Вы тут

Вандроўка па Украіне: уражанні і практычныя парады


Ідэя вандроўкі па Украіне з'явілася ў нас з сябрамі даўно. Для беларусаў гэта адзін з самых танных і, напэўна, цікавых варыянтаў: візы не трэба, ведання замежных моў — таксама. Мы вырашылі ахапіць адной паездкай максімум: сталічны Кіеў, марскую Адэсу і гістарычны Львоў. А пасля вяртання дзелімся сваімі ўражаннямі і практычнымі парадамі з чытачамі «Чырвонкі. Чырвонай змены».


У ад­крыц­ці Львоў­ска­га опер­на­га тэ­ат­ра ў 1900 го­дзе пры­маў удзел сла­ву­ты  поль­скі пісь­мен­нік бе­ла­рус­ка­га па­хо­джан­ня Ген­рык Сян­ке­віч.

Першае, аб чым трэба загадзя паклапаціцца любому «дзікаму» турысту, — месца жыхарства. Самым танным варыянтам будуць хостэлы. Пакой для траіх на дзве ночы ў Кіеве мы знялі прыкладна за 25 рублёў з чалавека, чатыры ночы ў аналагічным па фармаце пакоі ў Адэсе абышліся кожнаму ў 40 рублёў. Сумарна за начлег у двух гарадах заплацілі 65 рублёў — нават у самых танных гасцініцах за гэтыя грошы можна было б спыніцца толькі на суткі.

Наступнае пытанне — транспарт. Найбольш танны спосаб дабрацца да сталіцы Украіны — аўтобус. Квіткі на рэйсы «Мінсктранса» каштуюць 30 рублёў, трохі даражэй бяруць прыватныя перавозчыкі. Мы скарысталіся паслугамі апошніх і заплацілі 38 рублёў.

Кіеў — горад вельмі цікавы для беларусаў. Тут нямала звязанага з нашай краінай. Нават пакідаючы за дужкамі відавочную тапаніміку (ёсць Беларуская вуліца, станцыя метро «Мінская»), месцаў, якія нагадваюць пра Бацькаўшчыну, хапае. У былым мястэчку Прадславіна (цяпер гэта амаль цэнтр горада) некалі жыла беларуская князёўна Рагнеда, якую сілай забраў са спаленага Полацка князь Уладзімір. Пасля ў Кіеве некалькі месяцаў княжыў яшчэ адзін палачанін — Усяслаў Чарадзей. А ў Кіева-Пячэрскай лаўры больш як сем стагоддзяў захоўваліся мошчы святой Ефрасінні Полацкай. Ужо ў мінулым стагоддзі горад даў прытулак юнаму Уладзіміру Караткевічу (некалькі месяцаў у 1944 годзе ён знаходзіўся тут у сваякоў, а пасля прыехаў на вучобу). Цяпер за тры хвіліны хады ад двара, дзе жыў будучы класік, побач з будынкам беларускага пасольства яму ўсталяваны помнік.

Самы просты спосаб дабрацца з Кіева да Адэсы — цягнік. Можна выбраць фірменны «Чарнаморац», купэ ў якім абыдзецца прыкладна ў 40 рублёў, а можна крыху сэканоміць — квіток на звычайны рэйс каштуе каля 30 рублёў (дарэчы, чыгуначныя перавозкі — адна з рэдкіх паслуг, якія ва Украіне каштуюць даражэй, чым у нас). Мы выбралі апошні: начная паездка — выдатны спосаб сэканоміць час. Дванаццаць гадзін у цягніку — і вось мы ў легендарным партовым горадзе.

Адэса лічыцца турыстычным цэнтрам у першую чаргу дзякуючы мору. Але калі вы трапіце сюды не падчас «сезона», то ўсё адно не засумуеце (а ў нечым нават выйграеце). Цэнтральную частку горада можна без перабольшвання назваць музеем пад адкрытым небам. Дастаткова зрабіць колькі крокаў ад вакзала — і вось вы на Малой Арнавуцкай вуліцы (той самай, дзе па версіі Астапа Бэндэра робяць усю кантрабанду), калі пайсці налева — патрапіце на легендарны рынак Прывоз (цяпер ён, праўда, не нашмат адрозніваецца ад нашых Ждановічаў, але візіт варта нанесці толькі дзеля яго асаблівай аўры). Адэскі оперны тэатр 1887 года пабудовы, вуліца Дэрыбасаўская, якую нават не трэба прадстаўляць, Пацёмкінская лесвіца, з вяршыні якой адкрываецца шыкоўны від на порт, славутыя катакомбы, агульная даўжыня якіх перавышае — удумайцеся — 2,5 тысячы кіламетраў (падчас вайны тут даволі паспяхова дзейнічаў атрад савецкіх партызан), Адэская кінастудыя, дзе ствараліся дзясяткі стужак, якія ўжо сталі класікай... Дарэчы, нямала тут і славутасцяў, звязаных з беларусамі. У горадзе ёсць помнік і памятная шыльда Адаму Міцкевічу (паэт жыў на Дэрыбасаўскай некалькі месяцаў і нават прысвяціў гораду цыкл сваіх санетаў), тут у 1917 годзе знаходзіўся адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы Сцяпан Некрашэвіч (яго намаганнямі ў Адэсе тады запрацавала 30 пачатковых беларускіх школ), тут нарадзіўся класік нашай літаратуры Янка Брыль.

На­ве­даць Кі­еў вар­та хоць бы дзе­ля пом­ні­ка  Ула­дзі­мі­ру Ка­рат­ке­ві­чу.

Апошнім пунктам вандроўкі стаў Львоў — горад, які цяпер перажывае сапраўдны турыстычны «бум». Асабліва яго любяць нашы суайчыннікі — тут захавалася шмат заходнееўрапейскай архітэктуры, якая амаль не дажыла да нашых дзён у Беларусі. З Адэсы да Львова штодзень ходзіць начны цягнік, купэ ў якім каштуе каля 30 беларускіх рублёў у эквіваленце.

У сталіцы Заходняй Украіны мы правялі ўсяго адзін дзень. Але нават гэтага дастаткова, каб атрымаць уражанне аб горадзе. Галоўнае, у чым пашанцавала Львову, — захаванне аўтэнтычнага архітэктурнага аблічча. Прычым не толькі ў гістарычным цэнтры, але і на значнай адлегласці ад яго. Першае месца, якое варта наведаць, — плошча Рынак і яе ваколіцы. Тут знаходзіцца гарадская ратуша, пад'ём на вежу якой рэкамендуецца толькі загартаваным турыстам — 60 метраў уверх па драўлянай лесвіцы адолее не кожны. Тут жа можна пасядзець у адной са шматлікіх кавярняў і набыць украінскія сувеніры. Абавязковае для наведвання аматарамі гісторыі месца — Музей Арсенал, дзе сабрана калекцыя разнастайнай зброі з больш як трыццаці краін свету: ад тэўтонскіх мячоў і татарскіх шчытоў да марцір, якія стралялі 30-кілаграмовымі ядрамі, і дуэльных пісталетаў. Калі вы раптам стаміліся ад падарожжа і людскога натоўпу, абавязкова наведайце Стрыйскі парк, які лічыцца адным з найпрыгажэйшых ва Украіне. Ёсць тут і звязаныя з Беларуссю славутасці, напрыклад палац Сапегаў — вядомага шляхецкага роду ВКЛ. З той прычыны, што мы не паспявалі паглядзець на ўсё, што запланавалі, вырашылі пайсці самым простым шляхам — падняліся на Замкавую гару, адкуль адкрываецца шыкоўны від на цэнтр Львова. Пабачылі ўсё за адзін раз, няхай і з вялікай адлегласці.

Самы эканомны спосаб вяртання ў Беларусь — паездка на прыгарадных цягніках з перасадкамі. Па вечарах ад Львоўскага вакзала адпраўляецца «дызель» на Ковель, квіток на які каштуе каля 2 рублёў, праз гадзіну пасля яго прыбыцця стартуе «дызель» у беларускі памежны аграгарадок Хаціслаў. Кошт білета — каля 1 рубля. Праз гадзіну цягнік ужо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, і пасля памежнага надгляду можна перасаджвацца з яго ў электрычку Хаціслаў — Брэст, якая чакае на суседнім пуці (квіток коштам 1 рубель можна набыць проста ў вагоне ў кантралёра, ісці ў білетныя касы не трэба). Такім чынам, паездка са Львова ў Брэст будзе каштаваць усяго 4 беларускія рублі.

Лічыльнік

Галоўнае, што прыемна здзіўляе ва Украіне, — цэны. Па большасці пазіцый яны меншыя за беларускія. Асабліва гэта адчуваецца ва ўстановах харчавання. Рознага кшталту стрыт-фуд (шаўрму, фалафель, бургеры і іншае) нам даводзілася каштаваць толькі праз уласную цікаўнасць, а не ў мэтах эканоміі. Сярэдні кошт абеду ў тутэйшай кавярні — 15 рублёў. За восем дзён падарожжа яны пераўтвараюцца ў 120. Дадаём сюды вулічныя «перакусы» і ласункі і атрымліваем бюджэт на харчаванне каля 150 рублёў. У кожным горадзе варта пакаштаваць штосьці сваё: у Кіеве — боршч з пампушкамі (ці параўнаць мясцовыя дзеруны з нашымі дранікамі), у Адэсе — абавязкова ўзяць мясцовай цюлькі, у Львове — каву і дэсерты. Асобна варта сказаць пра порцыі — дзе-дзе, а ў кухонным пытанні шчодрасць украінцаў праяўляецца вельмі яскрава.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Па ўражанні і... боршч, або Культурна-кулінарнае падарожжа

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.