Вы тут

Некалькі фактаў пра нашых мужчын


Сёння адзначаецца Сусветны дзень мужчын. З гэтай нагоды Белстат склаў партрэт сярэднестатыстычнага беларуса.


Сярэдні ўзрост нашых мужчын — 37,3 года. Цікава, што гарадское насельніцтва на чатыры гады маладзейшае за вясковае (сярэдні ўзрост гарадскіх мужчын — 36,2 года, сельскіх — 40,9). Большасць беларусаў моцнага полу (65 працэнтаў) знаходзіцца ў працаздольным узросце, кожны шосты — пенсіянер. Яшчэ 19 працэнтаў — дзеці і падлеткі да 16 гадоў.

Чаканая працягласць жыцця сярод мужчын вырасла да 68,6 года. Але беларускі па-ранейшаму жывуць у сярэднім на 10 гадоў больш. Хоць з 2005-га разрыў у гэтых паказчыках для мужчын і жанчын скараціўся ў два гады.

Летась у шлюб уступілі 82 тысячы нашых суайчыннікаў, прычым 22,5 тысячы з іх (27 працэнтаў) аказаліся ў загсе не першы раз. Большасць вырашае стварыць сям'ю ў 25—29 гадоў: у гэтым узросце ажаніўся кожны трэці. А кожны чацвёрты думае, што са шлюбам лепш не зацягваць, і становіцца жаніхом у 20—24 гады. Паўторны шлюб заключаюць у сярэднім ў 40,9 года. Летась 1,2 тысячы беларускіх мужчын выбралі нявесту з Расіі, 711 — з Украіны, 33 — з Літвы, 20 — з Латвіі, 12 — з Ізраіля.

Кожны трэці прадстаўнік моцнага полу лічыць сваё здароўе добрым. Праўда, фізкультурай і спортам займаецца толькі чвэрць мужчын. А вось курыць амаль палова (каля 47 працэнтаў).

Усяго на пачатак года ў краіне налічвалася 4 420 тысяч мужчын. Гэта 46,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва.

А якімі беларускіх мужчын бачаць жанчыны? І хто для іх ідэал? Дамам слова.

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:

— Няважна, дзе і кім мужчына працуе. Галоўнае, каб на яго можна было паспадзявацца. Ведаеце, як кажуць, «надзейнае плячо». Гэта не значыць, што ў мужчыны абавязкова павінна быць шмат грошай ці высокі статус. Можна займаць адказную пасаду і пры гэтым аказацца ненадзейным чалавекам. Мужчына павінен паважаць жанчыну, быць сябрам, і толькі пры такім мы можам быць і слабымі, і моцнымі — як захочам. Гэта для мяне самыя галоўныя якасці ў любым мужчыне.


Жанна КАПУСНІКАВА, мастачка:

— Ці адрозніваюцца нашы мужчыны ад заходніх? На самай справе не, яны такія ж. Людзі ўсюды аднолькавыя. У маім разуменні мужчына павінен быць добрым, разумным і шчодрым. Сутнасць не ў колькасці грошай, а ў жаданні імі падзяліцца: бедны чалавек таксама можа быць шчодрым.


Ганна БОНД, тэлевядучая:

— Беларускі мужчына змяніўся. Некаторыя працягваюць быць сапраўднымі мужыкамі — працуюць у полі, на заводзе, прыносяць карысць краіне. А ёсць метрасексуалы. Як з імі змагацца — вялікае пытанне. Гэта асаблівы індывід, за імі патрэбны вялікі догляд. Усе кажуць: «Жанчыны распесцілі»... Але не ў гэтым справа. Мужчына мяняецца, таму што цяпер час тэхнічных навінак. Яму не вельмі патрэбна жанчына, бо ёсць інтэрнэт, шматлікія гаджэты. Мужчына перакачаваў у віртуальнае жыццё. Думаю, жанчыне сёння складаней выйсці замуж, чым гэта было пяць гадоў таму.

Ідэальны вобраз для мяне — гэта прыстойны мужчына, які трымае сваё слова, пажадана без шкодных звычак (алкаголь, азартныя гульні). І каб ён разумеў, што такое сям'я.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.