Вы тут

Візіт Прэзідэнта ў Катар і ААЭ вызначыў сферы для супрацоўніцтва


Апошнія дні кастрычніка ў палітычным жыцці краіны прайшлі пад знакам рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Блізкаўсходні рэгіён. Кіраўнік дзяржавы наведаў Катар і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Гэтыя дзве краіны, адны з найбагацейшых у сваім рэгіёне, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Беларуссю па многіх кірунках, у тым ліку па інвестыцыйным.

Падчас афіцыйнага візіту ў Катар Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Эмірам краіны шэйхам Тамімам бен Хамадам аль-Тані. Са сталіцы Катара Прэзідэнт накіраваўся з рабочым візітам у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Кіраўнік дзяржавы ўчора сустрэўся з Наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам (на фота).


Падчас перагавораў з Эмірам Катара лідары дзвюх краін канстатавалі наяўнасць даверных адносін як на міждзяржаўным, так і на асабістым узроўнях, добрае ўзаемадзеянне ў палітыцы. Разам з тым была адзначана неабходнасць нарошчвання аб'ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, бо гэтая сфера пакуль крыху адстае ад палітычнай, і сустрэча ў Досе — выдатная нагода для таго, каб вызначыцца, як і ў якім кірунку рухаць двухбаковыя адносіны. У якасці ключавых названыя сферы інвестыцый і гандлю з акцэнтам на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Добрыя перспектывы для развіцця супрацоўніцтва ёсць і ў галінах дрэваапрацоўкі, паставак прадуктаў харчавання. Па гэтых кірунках у Катара ёсць вялікая цікавасць да Беларусі. Працягнуць абмеркаванне гэтых пытанняў мяркуецца і падчас будучага візіту Эміра Катара ў Беларусь.

Пасля завяршэння перагавораў у прысутнасці лідараў дзвюх краін падпісаны пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку фінансаў, аховы здароўя, акадэмічнага і навуковага супрацоўніцтва ВНУ. Мемарандум аб узаемаразуменні заключаны паміж банкамі развіцця Беларусі і Катара.

Учора на сустрэчы ў сталіцы ААЭ з шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам абмяркоўваліся перспектыўныя кірункі далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін у розных галінах, у тым ліку гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне.

Адной з тэм перамоў стала сумесная праца і абмен вопытам у сферы высокіх тэхналогій і ўстойлівага развіцця.

Большую частку размовы, якая доўжылася каля дзвюх гадзін, бакі прысвяцілі парадку дня двухбаковых стасункаў, падвялі вынікі рэалізацыі тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў ходзе папярэдніх сустрэч, паведамляе прэс-служба беларускага лідара. Прэзідэнт Беларусі і Наследны прынц Абу-Дабі канстатавалі рост тавараабароту паміж краінамі, у першую чаргу беларускага экспарту. На сустрэчы бакі вельмі падрабязна і дэталёва спыняліся на кожным праекце, аператыўна давалі адпаведныя даручэнні.

Гаворка ішла аб канкрэтных кірунках для патэнцыяльнага ўкладання інвестыцый. Партнёраў з ААЭ, у прыватнасці, прыцягвае такая форма супрацоўніцтва, як стварэнне сумесных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі для далейшай пастаўкі вырабленай прадукцыі на эмірацкі рынак. Перад урадамі дзвюх краін будзе пастаўлена задача да плануемага ў наступным годзе візіту Наследнага прынца Абу-Дабі ў Беларусь канкрэтна прапрацаваць і падрыхтаваць для зацвярджэння 3-4 праекты ў перспектыўных сферах.

Беларусь у сваю чаргу зацікаўлена ў нарошчванні паставак на рынак ААЭ ў сектары з канкурэнтнымі перавагамі. Гэта прадукты харчавання, прадукцыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэтыя віды тавараў вельмі цікавяць і эмірацкі бок.

Краіны гатовыя супрацоўнічаць і ў шэрагу высокатэхналагічных напрамкаў, у тым ліку ў аэракасмічнай сферы і інфармацыйных тэхналогіях, дзе Беларусь валодае прызнаным у свеце вопытам і патэнцыялам. Абмяркоўваецца развіццё ўзаемадзеяння ў галінах лагістыкі, турызму, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у навуковай, навукова-вытворчай і іншых сферах.

Агульная сума патэнцыйных перспектыўных праектаў і кантрактаў, якія разглядаюцца ў рамках беларуска-эмірацкага супрацоўніцтва, ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў долараў.

Праграмай візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў ААЭ таксама запланаваны перагаворы з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, правіцелем эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Блізкі Усход — яшчэ бліжэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».