Вы тут

У Стоўбцах прайшоў першы гарадскі конкурс «Адразу дзве ўсмешкі маме»


Касмічныя турысты — сем'і блізнят і двайнят, вучоныя-астранаўты ў асобах журы, а таксама астатнія пасажыры касмічнага карабля: балельшчыкі і госці — усе накіраваліся ў міжгалактычную экспедыцыю для вывучэння нябесных свяцілаў сузор'я Блізнят. На шляху яны сустрэлі касмічнага карэспандэнта Спейскора, пазнаёміліся з жыхарамі Залюстроўя і паласаваліся прысмакамі на Гасціннай планеце. У такім казачным фармаце ў Стоўбцах прайшоў першы гарадскі конкурс «Адразу дзве ўсмешкі маме».


Двайняты Ангеліна і Міла Шаўчэнкі з мамай Таццянай і татам Дзмітрыем.

За званне самай гасціннай сям'і, самых чароўных маленькіх блізнят, самых непадобных двайнят спаборнічала пяць сем'яў. Няшмат, аднак тое, што зрабілі героі свята, колькі патрацілі на гэта энергіі і часу, вартае шчырага прызнання.

— Рыхтуючы сцэнарый, мы хацелі дадаць мерапрыемству сваю разынку, якой не было ні ў кога, бо кожная сям'я — гэта ўнікальны свет, — расказала арганізатар свята дырэктар раённага цэнтра культуры Ала СУШЧ. — Удзельнікі прыходзілі на рэпетыцыі, з імі працаваў прафесійны харэограф над тэхнікай дэфіле. Усе нашы спецыялісты дапамагалі ствараць відэавізіткі і трымацца на сцэне. А яшчэ ім трэба было нагатаваць для салодкага конкурсу прысмакаў...

Блізняты Кірыл і Данііл Юрасы з мамай Дзінай і татам Аляксандрам.

Падчас салодкага застолля, дарэчы, вырашылася, чый здымак стаў лепшым. Трохгадовыя Кірыл і Данііл ЮРАСЫ сталі самымі фотагенічнымі блізнятамі. Іх тата Аляксандр, дарэчы, адзіны з удзельнікаў мужчын выступаў са сцэны і чытаў вершы разам з жонкай Дзінай.

Самай гасціннай прызналі сям'ю блізнят Аліны і Паліны ГРЫШАН, чыя мама Валянціна разам з дочкамі выканала песню, словы да якой напісала сама. Глядацкія сімпатыі, дарэчы, таксама дасталіся ім.

— Рыхтавацца аказалася не так проста, як мы думалі. Было і цяжкавата месцамі, але як выйшлі на сцэну, усё забылася — застаўся толькі святочны настрой, — кажа яна. — А натхняюць мяне мае дочкі — мае музы. Гляджу на іх, і словы самі складваюцца ў тэкст песні.

Двайняты Ксенія і Кірыл Ганчаронкі.

Блізняты Кірыл і Ілья Крывегі з мамай Ірынай.

Самымі непадобнымі двайнятамі аднагалосна і без варыянтаў сталі 11-гадовыя Ксенія і Кірыл ГАНЧАРОНКІ. Іх салодкі стол з тортам, тарталеткамі ды хрушчыкамі маме Ірыне дапамагалі ствараць не толькі дзеці, а і бабулі.

Блізняты Кірыл і Ілья КРЫВЕГІ зачаравалі журы і сталі пераможцамі адпаведнай намінацыі. «Хоць тата і не змог прысутнічаць на свяце, аднак ён актыўна разам з хлопцамі дапамагаў рыхтаваць і гатаваць усё. Вось сэрцайкі з мармеладу яны разам выразалі», — смяецца мама блізнят Марына.

Блізняты Алінка і Палінка Грышан.

Двайняты Ангеліна і Міла ШАЎЧЭНКі, якім вось-вось павінна споўніцца толькі два гады, таксама без канкурэнцыі сталі пераможцамі ў намінацыі самыя маленькія блізняты. Пры гэтым у шматдзетнай сям'і Шаўчэнка ёсць яшчэ старэйшая дачка, а мама чакае чацвёртае дзіця. «Хацелася, каб дочкі прывыкалі да людзей і стасункаў, не баяліся дзетак і дарослых, развіваліся — нам хутка ў садзік ужо», — расказала пра намер удзельнічаць у конкурсе Таццяна.

Тата гэтага ўнікальнага сямейства будуе дом сваімі рукамі і спадзяецца, што наступным членам сям'і будзе сын.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Падарожжа да сузор'я блізнят

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».