Вы тут

Чым могуць зачапіць замежныя пастаноўкі?


Айчынны тэатр нам падаецца больш кансерватыўным і традыцыйным у асноўнай сваёй масе (фестывальны падбор у беларускім шоу-кейсе — якраз выключэнне), магчыма, таму арганізатары форуму ТЭАРТ імкнуцца падабраць у праграму замежныя пастаноўкі, створаныя ў абсалютна іншым ключы, так бы мовіць, паказаць варыянты, якіх у нас не ўбачыш. Тыя, што могуць зачапіць. Чым?


Сцэ­на са спек­так­ля «Го­рад. Жа­ніць­ба. Го­галь».

1. Актуальнасцю (нават публіцыстычнасцю). Яшчэ адзін доказ актуальнасці шэкспіраўскіх тэм прадставіў сумесны праект Маскоўскага драматычнага тэатра імя А.С. Пушкіна і брытанскай тэатральнай кампаніяй «Cheek by Jowl». Рэжысёр Дэклан Данелан у спектаклі «Мера за меру», які меў шырокі рэзананс нават за межамі Расіі. Можа, таму і меў, што па ім успрымаюць Расію з асаблівай іерархіяй улады і несумленнасцю чынавенства (гэта паказана даволі прама, нібыта агалошваюцца факты, без мудрагелістых алегорый). Затое Герцаг добры і справядлівы: наводзіць парадак, карае нячэсных, але ж літасціва, з боскай ласкі. Зрэшты, калі забыцца на пазнавальныя дэталі і абстрагавацца, то ўлада — гэта гарачая тэма для абмеркавання ці не ў кожнай краіне. Можна пагаварыць пра гэта і вось такім чынам: проста, называючы (паказваючы) рэчы як ёсць.

Ці праз інтэрактыў. Праз яго імкнуліся паказаць «Трагедыю Макбета», пастаўленую ў Нацыянальным славенскім тэатры. Рэжысёр Ігар Пізон быў арыгінальны ў тым, што ўзяўшыся асучасніць класіку, зрабіў гледачоў часткай палітычнага шоу, што разгортваецца ў фае ў антракце. Лёгкі інтэрактыў, аднак пасля перапынку ўсе вяртаюцца ў глядзельную залу і збоку назіраюць трагедыю. Яна ў тым, што ўсе гінуць: тут забойствы як нешта дзяжурнае, што не выклікае ні болю, ні шкадавання. Нікога не шкада ў гэтых разборках, таму што ні ў кім не адчуваецца чалавек. Напэўна, так задумана. Але калі ў грамадства была магчымасць на свае вочы, на адлегласці рукі бачыць лідара (караля, цара, кіраўніка), то няўжо яго смерць не выклікала б ніякіх эмоцый? Таму інтэрактыў мала прыдумаць, ён павінен адыграць пэўную ролю ў прасоўванні думкі, асабліва калі ёсць разуменне, што яна патрэбная грамадству для асэнсавання менавіта сёння.

2. Сінтэз тэатральных і тэхнічных сродкаў (нават відаў мастацтва). Нельга сказаць, каб да такога падыходу не прымяраліся ў нас. Але пастаноўка «Місія. Успаміны аб адной рэвалюцыі», якую ажыццявілі тэатр Гановера і Рурскі тэатральны фестываль высілкамі Тома Кюгеля і Юргена Кутнера, уражвае чыста нямецкай пралічанасцю, пры тым што вырашалі яны задачу ўзроўню вышэйшай матэматыкі ці нават фізікі. Задаў яе культавы нямецкі драматург Хайнэр Мюлер, праз вялікую павагу да яго рэжысёры вырашылі выкарыстаць яго рэальны «закадравы» голас, што быў запісаны падчас чытання п'есы, а нястачу эмоцый кампенсавалі за кошт нагрувашчанай шматузроўневай сістэмы, дзе ёсць месца і акцёрам: яны паказваюць персанажаў п'есы, што нясуць ідэі Вялікай французскай рэвалюцыі, ідэалы якой перакрэслілі самі ж правадыры (гэта вельмі камічна паказана з дапамогай камеры, якая падглядае, напрыклад, за расправай над намаляваным Рабесп'ерам). Але тая ж камера нас пераносіць на наступны ўзровень, у прастору рэвалюцыянераў ХХ стагоддзя. Выхоплівае сівога Карла Маркса і яго паслядоўніка Леніна, спыняецца на ваяўнічым Чэ Гевары... Міжволі пачынаеш згадваць прыкметы рэвалюцыйнай сітуацыі, калі «вярхі не могуць, а нізы не хочуць», але ж каб усё было так проста... Нават у ідэйных рэвалюцыянераў бываюць хістанні і здрада, сумневы ў тым, ці зразумее іншы, што дае свабода і дзеля чаго яна патрэбная. Акцёрская работа і тэхніка, манатонны голас аўтара і музыка маркіруюць адразу некалькі пластоў пастаноўкі. У выніку яны сыходзяцца ў адным адказе на ўмовы задачы, якую кожны глядач будзе вырашаць для сябе, каб вызначыцца ў асабістым стаўленні да пытання. Задача можа быць не ўсім па зубах: але хто сказаў, што ў тэатры ўсё павінна быць проста?

Але ёсць прыклады, калі тэхніка спрашчае вырашэнне задач рэжысёрамі. Нібыта калькулятар, прапануе гатовы адказ. Напрыклад, спектакль «Паліва», прадстаўлены «Pop-up тэатрам» з Санкт-Пецярбургу, выкарыстоўвае з афармлення хіба што экран, на якім час ад часу ўзнікае адлюстраванне таго ж акцёра, што расказвае гісторыю рэальнага чалавека, стваральніка інавацый. Перад намі паўстае рацыянальны вобраз. Нічога лішняга. На жаль, ніякіх асабістых эмоцый у дачыненні да яго не нараджаецца, слухаеш і ўспрымаеш розумам.

Адзін акцёр і ў спектаклі Вільнюскага гарадскога тэатра «Апошняя стужка Крэпа» (паводле С. Бекета). Але які — Юозас Будрайціс. Рэжысёр Оскарас Каршуновас свядома ішоў на эксперымент па спалучэнні тэхнікі (голас) і чалавека, які сам па сабе прыцягвае ўвагу, але яшчэ і ўсе яго дзеянні прадуманыя да дробязяў.

3. Чалавечнасцю, вялікай чалавечнасцю. Чалавек нібыта сусвет, незалежна ад таго, гэта вядомая асоба ці просты жыхар вялікага горада. Пра чалавечае можна гаварыць словам ці музыкай. Напрыклад, у цэнтры швейцарскага спектакля «Кінг сайз» некалькі персанажаў, звязаных спевамі. Проста песні, якія не расказваюць гісторыі, але яна складваецца паводле слоў песень і дзеянняў герояў. Музыка наогул шыкоўны сродак для эксперыментаў у тэатры. Яна можа стаць нават эфемерным персанажам, як гэта адбываецца ў спектаклі «Шапен без фартэпіяна» Варшаўскай тэатральнай кампаніі СENTRALA. Сучаснае ўспрыманне Шапена (прынамсі, у польскім грамадстве) накладваецца на яго творы. Партыя фартэпіяна не гучыць, яе замяняе артыстка, якая гаворыць пра Шапена. Так, арыгінальна. Праўда, падалося, што тут не Шапен без фартэпіяна, а спектакль пра Шапена, але без яго. Таму што ён — гэта найперш партыя фартэпіяна, у якой растворана яго чалавечая (і жывая) душа. Тым не менш гэта спроба пагаварыць пра сімвал польскай культуры інакш.

Тую задачу — паказаць свайго Гогаля — ставіў рэжысёр Юрый Бутусаў. У спектаклі «Горад. Жаніцьба. Гогаль» Санкт-Пецярбургскага тэатра імя Ленсавета людзей даволі шмат, яны простыя, маленькія, але за час спектакля становяцца роднымі. Героі «Жаніцьбы» заклапочаныя выключна чалавечым жаданнем асабістага шчасця. Але гэта так цудоўна, калі людзі могуць жыць такімі натуральнымі памкненнямі. І пры ўсёй вонкавай прастаце гэта зроблена настолькі тонка, з пачуццём, што ловіш кожнае прамоўленае (і як!) слова, баішся прамінуць дробныя дэталі (бо ў Гогаля насамрэч ўсё да дробязяў мае сэнс, таксама як і ў Бутусава). І так патрэбна людзям вера ў тое, што ўсё можа быць у нашым адзіным жыцці, што нават жаніх, які збег з вяселля, і відавочныя могілкі няспраўджаных надзей не перашкодзяць марыць пра шчасце. Бо без мар няма будучыні: яны яе праграмуюць.

Крыху асабістага. Злавіла сябе на думцы, што сёлета глядзела беларускую праграму нават з большай цікавасцю, чым міжнародную. Магчыма таму, што ёсць мара (і яна ўжо працуе на ўзроўні праграмавання) бачыць у тэатры адбітак нашай рэчаіснасці. І справа нават не ў сродках, праз якія яна адлюстроўваецца. Дзіўным было адчуванне: форма проста дзеля формы не зацягвае, хоць бываюць канструкцыі і сапраўды арыгінальныя. Сродкі, формы, узроўні эксперыментаў і падачы могуць быць розныя. Галоўнае: дзеля чаго? Ёсць у нашым тэатры рэжысёры, якія вызначыліся з адказам на гэтае пытанне. Астатняе — прыкладзецца.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Арыгінальнасць канструкцый

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».