Вы тут

Ужыванне ёдаванай солі прынесла плён


Захворванні шчытападобнай залозы сустракаюцца практычна ў 30 працэнтаў насельніцтва планеты. Самымі распаўсюджанымі застаюцца дыфузны валляк, звязаны з дэфіцытам ёду, вузлавыя ўтварэнні, аўтаімунная паталогія. Калі вы рэгулярна наведваеце тэрапеўта, вам няма чаго баяцца: спецыяліст ведае, у якіх выпадках вас трэба накіраваць да вузкага спецыяліста — эндакрынолага — для больш дэталёвага абследавання. У абавязковым парадку абследуюцца толькі дзеці, жанчыны, якія плануюць цяжарнасць, і цяжарныя, а таксама пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


— З пачатку 2000-х у краіне праводзіцца актыўная работа па ліквідацыі дэфіцыту ёду з дапамогай найбольш эфектыўнага метаду масавай прафілактыкі — ужывання ёдаванай солі, — тлумачыць прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Ала ШАПЯЛЬКЕВІЧ. — 96 працэнтаў нашай солі ёдаваная. Вынікі ўкаранення стратэгіі ліквідацыі ёдавага дэфіцыту ў Беларусі дазволілі Міжнароднаму камітэту па кантролі за ёдадэфіцытнымі захворваннямі і Глабальнай сетцы па ёдзе ўключыць нашу краіну ў пералік краін, якія дасягнулі мэтавага ўзроўню забеспячэння харчавання ёдам. У выніку з 2000 па 2015 год знізілася і пярвічная захваральнасць на вузлавы і эндэмічны валляк...

На працягу апошніх пяці гадоў адзначаецца зніжэнне паказчыка як пярвічнай захваральнасці, так і агульнай колькасці дзяцей з дысфункцыяй шчытападобнай залозы. Самым распаўсюджаным захворваннем шчытападобнай залозы ў дзяцей з'яўляецца дыфузны валляк — 13 780 пацыентаў ва ўзросце да 18 гадоў. Усе нованароджаныя абследуюцца праз суткі пасля з'яўлення на свет на прыроджаны гіпатырэоз. Сёння мы дасягнулі сярэднееўрапейскага паказчыка па выяўленні гэтага захворвання: 1 выпадак на 4 216 немаўлят. Лячэнне такім дзецям прызначаецца літаральна з двух тыдняў жыцця, што дазваляе пазбегнуць нервова-псіхічнай інвалідызацыі.

Аднак за апошнія 15 гадоў вырасла аўтаімунная паталогія шчытападобнай залозы. Колькасць пацыентаў, у якіх упершыню ў 2015-м выявілі гіпатырэоз, вырасла з 2000 года ў 4,5 разы, а ў цэлым колькасць такіх пацыентаў — у 7 разоў.

Дыягнастычныя магчымасці тырэоіднай паталогіі ў дарослых і дзяцей значна палепшыліся. Ва ўсіх раёнах рэспублікі праводзіцца ўльтрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы, на міжраённым узроўні — гарманальнае даследаванне тырэоіднага статусу. На абласным выконваецца тонкаіголкавая біяпсія пад кантролем ультрагукавога даследавання, сцынтыграфія залозы. На рэспубліканскім узроўні ў Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння выконваюцца па паказаннях у складаных выпадках усе неабходныя даследаванні. З мінулага года на базе цэнтра даступнае тэлемедыцынскае кансультаванне па раздзеле «Цыталогія».

Асноўнымі прэпаратамі для лячэння захворванняў шчытападобнай залозы з'яўляюцца прэпараты ёдыду калію, сінтэтычныя аналагі леватыраксіну (у тым ліку айчыннай вытворчасці), тырэастатычныя прэпараты. Усе неабходныя віды лекаў даступныя ў аптэчнай сетцы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.