Вы тут

Ці выгадна трымаць на падворку жыўнасць


Сумна, але факт. З кожным годам усё больш вяскоўцаў адмаўляюцца ад асабістай падсобнай гаспадаркі. Але ёсць і тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без хатняй жывёлы. Як, напрыклад, Сяргей Чатырка з Новай Вёскі Стаўбцоўскага раёна.


Сяргей Іванавіч у свой час узначальваў Варацішчанскі сельскі Савет дэпутатаў. У выніку аптымізацыі тэрыторыю далучылі да іншай. І тады ён, па спецыяльнасці заатэхнік, вырашыў пашырыць сваю гаспадарку. Цяпер на падворку, можна сказаць, цэлая міні-ферма.

— У мяне пяць кароў, качкі, куры, кот і сабака. Зрэшты, мы ўвесь час трымалі рагулю. А цяпер, так бы мовіць, хобі перарасло ў прафесію, — жартуе мой суразмоўца і ўжо сур'ёзна дадае: — Вельмі прывязаўся да сваіх карміліц: здаць на мяса не магу. Крыху павышу голас, а яны ўжо адчуваюць, што няправільна сябе паводзяць. Каровы сталі амаль што членамі нашай сям'і. Але адзін не справіўся б з жывёлай. Дапамагаюць сын-дзевяцікласнік, дзве дачкі са сваімі мужамі і жонка.

Пракарміць такі гурт, вядома, не так проста. У Сяргея Чатыркі тры гектары зямлі, дзе ён сее цімафееўку і канюшыну. Частку адводзіць пад пашу. На іншай нарыхтоўвае сена на зіму. Акрамя таго, Сяргей Іванавіч садзіць бульбу, кармавыя буракі, збожжа, а на хлебапрыёмным пункце купляе камбікорм. Разам з тым выкарыстоўвае і прысядзібны ўчастак маці — пад бульбу, аднагадовыя сумесі: авёс, гарох, віку — для падкормкі жывёлы. Дробныя клубні, яблыкі рупліўцу аддаюць пенсіянеры. Калі раней яны імкнуліся мець каля дома вялікі ўчастак, то цяпер нават 25 сотак не ў стане апрацаваць: няма сіл і здароўя. А прадукцыю, што вырасцілі, людзі старэйшага пакалення не прывыклі выкідваць на сметнік, нават шалупінне ад бульбы. Сяргей Іванавіч стараецца разлічыцца з імі, але вяскоўцы адмаўляюцца ад грошай. Нават крыўдуюць у адказ. Сёлета тону збожжа па калектыўным дагаворы ў кошт натуральнай аплаты атрымала жонка, якая працуе бухгалтарам у адкрытым акцыянерным таварыстве «Новы Двор». На цукровым камбінаце гаспадар купляе жамерыны. Летась прывёз тры машыны. Папярэдне яго ахалоджвае, падсольвае: хапае да самай вясны.

— І колькі грошай траціце на кармы? — цікаўлюся ў Сяргея Іванавіча.

— За камбікорм, у прыватнасці, на працягу года аддаю дзесьці 1,5—2 млн рублёў да дэнамінацыі. Але ж і свайго збожжа пасля абмалоту дастаткова. У мінулым годзе, напрыклад, добра ўрадзілі жыта і трыцікале. Сёлета сеяў яравую пшаніцу і ячмень. Ураджайнасць слабейшая, чым летась, але ўсё ж намалаціў 2,5 тоны. У мяне ёсць міні-млын «Фермер». Так што не трэба прасіць чужых людзей, каб гэта зрабілі. У выніку эканомлю на транспарце, іншых затратах, — канстатуе Сяргей Чатырка. — Ёсць у мяне мотаблок, якім падкошваю траву. А так наймаю тэхніку для апрацоўкі зямлі ў прыватніка. З гэтым праблем няма.

Сёлета гаспадар здаў у калгас чацвёра цялят. Малыя месяц пастаялі каля сваіх матуль. Таму на свежым малацэ добра прыбаўлялі ў вазе: па 1200 грам у суткі. Выраслі да 80 кілаграмаў. А за кілаграм жывой вагі сельгасарганізацыя плаціць па 32 тыс. старых рублёў. Добрая капейка атрымліваецца. На сваіх карміліц Сяргей Чатырка не можа нарадавацца: даюць у дзень і па 30, і па 32 літры малака. Бывае і менш, у залежнасці ад пары года.

Кароў, як жартуе сам, шукаў па ўсёй Беларусі. Цяпер купіць добрую карову праблематычна: у людзей іх засталося — па пальцах пералічыць. Знайшоў тое, што было трэба, у Клецку, Ганцавіцкім, Івацэвіцкім раёнах. Як правіла, за рагулю просяць да 18 млн рублёў. Можна кошт збіць і да 15 млн рублёў.

У найбліжэйшай перспектыве былы заатэхнік плануе атрымаць новае, так бы мовіць, удасканаленае патомства, каб малако было больш тлустае. Хаця, зрэшты, і на цяперашніх гадаванак грэх скардзіцца: тлустасць прадукцыі 4,5% пры стандарце 3,6%.

— Сёлета рагуль пакрыў спермай айшырскіх быкоў. Гэта канадская ўніверсальная парода, якая пераносіць і спёку, і холад, дае якаснае малако. Як заатэхнік эксперыментую, хочацца чагосьці новенькага, — прызнаўся мой суразмоўца. — На жаль, у Беларусі не змаглі вывесці сваю пароду кароў. Проста пакрылі жывёлу галштына-фрызамі. Часта сустракаюся на комплексе са спецыялістамі, дык яны скардзяцца, што жывёла малочная, але надта далікатная, капыты і косці слабыя, хварэе на цыроз печані. А дзе ж нашы родныя чорна-стракатыя, сівенькія кароўкі, якія былі ўстойлівыя да лейкозу, туберкулёзу? Ды і ў ежы былі непераборлівыя. Раней ім давалі ў вёсцы ўсё — і сечку, і сена, і бульбоўнік. А жылі па 8—10 гадоў.

Каб кароў было больш, то фермер здаваў бы малако дзяржаве. А так частку аддае дочкам, сваякам і крыху прадае дачнікам. Летам раней па 5—6 млн рублёў выручаў, зімой — менш. Прыбытак невялікі. Але затое сям'я заўсёды была забяспечана свежымі прадуктамі: малаком, тварагом, маслам. Дочкі гатуюць сырнікі, запяканку. Карацей, усе задаволеныя.

— Сутнасць не ў грашах, — кажа Сяргей Чатырка. — Галоўнае, ёсць справа для душы. — Пяць кароў магу падаіць крыху больш як за гадзіну. Гэта калі шмат малака. Цяпер спраўляюся і за 50 хвілін. Шкада, не папярэдзілі, што прыедзеце, зрабіў бы тварог, збіў масла, засмажыў бы бройлера — яны ў мяне выраслі амаль што да 7 кілаграмаў. А так, можа, чаю або кавы хоць вып'ем...

Як прызнаўся Сяргей Іванавіч, вельмі клапотна даглядаць за каровамі. Трэба рана ўстаць, каб падаіць, прыбраць у стойле, выгнаць на пашу, нарыхтаваць сена на зіму. Але разам з тым выгадна. Карова сама сябе ўтрымлівае і дапамагае ўтрымліваць астатнюю свойскую жывёлу. Ды і свежыя прадукты круглы год на стале. Салома ад збожжавых ідзе на падсцілку. Потым прыбіраецца і складзіруецца, а вясной выкарыстоўваецца для ўгнаення агарода. У выніку вырошчваецца экалагічна чыстая прадукцыя. А гэта гарантыя здароўя ўсёй сям'і. Раней у вёсцы не ўяўлялі свой падворак без каровы — яна выратоўвала ў самыя цяжкія часы. Ды і сёння дапамагае многім вяскоўцам вучыць ды выводзіць у людзі сваіх дзяцей.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Аўчынка вартая вырабу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.