Вы тут

Ці можна заахвоціць кампаніі не баяцца дэкрэтных водпускаў?


Фонд ААН у галіне народанасельніцтва прапануе беларускаму бізнесу далучацца да ліку кампаній дружалюбных да бацькоў - Parentsmart Companies. Экспертную і інфармацыйную падтрымку гатовы аказаць шведскі бок. Менавіта ў Швецыі назапашаны самы багаты вопыт камфортнага бацькоўства: тут кар'ера - не перашкода дзецям, а дзеці - не перашкода кар'еры.


Фота: happy-giraffe.ru

У Беларусі жанчыны па-ранейшаму маюць высокі ўзровень адукацыі, але працуюць пераважна ў нізкааплатных галінах, на больш нізкіх пазіцыях. А праведзенае Белстатам пры падтрымцы ЮНФПА і ЮНІСЕФ абследаванне хатніх гаспадарак "Выкарыстанне сутачнага фонду часу насельніцтвам Рэспублікі Беларусь" паказала, што наша жанчына і дома - нібы на другой рабоце. Гатаваннем ежы займаюцца 90% жанчын і 44% мужчын, мыюць посуд - 83% жанчын і 31% мужчын, робяць прыборку - 82% жанчын і 44% мужчын. На вядзенне хатняй гаспадаркі і догляд за дзецьмі жанчыны затрачваюць цягам дня прыкладна ў два разы больш часу, чым мужчыны.

Відавочна, гэта адбіваецца на ўцягванні жанчын у прафесійную дзейнасць, магчымасць самаадукацыі і самаразвіцця. Аднак як толькі мужчыны пачнуць на роўных з жанчынамі правах займацца хатняй гаспадаркай і выхаваннем дзяцей, пойдуць у дэкрэтны водпуск, у жанчын з'явіцца больш часу на сваю прафесійную самарэалізацыю, а кампаніі пачнуць ахвотней браць на работу маладых жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту.

Самы цікавы вопыт падзелу сямейных абавязкаў і ўцягвання ў догляд за дзецьмі мае Швецыя. Бацькоўскае страхаванне ў гэтай краіне было ўведзена яшчэ ў 1970-х. З таго часу гендарная роўнасць на рабоце, дома і ў выхаванні дзяцей стала прыярытэтнай. У 1974-м мужчыны атрымалі магчымасць браць водпуск па доглядзе за дзіцем. У 2008-м у краіне была ўведзена спецыяльная прэмія, дадатковая выплата для тых бацькоў, якія пагаджаліся падзяліць паміж сабой водпуск па доглядзе за дзіцем.

У выніку шведскія таты пачалі хадзіць у такі водпуск часцей за ўсіх татаў у свеце. Дапамога, якая выплачваецца пры гэтым, складае 80 працэнтаў ад заработнай платы і амаль да максімальнага ўзроўню таго, хто пайшоў у водпуск. Некаторыя наймальнікі даплачваюць суму да 100 працэнтаў ад заробку. 

Сёння ў Швецыі самыя шчодрыя дапамогі па доглядзе за дзіцем, самы высокі працэнт выгадна працаўладкаваных маці, высокі ўзровень нараджальнасці і новае пакаленне бацькаў, для якіх стала натуральным пайсці ў водпуск па доглядзе за дзіцем. А з нядаўняга часу работадаўцам прапануецца разгледзець новы падыход - кампаніі дружалюбнай да бацькоў (Parentsmart Companies).

Паводле слоў эксперта Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, шведскага кансультанта па менеджменце кампаній Цііны БРУНА, работадаўца, які прымяняе Parentsmart, стварае ўмовы для таго, каб супрацоўнікі маглі спалучаць работу і сям'ю, успрымаць гэта як інвестыцыю ў поспех кампаніі, а не вымушаную меру, навязаную заканадаўствам. Такія кіраўнікі прыцягваюць і захоўваюць каштоўных супрацоўнікаў, а стымулюючы выхад у дэкрэт бацькаў, спрыяюць з'яўленню на працоўных месцах жанчын-лідараў.

Кампаніі, якія жадаюць стаць Parentsmart, разумеюць, што таленавітых супрацоўнікаў неабходна трымаць, што ва ўсіх павінна быць магчымасць спалучаць работу і сям'ю.

Жывучыя стэрэатыпы перашкаджаюць практыцы татаў у дэкрэтным водпуску пашырацца больш хуткімі тэмпамі. Мяркуецца, што пры цяперашніх тэмпах мужчыны і жанчыны будуць выкарыстоўваць такі водпуск у роўнай ступені толькі ў... 2037 годзе. А калі гэтага дасягнем мы?

Святлана БАРЫСЕНКА. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».