Вы тут

Полацк рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства


Здаецца, сёлетні Дзень беларускага пісьменства, што традыцыйна прайшоў у пачатку верасня і на гэты раз «гасцяваў» у Рагачове, адбыўся зусім нядаўна. Яшчэ свежыя ўражанні ад сустрэч са старымі і новымі сябрамі, цікавых прэзентацый і прафесіянальных абмеркаванняў. Але, як кажуць, жыццё не стаіць на месцы, а эстафету ўжо рыхтуецца прыняць самы старажытны горад Беларусі.


Так, днямі стала вядома, што створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку Віцебскай вобласці 3 верасня 2017 года. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 1 лістапада 2016 года. Узначаліла арганізацыйны камітэт намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава. Намеснікамі старшыні сталі міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.

Пра тое, з якім настроем палачане ўжо сёння рыхтуюцца да Дня пісьменства, нам расказаў кіраўнік спраў Полацкага райвыканкама Сяргей ТРУХАНАЎ:

— Гэта вельмі вялікая падзея для горада, і мы ўсе з нецярплівасцю чакаем свята. Сімвалічна, што чарговы раз прымем гасцей Дня беларускага пісьменства менавіта ў юбілейны год, калі будзе адзначацца 500-годдзе нашага кнігадрукавання. Хацелася б, каб свята запомнілася і палачанам, і гасцям. Спадзяёмся, што і аблічча горада крыху зменіцца, мы зможам адрамантаваць пэўныя аб'екты, надаць новы імпульс развіццю, які будзе падтрыманы і ў будучыні. Варта падкрэсліць: ставімся да свята не проста як да падзеі «на адзін дзень», думаю, што ўвесь 2017 год пройдзе пад знакам беларускага пісьменства. На працягу года ў Полацку будуць адбывацца розныя знакавыя літаратурныя імпрэзы — сімпозіумы пісьменнікаў, сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі новых кніг.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзень пісьменства — 2017: на старце

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.