Вы тут

Адкрылася стартап-школа Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ


Яе мэта — навучыць беларусаў запускаць уласны бізнес.


— Школа прызначана, па-першае, для людзей, у якіх ёсць якая-небудзь бізнес-ідэя, але няма каманды для яе рэалізацыі. Па-другое, для спецыялістаў, якія шукаюць ідэю і жадаюць папрацаваць у камандзе, — тлумачыць кіраўнік стартап-школы Радыён МАРОЗАЎ. — Мы жадаем аб'яднаць такіх людзей і з дапамогай нашых экспертаў і ментараў дапамагчы бізнес-ідэям эвалюцыянаваць у зразумелую бізнес-мадэль.

У пачатку наступнага года ў стартап-школе распачынаецца інтэнсіў «Стартап за 9,5 тыдня». Усяго за два з паловай месяцы камандам трэба будзе засвоіць тэхналогію запуску бізнесу, спраектаваць свой стартап, упакаваць прадукт і, магчыма, зарабіць першыя грошы. А да канца бягучага года будуць праходзіць мітапы — сустрэчы, дзе ў кожнага ўдзельніка будзе дзве хвіліны, каб прадставіць сваю ідэю ці праект або сябе «прарэкламаваць» — расказаць усім пра свае кампентэнцыі.

На адкрыцці стартап-школы было прадстаўлена шмат ідэй, якія могуць кардынальна змяніць наша жыццё, калі ўвасобяцца ў рэчаіснасць. Мы адарвёмся ад камп'ютараў і, нарэшце, зоймемся спортам. Дадатак з эфектам а-ля Pokemon Go зменіць ход эвалюцыі і пераўтворыць згорбленых малпаў зноў у людзей. Назаўсёды знікне «сантэхнік Пятровіч», які рамантуе кран толькі з дзясятай спробы. Спецыяльны вэб-сэрвіс дапаможа абараніць заказчыка ад непрафесіяналаў і тых, хто «накручвае» на паслугах па рамонце жылля.

Дастаткова будзе запоўніць усяго адну анлайн-форму і ўказаць свае перавагі і бюджэт, каб атрымаць адпаведныя прапановы адразу ад усіх турыстычных фірм на свой мабільнік.

Зменіцца аблічча нашых гарадоў. Пяціпавярховікі пасля капітальнага рамонту стануць сяміпавярховікамі, прычым у пентхаусах размесцяцца трэнажорныя залы, буцікі і офісы. Такія тэхналогіі ў заходніх краінах ужо ёсць, але і беларускім інаватарам ёсць што прапанаваць.

Усе заняткі стартап-школы будуць праводзіцца Інстытутам бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ ў партнёрстве з грамадскім аб'яднаннем «Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу». Экспертамі ў школе выступяць паспяховыя беларускія бізнесмены.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ідэі, якія зменяць наша з вамі жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».