Вы тут

Як выхаваць уласніка?


Згодна з праграмай развіцця нашай краіны, якая была ўхвалена на пятым Усебеларускім народным сходзе, адна з сістэмных урадавых задач — «стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, сферы паслуг ва ўвязцы са стратэгіяй рацыянальнага імпартазамяшчэння». Пра тое, якую ролю ў вырашэнні гэтай задачы іграе кіраванне дзяржаўнай маёмасцю, «Звязда» распытала дырэктара фонду «Гомельаблмаёмасць» Кацярыну ЗЕНКЕВІЧ.


— Кацярына Анатольеўна, лічыцца, што адна з першых прыкмет цяжкіх часоў — закінутыя будынкі. Як дзяржава ў асобе фонду, якім вы кіруеце, змагаецца з падобнай з'явай?

— Пустыя будынкі — далёка не заўсёды прыкмета заняпаду. Маёмасць вызваляецца і ў выніку мадэрнізацыі вытворчасці, аптымізацыі колькасці работнікаў або ў іншых сітуацыях. Наша галоўная задача — зрабіць так, каб нерухомасць працавала. Утрыманне пустых памяшканняў дорага абыходзіцца ўласніку, акрамя таго, гэта маёмасць не ўдзельнічае ў вытворчасці альбо аказанні паслуг. Эфектыўнае выкарыстанне сваёй уласнасці — неабходная ўмова для паспяховай эканамічнай дзейнасці і дзяржавы, і прыватніка.

У бягучым годзе нам удалося 65% аб'ектаў, якія не выкарыстоўваліся, вярнуць у гаспадарчую дзейнасць, у тым ліку амаль 80 аб'ектаў было прададзена. Не важна, каму гэтая нерухомасць будзе належаць. Галоўнае, каб на яе базе была створана вытворчасць, аказваліся паслугі, былі адкрыты новыя рабочыя месцы, выплачвалася зарплата людзям, падаткі ў бюджэт, а значыць, фінансавалася ахова здароўя, адукацыя, культура, дарогі.

Пытанні распараджэння нерухомасцю цікавяць усіх: ад фізічных асоб да прадстаўнікоў буйнога бізнесу. Мы глядзім на гэта больш глабальна. Дзяржава як уласнік праз распараджэнне маёмасцю выконвае ўзятыя на сябе сацыяльна-эканамічныя задачы. У існуючых макраэканамічных умовах дзяржаўная ўласнасць стала пунктам апоры беларускай эканомікі, падмуркам для развіцця дзелавой ініцыятывы, арганізацыі самазанятасці насельніцтва. Рацыянальнае выкарыстанне маёмасці дазваляе цвёрда стаяць на нагах.

Зараз актыўна аналізуюцца ўсе аспекты, якія ўплываюць на дзелавую актыўнасць у грамадстве. Да асноўных цяжкасцяў для стварэння і развіцця ўласнай справы прадпрымальнікі ў першую чаргу адносяць высокі кошт крэдытаў, падаткі і нестабільнасць нацыянальнай валюты, потым — зменлівасць заканадаўства. Пры гэтым адзначаецца, што праблем у набыцці нерухомасці для размяшчэння бізнесу няма.

Склад па вуліцы Савецкай у Ельску.

— Якія асноўныя прынцыпы распараджэння дзяржаўнай маёмасцю ў нашай краіне?

— Празрыстасць і павышаная адказнасць за вынік. Нерухомасць — вельмі важная ўмова для поспеху ў бізнесе. Разам з тым аперацыі з нерухомасцю знаходзяцца ў ліку найбольш рызыкоўных сектараў прадпрымальніцкай дзейнасці ва ўсім свеце. За апошнія 3—5 гадоў у Беларусі адбыліся відавочныя пазітыўныя змены ў правілах вядзення бізнесу. Яны спрыяюць яго развіццю, фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, інавацыйнай дзейнасці, стварэнню новых працоўных месцаў, насычэнню рынку таварамі і паслугамі, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця беларусаў. Дзяржаўная ўласнасць стала даступнай для ўсіх і прывабнай для інвестараў.

— Наколькі шмат аб'ектаў на Гомельшчыне патрабуе вяртання ў гаспадарчую дзейнасць?

— Дзякуючы сістэмнай рабоце ў сферы кіравання і распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, удзельная вага нявыкарыстанай плошчы ў Гомельскай вобласці з'яўляецца адной з самых нізкіх у рэспубліцы. За 5 апошніх гадоў у рэгіёне праведзена работа больш чым на трох тысячах такіх аб'ектаў, каля трэці з іх былі знесены, больш за 2 тысячы — зноў задзейнічаны ў гаспадарцы, з іх каля 30% знайшлі новых уласнікаў. Па колькасці ўцягнутых у гаспадарчую дзейнасць аб'ектаў наша вобласць стабільна знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях.

Той жа будынак пасля продажу кампаніі для вытворчасці мэблі.

— Пад што можна выкарыстоўваць будынкі, якія прапануе фонд?

— Ёсць аб'екты для любых мэт — для арганізацыі вытворчасці, рознічнага і аптовага гандлю, грамадскага харчавання, аказання паслуг насельніцтву, адміністрацыйныя і складскія памяшканні, для будучых гасцініц, аграэкатурызму, культурна-аздараўленчых устаноў і для жылля. Больш канкрэтны від дзейнасці, вядома, вызначае новы ўласнік маёмасці. Сёлета мы прапаноўваем каля 200 аб'ектаў дзяржаўнай нерухомасці па ўсёй Гомельшчыне. Значную частку іх можна набыць на аўкцыённых таргах.

— Пад якія мэты часцей за ўсё набываюць пустыя памяшканні?

— Самую вялікую колькасць аб'ектаў набываюць бізнесмены для вытворчасці — каля 40%. На нашых аб'ектах рэалізуецца цэлы шэраг паспяховых праектаў. З 2008 года на іх адкрыта больш за 1,5 тысячы новых рабочых месцаў, укладзена каля 10 млн рублёў і больш за 2 млн долараў інвестыцый, ажыццяўляецца камерцыйная дзейнасць.

Далей па папулярнасці ідзе гандаль (каля 20%). У апошні час павялічыўся попыт на аб'екты для рэканструкцыі пад жыллё.

— Ці ёсць перавага ў набыцці менавіта дзяржаўнай нерухомасці?

— Мяркуйце самі. У адпаведнасці з нормамі Указа №294 (ад 4 ліпеня 2012 г. «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю) пачатковы кошт продажу аб'ектаў паэтапна зніжаецца: ад 20% ад ацэначнага кошту да 1 базавай велічыні, гэта значыць, да 21 BYN. Сёлета мы прадалі больш за 50% аб'ектаў з пачатковай цаной продажу, якая роўная базавай велічыні.

Прычым, набываючы аб'екты нерухомасці на тэрыторыі малых і сярэдніх гарадоў, сельскай мясцовасці, зямельны ўчастак для абслугоўвання нерухомасці прадастаўляецца без збірання платы за права заключэння дагавора арэнды.

Акрамя продажу, атрымаць дзяржаўную маёмасць для прадпрымальніцкай дзейнасці можна шляхам перадачы маёмасці ў бязвыплатнае карыстанне пад стварэнне працоўных месцаў, а таксама шляхам бязвыплатнай перадачы яе ва ўласнасць для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.

— Дзяржаўную маёмасць можна атрымаць дарма?

— Так. Ёсць два спосабы. Першы: маёмасць аддаецца на пэўны тэрмін пад аформленыя дагаворам абавязацельствы па стварэнні працоўных месцаў. У такім выпадку карыстальнік пакрывае толькі налічаную амартызацыю, падаткі на нерухомасць і зямлю, аплачвае камунальныя паслугі.

Другі спосаб: маёмасць перадаецца ў прыватную ўласнасць для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. Для гэтага інвестар павінен падрыхтаваць інвестыцыйны праект, рэалізацыя якога будзе знаходзіцца на кантролі ў дзяржавы.

Абодва варыянты досыць даўно рэалізуюцца ў Гомельскай вобласці. Больш за тое, на Гомельшчыне ўпершыню ў рэспубліцы прапанаваная магчымасць выбару спосабу набыцця нерухомасці: ад аўкцыённых таргоў да бязвыплатнай перадачы ў часовае карыстанне або ва ўласнасць. Выбар аб'ектаў досыць шырокі. Адначасовае спалучэнне некалькіх спосабаў набыцця аб'екта пашырае круг патэнцыйных інвестараў.

— Наколькі інфармацыя пра такія аб'екты даступная для патэнцыйнага інвестара?

— Інфармацыя пра таргі рэгулярна размяшчаецца ў сродках масавай інфармацыі і адкрытым доступе на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь у Адзінай інфармацыйнай базе дзяржаўнай маёмасці, а таксама на сайце фонду.

На нашым сайце размешчана не толькі інфармацыя пра прызначаныя аўкцыёны, але ёсць таксама пералік усіх аб'ектаў, якія прапанаваныя на продаж, у тым ліку для фізічных асоб — з мэтай рэканструкцыі пад жыллё. Таксама на сайце размешчана інфармацыя і пра аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца, у іншых рэгіёнах.

— Вы сказалі, што рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ў выпадку бязвыплатнай яго перадачы знаходзіцца на кантролі дзяржавы. Што чакае інвестара, які не выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы?

— Пакупнікі бяруць на сябе пэўныя абавязацельствы і пры набыцці аб'ектаў з пачатковай цаной продажу ў памеры 1 базавай велічыні. Выкананне ўмоў такіх дагавораў знаходзіцца на пастаянным кантролі гаррайвыканкамаў і фонду «Гомельаблмаёмасць». Калі пакупнікі або інвестары не выконваюць узятыя абавязацельствы, да іх прымяняюцца ўстаноўленыя заканадаўствам меры аж да скасавання адпаведнага дагавора.

Усяго ў Гомельскай вобласці за перыяд з 2008-га па цяперашні час скасавана 107 дагавораў, 354 аб'екты нерухомасці вернуты ва ўласнасць дзяржавы, з іх 323 — паўторна ўключаны ў гаспадарчы абарот.

— Фонд валодае інфармацыяй толькі пра дзяржаўныя аб'екты?

— Цяпер фонд праводзіць маштабнае абследаванне маёмасці ўсіх формаў уласнасці, якая не выкарыстоўваецца, у рэгіёне. Рабочымі групамі ўжо абследавана амаль 90% усіх населеных пунктаў.

Па выніках гэтай работы будуць зроблены адпаведныя высновы па кожнаму аб'екту, які не задзейнічаны. Асноўная частка выяўленых будынкаў будзе прададзеная або бязвыплатна перададзена пад рэалізацыю бізнес-праектаў жадаючым, частка аб'ектаў будзе задзейнічана балансатрымальнікамі для ўласных патрэб, непрыдатныя да эксплуатацыі — знесены. Жылы фонд будзе выкарыстоўвацца для засялення спецыялістамі — тымі, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — альбо прапаноўвацца на продаж.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Загаловак у газеце: Выхаваць уласніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».