Вы тут

Калі трэба ісці да герыятра?


Калі бабуля забыла пра дзень нараджэння ўнука, ёй трэба абследавацца.

Жыць трэба не проста даўжэй, а якасна даўжэй. Калі параўнаць жыццё 80-гадовага японца і беларуса, то гэта будзе, што называецца, зусім іншая якасць. У далёкай краіне, дарэчы, каля 32 працэнтаў пажылых — старэйшыя за 65 гадоў, у нас такіх пакуль 19. Гэты працэнт у нас будзе, вядома, расці — у тым ліку дзякуючы развіццю сучаснай герыятрыі, першыя спецыялісты якой пачалі рыхтавацца ў Беларусі яшчэ ў 1979 годзе. А таму дасягнуўшы 65-гадовага ўзросту, можна разлічваць на спецыялізаваную меддапамогу. Іншая рэч, якім бы адукаваным і дасведчаным ні быў медык, ён не можа замест нас саміх сачыць за артэрыяльным ціскам, фізічнай нагрузкай, якасна харчавацца, ужываць належную колькасць бялку.


Сучасная герыятрыя і ў нас, і ў свеце скіравана на захаванне пачуцця годнасці пажылога чалавека, падтрымку яго фізічнай незалежнасці, развіццё здольнасці да самарэалізацыі, актыўны ўдзел у жыцці грамадства.

— Герыятрыя падтрымлівае вырашэнне гэтых праблем і валодае сваімі падыходамі ў лячэнні і рэабілітацыі пажылых з прыцягненнем сацыяльнай службы, — удакладняе загадчык кафедры геранталогіі і герыятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра геранталогіі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Аляксандр БАЙДА. — Асаблівае значэнне будзе набываць індывідуальны падыход з веданнем асноў псіхатэрапіі, бо падтрымліваць адносіны з пажылымі вельмі няпроста...

З узростам у чалавека змяняецца метабалізм, запавольваюцца абменныя працэсы. Зніжаецца мышачная маса, чалавек фізічна слабее, ён становіцца астэнікам — фізічна неактыўным. Бадай, у кожнага пажылога пасля 60-ці гадоў можна выявіць 6-7 хранічных захворванняў, а значыць, яму патрабуюцца спецыялізаваны герыятрычны медагляд. Зменшыць колькасць абследаванняў пры агульнай ацэнцы стану дапамагаюць спецыяльная шкала і апытальнікі, па выніках якіх урач можа ацаніць інтэлектуальныя здольнасці, магчымасць самастойна перамяшчацца і некаторыя іншыя моманты. Па сутнасці, можна адказаць на пытанне, наколькі стары гэты чалавек. Бо працэс старэння адбываецца з рознай інтэнсіўнасцю ў розных людзей.

Адной з самых распаўсюджаных паталогій у дарослых, а тым больш, у сталых, застаецца сардэчна-сасудзістая, якая пагражае такімі сур'ёзнымі ўскладненнямі, як інфаркт мозгу і інфаркт міякарда. А суправаджае гэтыя катастрофы артэрыяльная гіпертэнзія. Прычым яна вельмі рэдка бывае адна, як правіла, у такіх хворых ёсць і парушэнне ліпіднага абмену, павышаны халестэрын крыві.

«Чвэрць інфарктаў мозгу — паўторныя, што ўказвае на неадэкватную карэкцыю гіпертэнзіі, — кажа загадчык кафедры ўнутраных захворванняў №3 Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Наталля МІЦЬКОЎСКАЯ. — Ранішнія пад'ёмы артэрыяльнага ціску часта суправаджаюцца інфарктам міякарда, раптоўнай сардэчнай смерцю, значна павышаюць рызыку інсультаў. Калі інфаркт сэрца або мозгу адбыўся, наша задача — папярэдзіць паўторнае парушэнне мазгавога кровазвароту. Для гэтага неабходны прэпараты з максімальным прафілактычным дзеяннем. Вельмі важна з дапамогай лекаў дасягнуць зніжэння ціску, прычым у любым узросце, нават пасля 80-ці!» Хваробы касцей і суставаў — яшчэ адна распаўсюджаная праблема. Боль — агульны сімптом запаленчых, дэгенератыўных і метабалічных парушэнняў. 60 працэнтаў людзей старэйшай узроставай групы пакутуюць ад хранічнага болю, паступовага зніжэння рухавасці суставаў — остэаартрыту. Яго прыкметы можна выявіць, як сцвярджаюць амерыканскія даследчыкі, у 90 працэнтаў людзей пасля 40 гадоў.

— Важна запаволіць прагрэсіраванне захворвання, зняць боль і запаленне з дапамогай тых жа фізічных практыкаванняў, зніжэння вагі пры яе значным перавышэнні, змяненні ладу жыцця, — тлумачыць дацэнт кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА Ганна БУГЛОВА. — У мяне была 87-гадовая пацыентка з артрытам. На маю прапанову ўзяць кіёчак яна сказала, што не можа сабе дазволіць змяніць знешні выгляд. Аднак падчас наступнага візіту жанчына паведаміла, што прапагандуе карыстанне кіем, бо ёй стала намнога лягчэй. Вялікую ролю ў лячэнні і захаванні здароўя могуць адыгрываць нашы паводзіны, хоць ніхто не скідвае з рахунку ўжыванне прэпаратаў з групы хондрапратэктараў, у тым ліку беларускай вытворчасці — такіх, як хандрамед і хандрамед плюс...

Даволі значная доля пажылых з такім аўтаімунным, як рэўматоідны артрыт, у нас шпіталізуецца. А ў хатніх умовах некаторыя пачынаюць злоўжываць нестэроіднымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі, дазіроўку якіх імкнуцца павялічваць самастойна, каб пазбавіцца вострага болю, скаванасці ў суставах, што, вядома, істотна зніжае якасць жыцця. Між тым, такое самалячэнне катэгарычна не рэкамендуецца. Акрамя таго, для лячэння патрабуюцца іншыя лекі, прафілактыка пабочнага эфекту з боку страўнікава-кішачнага тракта. Толькі ўрач ведае, што, напрыклад, німесулід — не самы добры варыянт для пажылых.

Да нядаўняга часу Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала пажылым ужыванне бялку з разлікам 0,8 г на 1 кг вагі. Бялок аказвае вельмі істотнае ўздзеянне на мышачную масу, а ва ўсіх пажылых, якімі б здаровымі яны ні былі, з'яўляецца мышачная слабасць. Літаральна два гады таму эксперты завяршылі новыя даследаванні і вынеслі вердыкт: пажылым неабходна ўжываць 1,2-1,5 г якаснага бялку на 1 кг вагі. Прычым спажываць неабходную колькасць трэба раўнамерна на працягу дня. Аднак калі прааналізаваць харчаванне нашых сталых людзей ва ўмовах стацыянараў, то можна заўважыць, што нічога падобнага там не вытрымліваецца.

Неабходны сталаму чалавеку і іншыя карысныя рэчывы, напрыклад, амінакіслоты. «У Японіі выпускаецца нават спецыяльны напой з незаменнымі амінакіслотамі, і многія краіны пайшлі па шляху распрацоўкі такіх напояў, — зазначае загадчык кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый МАРАХОЎСКІ. — У нашай краіне таксама быў распрацаваны такі прэпарат — «Гепавілаг». Яго ўжыванне невялікай колькасцю добраахвотнікаў ва ўзросце пасля 70 гадоў на працягу месяца паказала свой станоўчы эфект: мышачная моц, трываласць павялічыліся». Цяпер патрабуюцца далейшыя даследаванні і пошук таго, хто зоймецца вырабам такога прэпарата.

Што рабіць, каб доўга жыць?

Некалькі карысных парад усім пажылым дае старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадскага геранталагічнага аб'яднання, доктар медыцынскіх навук, прафесар Андрэй ІЛЬНІЦКІ.

1. Рыхтуйцеся да наступлення пенсійнага ўзросту. Не разлічвайце ні на якія цудадзейныя пілюлі ад старасці — іх няма! Паспрабуйце захаваць і ўмацаваць да гэтага моманту здароўе, пашырыць кола сяброў, хобі.

2. Абмяжоўвайце калорыі. Трымайцеся «дыеты палкоўніка». Чаму палкоўніка? Таму што ўсё проста і дакладна. Пакладзіце на талерку ўсё, што сабраліся з'есці, а цяпер палову перакладзіце на талерку жонкі (ці мужа).

3. Штодня ўжывайце 400 г рознакаляровых фруктаў і гародніны, акрамя бульбы. Самы даступны варыянт — хоць бы тры яблыкі!

4. Рухайцеся ў любым узросце, нават калі вам 100! Ляжачым хворым трэба дапамагаць выконваць хоць якія-небудзь практыкаванні. Можна надзімаць паветраныя шарыкі. Рух карысны для сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, прафілактуе дэпрэсіі, зніжае рызыку развіцця раку тоўстай кішкі і малочнай залозы.

Патрэбны:

* Аэробныя нагрузкі — хада, бег, плаванне, веласіпед.
150 хвілін на тыдні.

* Практыкаванні на баланс (гімнастыка чай-шы).

* Заняткі з гантэлямі вагой па 2-3 кг. Гэта прафілактыка саркапеніі — змяненняў у тканках мышцаў.

5. Трэніруйце памяць і тэсціруйце сваіх старэйшых сваякоў на першыя прыкметы яе страты.

Першыя прыкметы зніжэння памяці назіраюцца літаральна пасля 40 гадоў, але гэта дабраякасная забыўлівасць (мы шукаем акуляры, а яны на лбе). Аднак калі бабуля забылася пра дзень нараджэння ўнука, ёй неабходна абследавацца.

Прапануйце сталым сваякам простыя тэсты на памяць і пільнасць. Назавіце ім тры любыя зычныя, напрыклад, «в», «р», «м». Стары павінен запомніць, але не прамаўляць услых. Назавіце цяпер тры лічбы, скажам, «1», «8», «6». Папрасіце назваць іх у адваротным парадку, пасля чаго папрасіце назваць зычныя. Калі гэта не ўдалося, варта звяртацца да спецыяліста.

Другі тэст. Папрасіце намаляваць гадзіннік і паставіць на цыферблаце лічбы, а пасля стрэлкі, якія ўказваюць, скажам, на дзесяць хвілін дванаццатай. Калі малюнак не атрымаўся, значыць, маюць быць самыя першыя прыкметы дэменцыі, хваробы Альцгеймера, і неабходна тэрмінова ісці да спецыяліста. Таму што праблема зніжэння інтэлекту будзе толькі нарастаць.

6. Імкніцеся карыстацца дзвюма мовамі — білінгвы менш схільныя да дэменцыі. Карыстайцеся імі не час ад часу, а пастаянна.

7. Карыстайцеся банкаўскай карткай, асвойвайце камп'ютар — трэніруйце мозг з дапамогай самых розных спосабаў навучання.

8. Абавязкова кантралюйце артэрыяльны ціск, лячыце цукровы дыябет і атлусценне.

9. Падтрымлівайце ў памяшканнях тэмпературу на 3-4 градусы вышэй, чым у маладосці. У пажылых тэмпература цела ніжэй, чым у маладых.

10. Не курыце! Зніжэнне сардэчна-сасудзістай смяротнасці ў свеце на 48 працэнтаў адбылося толькі за кошт адмаўлення ад курэння. І толькі на 32 працэнты — дзякуючы рэабілітацыі і прафілактыцы.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Даўгалецце са знакам якасці

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.