25 верасня, пятніца

Вы тут

Ад таго, наколькі мы актыўныя, залежаць самаадчуванне і настрой


Ад таго, наколькі мы актыўныя і рухавыя, залежыць не толькі наша фігура, але і самаадчуванне, і настрой, і кемлівасць, і многае іншае.


Стаім = трацім калорыі

Прырода прызначыла чалавека для руху, для мышачнай дзейнасці. Без яе не тое што перамяшчацца — стаяць немагчыма. Стоячы, мы нагружаем мышцы значна мацней, чым седзячы. Ведаеце, чаму? Стаянне — гэта перапыненае падзенне. Цэнтр цяжару фігуры аказваецца наперадзе галёнкаступнёвага сустава. Значыць, калі мы стаім, мы непазбежна падаем наперад, а мышцы вяртаюць нас назад.

Прасядзеўшы 10 хвілін, 60-кілаграмовая дама выдаткуе 14,4 ккал, а прастаяўшы гэтыя ж дзесяць хвілін — ужо 15,6 ккал. Калі ж гэтыя дзесяць хвілін яна правядзе ў гарызантальным становішчы, згарыць усяго 10,2 ккал.

Калі чалавек толькі і робіць, што сядзіць, узнікае гіпакінезія — недастатковасць рухальнай актыўнасці. Пакутуе ад яе, у першую чаргу, мышачная сістэма, яна практычна атрафіруецца. Самы элементарны рух — напрыклад, пад'ём па лесвіцы, калі не працуе ліфт, — падасца непасільным. Вось чаму, нават калі ў вас аўрал і няма калі адысці ад працоўнага стала, важна частку часу правесці хаця б стоячы, а не седзячы.

Скачам = умацоўваем косці

Ад мышачнай бяздзейнасці пакутуюць і косці. Каб мы маглі абапірацца на шкілет, ён павінен быць трывалым. Напрыклад, падчас бегу ўдарныя нагрузкі на касцявую тканку складаюць да 6 мас цела чалавека. І косці вымушаныя паступова ўмацоўвацца.

Калі ж чалавек не рухаецца, арганізму здаецца, што трываласць шкілету не патрэбная. Косць становіцца проста лёгкай — страчвае кальцый. Нават калі вы харчуецеся збалансавана і прымаеце мінеральныя комплексы, ён проста амаль не засвойваецца. Так і да астэапарозу недалёка.

Ходзім = трэніруем сэрца

Сэрца таксама мышца, і без трэніроўкі яму дрэнна. Хваробы ХХІ стагоддзя — атэрасклероз і каранарная хвароба сэрца — шмат у чым абумоўленыя нерухомым ладам жыцця.

Першапрычына гэтых захворванняў — адкладанне халестэрыну на сценках артэрый. У нашай крыві ёсць так званая згусальная сістэма, якая ратуе нас ад крывацёкаў. Яна ўключаецца кантактам з чужароднай паверхняй — напрыклад, у адкрытай ране. Халестэрынавую бляшку кроў таксама ўспрымае як чужароднае цела, таму згусае і ўтварае тромб проста ў сасудзе. Гэта шлях да інфаркту, інсульту і іншых небяспек.

Адмова ад халестэрыну ў ежы — не выйсце: без яго арганізм не зможа вырабляць некаторыя гармоны, у тым ліку палавыя.

Але выслізнуць з гэтых нажніц рэальна: трэба проста больш рухацца! Ліфт, які доўга не працуе, — не прыкрая перашкода, а прафілактыка атэрасклерозу. Медыкі ў барацьбе з атэрасклерозам прапісваюць вельмі сур'ёзныя нагрузкі: займацца фітнесам 5-6 разоў на тыдзень па 30-40 хвілін з пульсам не менш як 100 удараў. Можна проста хадзіць, але бадзёрым крокам (1 км за 8-9 хвілін).

Працуем рукамі = ратуемся ад дыябету

Цукровы дыябет — вельмі распаўсюджанае і каварнае захворванне. Пры дыябеце 1 тыпу ў арганізме няма гармону інсуліну (адказнага за ўтылізацыю глюкозы — паліва для мышцаў). Пры дыябеце 2 тыпу інсулін у крыві ёсць, але рэцэптары клетак яго не ўспрымаюць. У выніку глюкоза не пераходзіць з крыві ў мышачную і тлушчавую тканкі, а пасля ежы кроў літаральна ператвараецца ў ліпкі сіроп.

Дыябет 2 тыпу добра лечыцца мышачнай нагрузкай у спалучэнні з дыетай. Справа ў тым, што ад пастаянных трэніровак адчувальнасць рэцэптараў да інсуліну павышаецца. Акрамя таго, у гэты час клетачныя мембраны становяцца больш пранікальнымі для глюкозы. Таму дыябетык 2 тыпу, які рэгулярна займаецца па пасільнай праграме, можа неўзабаве забыцца на медыкаменты і цалкам вылечыцца.

Варушым нагамі = сілкуем мазгі

У чалавечым мозгу ёсць так званы цэнтр рэтыкулярнай інфармацыі. У яго няма канкрэтнай функцыі — ён падтрымлівае вызначаны ўзровень актыўнасці цэнтральнай нервовай сістэмы ў цэлым. Эксперыменты на жывёлах паказалі: калі рэтыкулярная інфармацыя выключана, жывёла засынае, і яе немагчыма разбудзіць.

Гэта сістэма працуе за кошт нашых адчуванняў і ўражанняў — калі мы бачым, чуем, да чагосьці дакранаемся... Вялікая доля прыпадае на інфармацыю ад рухальнай сістэмы. Пры нерухомым ладзе жыцця цэнтральнай нервовай сістэме хранічна не хапае актывацыі. Вось і атрымліваецца, што мала рухаючыся, мы нават думаць як след не можам.

Бяжым = «выхоўваем» гармоны

Нерухомасць прыводзіць да агрубення гарманальнай сістэмы. Вобразна кажучы, залозы ўнутранай сакрэцыі трэніруюцца гэтак жа, як мышцы і сэрца, і, вядома, гэта залежыць у першую чаргу ад рэгулярнасці і інтэнсіўнасці нагрузкі.

На першым этапе трэніровак арганізм пачынае выкідваць больш гармонаў, больш актыўна працуюць гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная залоза. Затым паступова гармонаў выпрацоўваецца менш, затое расце адчувальнасць клетак да іх. Па меры росту фітнес-вопыту на адну і тую ж нагрузку арганізм траціць менш сіл, чым раней. Такім чынам, павялічваецца патэнцыял і эканамічнасць эндакрыннай сістэмы. Зрэшты, як вы ўжо зразумелі, гэта адносіцца і да іншых сістэм арганізма.

Ем, каб рухацца, а не наадварот!

Рух і актыўнасць немагчымыя без энергіі, якую мы атрымліваем з ежы. Аднак як правільна дазаваць ежу? Ці можаце вы ўявіць сабе дзікую жывёлу, якая пастаянна аб'ядаецца? Не, такога не бывае! Наадварот, асноўная праблема ў дзікай прыродзе — голад. Тысячагоддзямі ў нас выпрацоўваліся механізмы барацьбы з ім; толькі гадоў сто таму чалавек пачаў есці ўволю і нават пераядаць. Так што змагацца з лішкам калорый наш арганізм пакуль папросту не прывык — ён паранейшаму імкнецца наесціся ў запас.

Выснова простая — уставайце з-за стала з лёгкім пачуццём голаду! Тады не будзе млявасці і санлівасці, не адкладзецца лішні тлушч. І рухайцеся: без гэтага — ніяк!


Таксама ў лiстападаўскiм нумары часопiса «Алеся»:

  • Як ствараюцца сцэнiчныя касцюмы артыстаў Вялiкага тэатра оперы i балета Беларусi.
  • Другая работа, або чым яшчэ займаюцца сучасныя артысты.
  • Цi можа пост быць смачным? Аб гэтым на кулiнарнай старонцы Ларысы Мятлеўскай.
  • «Генiй — у кожным з нас», — сцвярджае Тамара Сахарчук i дзелiцца вопытам, як выхаваць таленавiтае дзiця.

Аліна БЯЛОВА

Загаловак у газеце: Ураўненне здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.