Вы тут

Даследчыца Аніка Вальке напісала кнігу пра генацыд у Беларусі


Падчас сустрэчы-прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы гісторык, дацэнт універсітэта імя Вашынгтона ў Сент-Луісе расказала, што прымусіла яе вывучаць архівы і запісваць успаміны ахвяр Халакосту, большасць з якіх нарадзілася і вырасла на беларускай зямлі.


Ані­ка ВАЛЬ­КЕ: «Тым, хто зай­ма­ец­ца  гіс­та­рыч­най на­ву­кай, ці­ка­ва не толь­кі,  тое, што лю­дзі рас­каз­ва­юць, а і ча­му  яны гэ­та ро­бяць».

— На жаль, пасля вайны быў шырока распаўсюджаны міф аб тым, што яўрэі не ваявалі, не супраціўляліся, а пасіўна праводзілі час у эвакуацыі і чакалі, пакуль Чырвоная Армія вызваліць краіну, — расказвае Аніка Вальке. — Мне падалося такое абвінавачванне несправядлівым, і я паспрабавала абвергнуць яго менавіта з дапамогай дакладнага гістарычнага даследавання.

Апошнія 15 гадоў Аніка Вальке працавала ў Нацыянальным архіве Беларусі, архівах Германіі, Расіі, Ізраіля, музеі Халакосту ў Вашынгтоне. Паралельна брала інтэрв'ю ў выжыўшых ахвяр Халакосту. Знаходзіла іх у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, іншых беларускіх гарадах. Гэтыя жахлівыя аповеды змешчаны ў кнізе «Піянеры і партызаны: вусная гісторыя нацысцкага генацыду ў Беларусі». У ёй расказваецца аб маладых савецкіх грамадзянах, якія нарадзіліся ў познія 1920-я — раннія 1930-я гады, апісваецца іх жыццё да, падчас і пасля Другой сусветнай вайны. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, як яны, у асноўным на акупаванай тэрыторыі Беларусі, выжывалі з 1941 па 1944 год, як успрымалі тое, што адбывалася навокал.

Асобную главу Аніка Вальке прысвяціла выжыванню яўрэяў у Мінскім гета, распавяла пра іх жыццё і ў партызанскіх атрадах. У прыватнасці, у сямейным партызанскім яўрэйскім атрадзе № 106 пад камандаваннем Шолама Зорына на момант яго злучэння з Чырвонай Арміяй (ліпень 1944 года) знаходзіўся 141 баец і 421 член яўрэйскіх сем'яў.

Атрад быў створаны 5 чэрвеня 1943 года ў асноўным з небаяздольных вязняў Мінскага гета. Дзейнічаў у Налібоцкай пушчы. Члены атрада не толькі супраціўляліся гітлераўцам, а і ратавалі яўрэйскае насельніцтва. Акрамя таго, атрад Зорына з'яўляўся базай, якая забяспечвала іншыя партызанскія злучэнні патрэбнымі спецыялістамі: медыкамі, збройнікамі, друкарамі для падпольных друкарняў, краўцамі, шаўцамі...

Як падкрэсліў падчас сустрэчы Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт РАЙЛІ, гэта вельмі важная кніга. «У ёй расказваецца аб тым, як Халакост разгортваўся на тэрыторыях Савецкага Саюза, якія знаходзіліся пад нацысцкай акупацыяй, і як савецкія грамадзяне рэагавалі на яго, — адзначыў Часовы Павераны. — Кніга складзена на аснове індывідуальных вусных гісторый людзей, якія перажылі гэтыя падзеі. Мы жывём у той час, калі ёсць спробы перапісаць мінулае і прадставіць яго ў значна больш пазітыўным выглядзе, больш спрыяльным, чым тое, што адбывалася на самай справе. Таму асабліва важна захаваць гэтую памяць. Дзякуючы такім кнігам, свет ніколі не забудзе пра тыя падзеі».

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Халакост: трагедыя без тэрміну даўнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.