Вы тут

Якое дакументальнае кіно пакажа “Лістапад”?


У Асноўны конкурс дакументальнага кіно сёлетняга фестывалю “Лістапад”, які адкрыецца 4 лістапада, трапіла 12 карцін – геаграфія паходжання фільмаў выцягваецца ад блізкіх нам Украіны, Літвы і Расіі да экзатычнай Кубы. Дырэктарка праграмы Ірына Дзям’янава патлумачыла нам, чым адметная кожная з дванаццаці карцін. Шчыра кажучы, пасля яе аповеду ўбачыць хочацца ўсё.


“Аўстэрліц” Сяргея Лазніцы (Германія)

Інтэлектуал Сяргей Лазніца – сёння адзін з самых цікавых еўрапейскіх рэжысёраў. Ён добра вядомы нашаму гледачу, бо на “Лістападзе” мы паказвалі шмат яго фільмаў. “Аўстэрліц” адсылае да аднайменнага рамана Вінфрыда Зебальда, прысвечанага Халакосту. Дарэчы, Сяргей кажа, што кнігу набыў менавіта ў Мінску. Зразумела, фільм – не экранізацыя, але назва запазычана не выпадкова. Стылістыка “Аўстэрліца” нагадвае папярэднія фільмы Лазніцы – “Арцель”, “Блакада”, што зманціравана з унікальнай ленінградскай хронікі, “Майдан”, “Здарэнне”. У пагодны летні дзень сотні людзей наведваюць мемарыялы на месцах былых канцлагераў. Аўтар задаецца пытаннем, на якое, магчыма, няма адказу: што прымушае гэтых людзей прыходзіць у месцы, дзе пакутавалі, мучыліся, паміралі? Паўстае таксама пытанне стаўлення да мінулага, да гістарычнай памяці асобнага чалавека і грамадства наогул.

Аўтар выбраў некалькі месцаў здымак. Камера быццам не рухаецца – відавочна, яна не ўмешваецца ў дзеянне і не сочыць за нечым канкрэтным. Але ўважліва назірае: міма праходзяць экскурсіі, наведвальнікі размаўляюць па тэлефоне, робяць сэлфі, гутараць адзін з адным, і галоўнае, якімі яны ўваходзяць – такімі і выходзяць, без слёз і турбот. Лазніца звяртаецца да нашых адносін з мінулым, да якога мы часам ставімся панібрацкі: можам нешта паправіць ці перапісаць… Кінематограф у гэтым, на жаль, таксама вызначыўся. “Аўстэрліц” зацягвае сваёй няспешнасцю, амаль заварожвае і доўга не адпускае.

Убачыць фільм можна 5 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 19.30


“Час пакажа” Андрэаса Войта (Германія)

Работы такога кшталту сустракаюцца рэдка, хоць нельга сказаць, што гэты праект вельмі арыгінальны для дакументальнага кіно. Рэжысёр здымае сваіх герояў на працягу дваццаці пяці гадоў – ён сочыць за тым, як змяняецца іх жыццё з моманту падзення Берлінскай сцяны. Тры навелы паказваюць, чым жыве сучаснае грамадства. Напрыклад, адзін герой, не тое каб прыносіць сябе ў ахвяру, але тым не менш адмаўляецца ад асабістага жыцця, каб даглядаць слабога бацьку. Яшчэ адна гераіня – маладая жанчына – звяртаецца да дакументаў Штазі, каб зразумець гісторыю сваіх бацькоў, што некалі былі сюды завербаваныя. У свой час яе маці з-за публікацыі дакументаў і адкрытых архіваў не магла знайсці працу і пасля чарговай няўдачнай спробы некуды ўладкавацца скончыла жыццё самагубствам. Фільм “Час пакажа” расказвае пра “маленькага чалавека” на фоне велічэзнай гісторыі. Нехта з ёй спраўляецца і ўпісваецца ў сістэму, а некага яна перамалвае.

Убачыць фільм можна 5 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 15.10 і 21.30


“Як у кіно” Атанаса Хрыстоскава (Балгарыя)

Вельмі мілая карціна, у дакументальным конкурсе “Лістапада” даўно не было балгарскага кіно. Гэты фільм – настальгія па кіно, кінатэатрах і жыцці, якое сышло паралельна з запусценнем будынкаў. Некалькі разбураных кінатэатраў, якія ўжо не функцыянуюць, знамянальныя тым, што тут, напрыклад, адбыўся першы пацалунак, а там гледачы біліся за білеты на “Зорныя войны”.

Убачыць фільм можна 6 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 19.30


“Цыганскі футбольны клуб” Томаша Баяра і Разаліі Кагоўтавай (Чэхія)

Чэхі, як і славакі, рэгулярна звяртаюцца да няпростай тэмы складаных узаемаадносін з цыганскай суполкай. У гэтым фільме яна раскрываецца з тонкай іроніяй – чэхам увогуле ўласціва спецыфічнае пачуццё гумару. Іронія ў тым, што з цыганскай футбольнай камандай ніхто не хоча іграць, бо гэта лічыцца ніжэй сваёй годнасці, таму, калі праціўнік у чарговы раз не прыходзіць на матч, выйгрыш аўтаматычна залічваецца цыганам. Фільм не агрэсіўны, але за ім бачыцца сур’ёзная праблема, тым больш калі ведаць кантэкст кіно на гэту тэму. Можна ўзгадаць, напрыклад, фільмы “Цыгане ідуць на выбары” альбо “Правасуддзе па-венгерскі”, у якім амаль двухгадзіннае дзеянне адбываецца ў зале суда над неафашыстамі, што забілі цыганскую сям’ю. “Цыганскі футбольны клуб”, хоць і іранізуе, не з’яўляецца анекдотам – ён становіцца своеасаблівай бытавой размовай пра сур’ёзную праблему, не гаварыць пра якую нельга.

Убачыць фільм можна 6 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 15.00 і 21.00


“Парк Леніна” Іцыара Ліманса і Карласа Мінона (Куба, Мексіка, Францыя)

Кубінскае  дакументальнае кіно трапляе на “Лістапад” рэдка. У гэтай карціне ёсць традыцыйны кубінскі пейзаж, густанаселены горад, мора, тэмпераментныя людзі. Але час ад часу мы аказваемся ў Францыі, дзе адзін з герояў, прыгожы і элегантны мужчына, будуе кар’еру опернага спевака – мы бачым, як ён займаецца з выкладчыкамі, ходзіць на рэпетыцыі і гэтак далей. За гэтым – гісторыя трох дзяцей, якія засталіся ў адзіноце пасля смерці маці. Старэйшы сын паехаў у Францыю, а малодшы застаўся выхоўваць маленькую сястру, у адносінах з якой узнікаюць свае праблемы. У канцы мы бачым вельмі дзіўную гісторыю: пасля тытраў паказваецца ці то мара, ці то рэальнасць – галоўныя героі быццам успамінаюць, як некалі ўсёй сям’ёй хадзілі ў Парк Леніна. Увесь час героі сумуюць па сям’і і хочуць быць разам, бо паасобку ім дрэнна.

Убачыць фільм можна 7 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 19.30


“Украінскія Шэрыфы” Рамана Бандарчука (Украіна, Латвія, Германія)

Галоўныя героі – два шэрыфы, што жывуць у вялікім украінскім сяле. Пакуль мы назіраем, як яны працуюць, нам адкрываецца натуральная карціна жыцця Украіны. Гэта мірнае, нават тыповае, сяло, дзе здараюцца анекдатычныя сітуацыі. Ёсць, напрыклад, вельмі смешны эпізод, калі жыхары сяла і мясцовая ўлада збіраюцца на сустрэчу з палітыкамі, якія прыязджаюць і прапануюць памяняць структуру падпарадкавання (але мы разумеем, што яны хочуць атрымаць гэтае сяло сабе “ў вотчыну”). Мы бачым, як шэрыфы па-чалавечы дапамагаюць аднасяльчанам: ратуюць кагосьці ад пакарання альбо засяляюць бяздомнага ў пусты дом. Героі вядуць размовы пра палітыку, у якіх чуюцца водгукі вайны. А лейтматывам праходзіць выява чалавека, які з вышкі сочыць за аколіцай. Мы меланхалічна глядзім на пейзажы абыякавай прыроды, а час ідзе – недзе там вялікае жыццё, ад якога не адгарадзіцца, бо ўсё роўна яно вас спасцігне.

Убачыць фільм можна 7 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 15.00 і 21.20


“Саламанка” Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак (Расія, Беларусь)

Чорна-белы фільм, вельмі стыльны і рэдкі. Руслан Фядотаў пасля заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў вучыўся ў Маскоўскай школе новага кіно. І вось ён вандруе і здымае. Менаніты, пра якіх расказваецца ў фільме, – вельмі старажытная мексіканская суполка, якая жыве па сваіх жорсткіх рэлігійных законах. Жыхары аднолькава апранутыя, жывуць па пэўным распарадку, некаторыя жанчыны закрываюць ад камеры твар – зразумела, што тут існуюць абмежаванні. А за кадрам галоўны герой расказвае пра сваё станаўленне, у пэўны момант якога за яго сумненні абшчына прыпыніла стасункі з сям’ёй. І хоць у фільме паказваецца далёкі край і невядомыя людзі, гэта вельмі тонкае, датычнае кожнага, пранікненне ў духоўны свет. З аднаго боку, менаніты для нас – экзотыка, а з другога гэты фільм – універсальны.

Убачыць фільм можна 8 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 18.30


“Халодныя вушы” Лінаса Мікуты (Літва)

Рэжысёр назірае за хутарскім жыццём сталага бацькі і амаль глуханямога сына. Ім цяжка жыць разам, але не таму, што яны ў буквальным сэнсе адзін аднаго не чуюць. Іх стасункі ўскладненыя іншымі прычынамі: сын лічыць бацьку жорсткім, той, наадварот, наракае на абыякавасць і называе гэта “халоднымі вушамі”. Няздольнасць пачуць адзін аднаго ўзнікае з-за адсутнасці ўнутранай сямейнай сувязі. Час ад часу – тут вельмі добрая гукавая, музыкальная частка – мы падымаемся над хутарам і бачым сімвалічны суровы пейзаж позняй восені ці ранняй зімы. Размаўляюць героі на беларускай трасянцы – напэўна, яны этнічныя беларусы, хоць і жывуць на тэрыторыі Літвы, – але нацыянальнасць у гэтым выпадку не мае ніякага значэння.

Убачыць фільм можна 8 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 18.30 (фільм паказваецца разам з “Саламанкай”)


“Мой сябар Барыс Нямцоў” Зосі Радкевіч (Расія)

Фільм маладой рэжысёркі, выпускніцы знакамітай школы Марыны Разбежкінай, якая пачала яго здымаць, выконваючы “заданне рэдакцыі”. Рэжысёрка ходзіць за Нямцовым па пятах. Нехта лічыць, што ён гэта дазволіў, нехта – што ён маніпуляваў дзяўчынай, тым не менш Зося Радкевіч наблізілася да героя вельмі блізка. Фільм паказвае хутчэй не палітыка, хоць падзеі і адбываюцца падчас перадвыбарнай кампаніі, а асобу: ён размаўляе з выпадковымі людзьмі, нырае ў палонку, займаецца на трэнажорах, вядзе бытавую размову з жонкай, разважае. Мы бачым чалавека ў росквіце сіл, у гушчы падзей, яго ведае кожны. І тут аказваецца, што ён забіты. Другім ці трэцім пластом можа ўзнікнуць разважанне, як дорага чалавек плаціць са свае амбіцыі.

Убачыць фільм можна 8 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 15.30 і 21.00


“Прычасце” Ганы Замецкай (Польша)

Польская сям’я ў малюсенькай кватэры правінцыйнага горада. 14-гадовая Оля жыве з хворым бацькам і братам-аутыстам, які павінен падрыхтавацца да важнага рытуалу прычасця. На ёй цяжар адказнасці – яна настаўляе бацьку, прымушае брата займацца катэхізісам і даглядае яго. Усё гэта адбываецца на фоне сямейнай драмы, бо недзе ў тэлефонных размовах існуе маці, якая жыве іншым жыццём і мае маленькае дзіця. Галоўная гераіня вельмі хоча, каб мама вярнулася, – не для таго, каб ёй стала лягчэй, а таму што вельмі яе любіць. Нягледзячы на істэрыкі, на тое, што эмацыйна Олі з гэтым цяжарам вельмі складана, кожную сваю справу яна даводзіць да канца. На прычасце прыязджае маці, яны ўсе разам абедаюць у рэстаране, тая нават пераязджае разам з дзіцем і дзіцячым ложкам. А на наступны дзень зноў з’язджае – бацька выходзіць у калідор пакурыць, Оля таксама выходзіць і плача – ад крыўды, гора, адзіноты, непасільнага цяжару.

Убачыць фільм можна 9 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 18.30


“Калі зямля падаецца лёгкай” Саломэ Мачаідзэ, Тамуны Карумідзэ і Давіда Месхі (Грузія, Германія)

Знята надзвычай прыгожа. Гэта фільм пра маладых людзей, скейтэраў, якія сышлі з соцыума, са школы, жывуць камунай. Калі героі едуць на скейтах, бачна, што горад у пэўным сэнсе не ўладкаваны і свет вакол жыве цяжка. І ў гэтым свеце героі шукаюць гармонію, прыгажосць, рэалізацыю нейкай мары. Фільм не пакідае пачуцця складанасці, наадварот – тут ёсць адчуванне палёту, адарванасці ад зямлі, у прамым і пераносным сэнсах.

Убачыць фільм можна 9 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 15.20 і 21.00


“Х’юстан, у нас праблемы” Жыгі Вірца (Славенія, Харватыя, Германія, Чэхія, Дзяржава Катар)

Прэтэндуе на суісканне прэміі Оскар. У фільме вялікая колькасць цікавай хронікі з гісторыі былой Югаславіі пра тое, як Ёсіп Броз Ціта манеўруе паміж СССР і Злучанымі Штатамі Амерыкі і ў пэўны момант задумвае разам з НАСА сумесную касмічную праграму. Гэта засталося б малавядомым гістарычным фактам, калі б не лёс чалавека, які стаў заложнікам гэтай праграмы – каб пераслаць яго ў Злучаныя Штаты, улада інсцэніруе яго гібель. І вось праз сорак гадоў ён вяртаецца ў былую Югаславію, прыходзіць на ўласную магілу, сустракаецца з дачкой, якая не можа дараваць, што маці прыйшлося жыць з гэтым горам усё жыццё. У выніку галоўны герой прыходзіць у маўзалей Ціта, робіць жэст са значэннем “пайшоў ты”, разварочваецца і з’язджае. “Х’юстан, у нас праблемы” – яшчэ адзін фільм пра чалавека ў гісторыі.

Убачыць фільм можна 10 лістапада ў кінатэатры “Мір” – 12.30 і 18.30

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?