Вы тут

Адчуванне дома і Радзімы


7 лістапада мы з бацькам заўсёды глядзелі па тэлевізары парад на Краснай плошчы. Гэта быў своеасаблівы штогадовы сямейны рытуал, як ні дзіўна, абсалютна пазбаўлены ідэалагічнага падтэксту. На вуліцы была слата і холад, а ў хаце дыхала цяплом печ і можна было прытуліцца на канапе да бацькавага пляча і глядзець, як на чорна-белым экране нясуць партрэты кіраўнікоў і рухаецца ваенная тэхніка. Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі было ў падсвядомасці (дый, калі шчыра, і застаецца) менавіта такім — дамашнім, утульным, спакойна-ўрачыстым. На падстрэшку сенцаў, што выходзілі на вуліцу, мы заўсёды (як і на 1 Мая, і на Дзень Перамогі) прыбівалі сцяг БССР, які, акуратна скручаны і запакаваны ў цырату, захоўваўся ў кладоўцы. І гэта таксама была сямейная традыцыя, якой можна было пахваліцца перад аднакласнікамі, — не ў кожнага на хаце трапятаў пад халодным ветрам сцяг...


Бацькі былі простымі вясковымі інтэлігентамі, яны не хадзілі на мітынгі, не ўдзельнічалі ў агітбрыгадах — проста спакойна жылі і працавалі. Я аднойчы, памятаю, класе ў трэцім, спытала ў мамы, калі яна чарговы раз даставала сцяг з кладоўкі, каб прыбіць у падстрэшшы перад лістападаўскім святам, навошта нам гэта трэба. «Бо мы многае маем дзякуючы той рэвалюцыі», — сур'ёзна, зусім як дарослай, адказала яна мне.

Я ўспомніла гэта, калі нядаўна адно маладое дзяўчо, што прыехала ў госці з былой саюзнай рэспублікі, скептычна так спыталася: навошта вы адзначаеце святы эпохі, якая закончылася, краіны, якая распалася? Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, напрыклад. І я адказала ёй акурат так, як калісьці мне маці: «Бо мы многае маем дзякуючы той рэвалюцыі».

Сапраўды, мы маем — ні больш ні менш — сваю ўласную краіну з назвай Беларусь. Менавіта дзякуючы падзеям восені 1917 года. Кожны, хто ведае гісторыю на прыстойным узроўні, упэўнена, з гэтым пагодзіцца. Менавіта пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзнікла ідэя стварэння Беларускай рэспублікі. Не аўтаноміі ў складзе Расіі, як нясмела, толькі набіраючы голас, прапаноўвалі дагэтуль прадстаўнікі нядаўна народжанай нацыі, а менавіта асобнай дзяржавы. Словы «Беларусь» і «беларусы» загучалі ў такім кантэксце, на такім узроўні і з такой перспектывай увогуле ўпершыню за ўсе часы. Пачатак нашай сённяшняй суверэннай дзяржавы — менавіта там, у кастрычніку 1917-га, калі наша патрабавальнае: «Людзьмі звацца» было пачута.

Яшчэ адзін момант, пра які нам варта ведаць і памятаць. Многія з нас нарадзіліся і жывуць не на чужыне, а на зямлі продкаў зноў жа дзякуючы рэвалюцыі 1917 года. Бо за тры гады Першай сусветнай вайны, што грукатала на нашай тэрыторыі, гэта зямля ператварылася ў папялішча і могілкі (варта толькі паглядзець тагачасную фотахроніку з Вілейкі або з-пад Смаргоні, каб у тым пераканацца). Дзясяткі, сотні тысяч бежанцаў-беларусаў рушылі ў Прыбалтыку, углыб Расіі. Тыя, хто застаўся, былі на мяжы выжывання. Першы дэкрэт, падпісаны новай савецкай уладай, быў Дэкрэт аб міры. Нягледзячы на тое, што іншыя бакі яго спачатку праігнаравалі, менавіта ён стаў штуршком для перамір'я з Германіяй (а самыя жорсткія баі на беларускай зямлі руская армія вяла менавіта з немцамі). Пасля быў падпісаны Брэсцкі мір, і многія людзі змаглі вярнуцца з выгнання ў родныя мясціны, не страціўшы свае карані, працягнуўшы свой радавод менавіта тут, на гэтай зямлі, а не за тысячы кіламетраў ад яе.

Я ўжо не кажу пра зямлю — галоўную каштоўнасць для нашай вясковай, па сутнасці, нацыі. Менавіта пасля рэвалюцыі арандатары, якіх у любы момант мог выгнаць з участка гаспадар (перачытайце «Раскіданае гняздо» Купалы), беззямельныя, якія гнулі спіну ў парабках, сталі ўласнікамі зямельных надзелаў. Мая бабуля, якой у 1917-м было дванаццаць гадоў, і ў восемдзесят згадвала пра гэту самую яркую падзею свайго дзяцінства...

Пасля, канешне, было шмат драм і трагедый і ў жыцці вялікай краіны, і жыцці асобна ўзятай рэспублікі. Гэтаксама як і дасягненняў, і перамог. Але мы здолелі захаваць пачуццё ўласнай годнасці, уласнага самасцвярджэння, уласнага месца і права на гэтай зямлі — пачуццё, якое замацавалася ў нашым генетычным кодзе менавіта 99 год назад.

... А яшчэ мы маем не самую горшую традыцыю — не бэсціць уласнае мінулае, шанаваць яго, вучыцца на ім. І, у рэшце рэшт, — яшчэ адзін выхадны дзень, калі можна пабыць з самымі дарагімі людзьмі, сабрацца ў цёплым утульным пакоі, каб разам паглядзець стары добры фільм. Позняй восенню чалавеку асабліва патрэбна адчуванне дома і Радзімы.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.