сказаць, што наш вытворчы цыкл цалкам наблізіўся да замкнутага. У Еўропе да гэтага толькі ідуць, у суседзяў-расіян такога няма. Еўрапейская асацыяцыя ацынкоўшчыкаў ужо раіць некаторым замежным прадпрыемствам прыехаць да нас і павучыцца.

Гутарыў Уладзімір Хількевіч

Фота Яўгена Пясецкага

Ад рэдакцыі. Творчая група шчыра дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі начальніку аддзела маркетынгу Сяргею Буракевічу і начальніку аддзела тэхнічнага кантролю Івану Толкачу.


* - На правах рэкламы.

Загаловак у газеце: Металургі з даліны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.