Вы тут

Сакрэты неразумення


Прачытаў нядаўна анекдот, які падаўся не столькі смешным, колькі філасофскім. «Неразуменне — гэта тое, што дазваляе мужчынам і жанчынам захоўваць інтарэс адно да аднаго». Пагадзіцеся, што ў пэўным сэнсе яно сапраўды так і ёсць. Мы розныя, і ў гэтым, мабыць, крыецца галоўная таямніца ўзаемнай увагі. Гэткая пуцяводная нітка, якая вядзе нас па жыцці. Хоць, прызнаемся, зразумець адзін аднаго часам бывае ну-у вельмі складана. («Як кажуць: «мужчына — з Марса, а жанчына — з Венеры». Дык вось, Венера — адзіная планета, якая круціцца супраць гадзіннікавай стрэлкі. Вось тут я і задумаўся пра жаночую логіку...») Думаецца, з-за таго, што мужчыны — істоты найперш лагічныя па сваёй сутнасці, а жанчыны — эмацыянальныя. («Мужчына ад жанчыны чым адрозніваецца? Вытрымкай. Ляжыць жанчына, не вытрымае, ускочыць, мітусіцца, нешта робіць. Мужчына ляжыць сабе далей. Перасільвае».)


Як слушна гаварыў са сцэны Віталь Каламіец, колішні чэмпіён Вышэйшай Лігі КВЗ у складзе каманды БДУ, «Мужчына — гэта хлопчык, які выпадкова выжыў». Памятаеце: «Сынок, не падыходзь да разеткі!.. Ну... Затое цяпер ты ведаеш, што такое пераменны ток...»? Кіравацца логікай хлопчыкаў з ранняга маленства прывучае само жыццё. («Ты мяне слухаеш увогуле? — Так. — Ну, і пра што я зараз гаварыла? — Пра сваю жаночую лухту, як звычайна. — Добра, гэтым разам табе пашанцавала».) Прынамсі, так было раней. Усведамленне, што пугач пры выпрабаваннях здольны выбухнуць у руках і пальцы паадрываць, што падстаўляць далонь у якасці мішэні для стралы з лука — не самае лепшае рашэнне, прыходзіць тады, калі ўсё ўжо адбылося. («Не бывае позна, бывае ўжо не трэба».)

У дзяўчат жа ўсё павінна быць найперш прыгожа! Любой цаной! («Пяцігадовая дзяўчынка прыходзіць у новай ружовай сукенцы ў дзіцячы сад. На пытанне выхавальніцы, адкуль такая сукеначка, з гонарам адказвае: «Нараўла!») А яшчэ для прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва вельмі важна адчуваць, што яна заўсёды мае рацыю. Нават калі гэта не так. («Мая сёння выдала: «Вось даводзіць да шаленства спрэчка з табой! У цябе проста аргументаў больш, з-за гэтага падаецца, што быццам ты маеш рацыю! А ты не маеш рацыі!!!») Ну, і вядома, шопінг! («Дзяўчына не можа быць шчаслівай, пакуль не абзавядзецца дастатковай колькасцю адзення, якое можна не апранаць».) Вось мы, прадстаўнікі іншай паловы чалавецтва, усё ж пра гэта ведаем. І ў большасці выпадкаў — не разумеем. Дакладней, разумеем, што гэта непаразуменне. («Мужчыны, не спрабуйце зразумець жанчын. Мала таго, што яны часам мыюць галаву асобна ад цела, дык некаторыя яшчэ і грыўку мыюць асобна ад усёй галавы».) І тым не менш мы «вядзёмся», цягнемся адно да аднаго, як за той пуцяводнай ніткай. Прымаем правілы гульні, спадзеючыся, што зможам падмануць «сістэму». («І чаму мужчыны баяцца жанчын? І што можа жанчына зрабіць? Ну, настрой сапсаваць, ну, жыццё паламаць... І ўсё!») Галоўнае, не палохацца, і ўдача абавязкова ўсміхнецца вам!

Хоць, трэба прызнаць, неразуменне можа спрацаваць «на інтарэс», толькі калі яно сапраўды ў меру. («Усё! Заўтра кардынальна мяняю сваё жыццё!!! — Ляжаш на тэлевізар і будзеш глядзець на канапу?») Нядаўна жыхар Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў вырашыў скасаваць шлюб з жонкай адразу пасля таго, як атрымаў магчымасць убачыць яе твар без макіяжу. Пара адпачывала на пляжы і 24-гадовая жанчына змыла «расфарбоўку», каб паплаваць. Муж быў шакіраваны непрывабнай знешнасцю сваёй палавінкі. Высветлілася, што тая зрабіла мноства пластычных аперацый, сляды якіх сталі заўважныя на твары, апроч таго, яна насіла каляровыя кантактныя лінзы і накладныя вейкі. 30-гадовы мужчына палічыў сябе падманутым і катэгарычна адмовіўся прымірыцца з жонкай. Тая быццам бы збіралася ўсё расказаць мужу, але зацягнула з гэтым. Дарэчы, пара да заключэння шлюбу была паўгода ў заручынах. («Як прайшла першая шлюбная ноч? — Не ведаю, я страціў прытомнасць адразу пасля таго, як яна адклеіла накладныя вейкі...»)

Бываюць яшчэ больш клінічныя выпадкі. Мікіту Джыгурдзе не дапамагло ні галенне барады, ні ўзятае новае мудрагелістае імя, ні абяцанне тварыць далей у «любові без правілаў». Марына Анісіна, яго жонка, нарэшце вырашыла скасаваць шлюб, назваўшы эпатажнага мужа — ні многа, ні мала — хворым. («Акей, гугл! Як адрозніць прынца на кані ад вершніка апакаліпсіса?») Шмат жа ёй спатрэбілася часу, каб зразумець гэта... («Даведаліся адно пра аднаго бліжэй і паслалі адно аднаго як мага далей».) Наўздагон падзеі толькі і застаецца што сказаць Джыгурдзе: «Кінула жонка? Не пабіўся, і тое добра»...

...У мяне ёсць світар, які праблематычна нацягнуць на сябе аднаму: рукавы скручваюцца. Я жартую, што такія нельга прадаваць адзінокім мужчынам. На дапамогу кожны раз прыходзіць якраз жонка, без лішніх слоў выпростваючы іх. («У адносінах галоўнае, каб абодва любілі шаўрму».) Памятаеце словы адной песні Ганны Герман? «Надзея — мой компас зямны, а ўдача — узнагарода за смеласць»? Дык вось, зычу кожнаму правільнага азімута па жыцці і сваю Надзею.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фо­та Ма­ры­ны БЕ­ГУН­КО­ВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».