Вы тут

Як у нашай краіне змагаюцца з фальшываманетчыкамі


Пакуль большасць беларусаў абмяркоўвала складанасць падлікаў у дэнамінаваных рублях, выявы на купюрах і нязручнасць манет, самыя «хітрыя» думалі, які з гэтай сітуацыі можна атрымаць прыбытак. Адказ знайшоўся найпрасцейшы: скарыстацца блытанінай і замест сапраўдных грошай расплачвацца размалёванымі пад іх паперкамі. Аднак да такога ходу «лагічных разважанняў» былі гатовыя супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС. Мы пагаварылі са старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах Вольгай ЗАГАРОЎСКАЙ аб тым, у чым спецыфіка беларускіх фальшываманетчыкаў, на кім ляжыць адказнасць за іх затрыманне і як дзейнічаць, калі «знайшоў на вуліцы» падазроную купюру.


Нягоды кахання і «Поле цудаў» у штодзённасці

Вядома, несапраўдныя грошы на тэрыторыі Беларусі ёсць. Аднак са сваімі «цікавымі» асаблівасцямі. Замежную валюту ў нас практычна не падрабляюць: гэта занадта працаёмкі і матэрыяльна затратны працэс, які патрабуе стварэння цэлых майстэрняў. Большасць злачынцаў зарыентавана на паўсядзённыя патрэбы: надрукаваў некалькі небуйных купюр і добра закупіўся ў краме — што яшчэ трэба? Прыблізна такімі прынцыпамі і кіраваліся чацвёра злачынцаў, якія ўжо былі злоўлены на падробцы новай нацыянальнай валюты. Часцей за ўсё падобным «мастацтвам» займаюцца раней судзімыя мужчыны, якія цяпер нідзе не працуюць. Для справы яны выкарыстоўваюць звычайны камп'ютар і струмянёвы прынтар, нават не задумваючыся над якасцю вырабаў.

Асабліва вызначыўся адзін малады чалавек, які заняўся фальшываманецтвам... у імя кахання. Вельмі ўжо хацела яго дзяўчына атрымаць у падарунак новыя боты. «Дзе ўзяць грошай? Ды хоць намалюй!» Мабыць, занадта літаральна зразумеў хлопец значэнне гэтай фразы і вырабіў 7 купюр па 50 дэнамінаваных рублёў. Аднак, каб заблытаць сляды, куплю вырашыў здзейсніць не ў родным Гомелі, а ў далёкай сталіцы і не ў краме, а па дамоўленасці праз інтэрнэт. Але ў якасці прадаўца няўдачліваму маладому чалавеку трапілася пільная жанчына, якая адразу ж, як западозрыла нядобрае, звярнулася ў міліцыю. У выніку па месцы яго жыхарства былі выяўлены яшчэ матэрыялы для новых фальшывак, відаць, да ботаў патрэбна была новая сумачка.

У Мядзеле школьнікі гуляліся і друкавалі банкноты, каб выкарыстоўваць іх у якасці закладак. «Кемлівыя» дарослыя вырашылі расплаціцца гэтымі паперкамі ў краме і «трапілі не па-дзіцячы».

Падробка валюты ў нашай дзяржаве адносіцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, што можа прывесці да 15 гадоў пазбаўлення волі. Нават калі была выраблена ўсяго адна купюра небуйным наміналам, пакаранне гэта пацягне за сабой суровае. Акрамя таго, не ўдасца пазбегнуць адказнасці і тым, хто захоўваў з мэтай збыту або спрабаваў збыць фальшывыя грошы. Так што, калі раптам вам у рукі трапілася падазроная купюра, не трэба імкнуцца «няўзнак» ад яе пазбавіцца, перадаўшы іншаму. Дробная хітрасць можа абярнуцца велізарнымі праблемамі.

— Калі мы цікавімся ў людзей, дзе яны ўзялі падробную купюру, ці не 90% заяўляюць, што знайшлі яе на вуліцы. Дзе ж гэтыя казачныя вуліцы? — хочацца спытаць. Ёсць, вядома, і крыху больш крэатыўныя варыянты: рабілі рамонт — знайшлі на антрэсолях, заваляліся на лецішчы і далей у тым жа ключы. На шчасце, з новымі грашыма такія «тэорыі» не падыходзяць. Мы ведаем усе гэтыя выкруты, так што праўда ўсё роўна будзе раскрытая, — запэўнівае Вольга Загароўская.

Няўважлівасць з пакараннем

Не так даўно ў банках з'явілася новая паслуга: грошы можна праверыць на сапраўднасць. Праўда, калі купюра ўсё ж акажацца падробленай, разбіральніцтва не пазбегнуць. Але і абвінавачанні ў збыце фальшывак выстаўленыя не будуць. У цэлым, гэта тая галіна правааховы, дзе стаўка робіцца на аператыўнасць. Чым хутчэй даныя аб здарэнні апынуцца ў супрацоўнікаў МУС, тым больш імавернасць злавіць злачынца. Да таго ж, калі з падазронымі купюрамі вы адправіцеся адразу ў міліцыю, а не ў краму з думкамі «раптам пракаціць?», то зможаце разлічваць на матэрыяльную кампенсацыю.

— На самай справе, велізарная адказнасць ляжыць на работніках сферы гандлю. У іх абавязкі ўваходзіць правяраць усе купюры, па-за залежнасцю ад іх наміналу, на сапраўднасць. А тое, што яны ігнаруюць гэтыя патрабаванні, сведчыць пра халатнасць. Я не маю на ўвазе, што яны з лупай павінны разглядаць кожную купюру, не, але часцей за ўсё падробкі настолькі нізкай якасці, што нават навобмацак розніца відавочная. Калі прадавец, не падаючы падазронаму пакупніку выгляду, адразу ж зрэагуе, то злачынца могуць затрымаць проста на месцы збыту, — расказвае Вольга. — Аднак большасць паводзяць сябе зусім па-іншаму. Напрыклад, у ліпені быў выпадак у вялікім гандлёвым цэнтры ў Гродне. Прадавец атрымаў купюру ў 20 рублёў, пры вячэрнім пераліку яна выклікала сумневы ў старшага касіра. Параіўшыся, вырашылі замяніць яе іншай купюрай, са свайго кашалька. У міліцыю пра выпадак паведамілі толькі на наступны дзень. У выніку — каштоўны час быў упушчаны.

Не так даўно за «невыкананне патрабаванняў заканадаўства па праверцы наяўных грашовых сродкаў на сапраўднасць і плацежнасць» падчас ажыццяўлення працоўных абавязкаў была ўведзена адміністрацыйная адказнасць. За такое парушэнне можна атрымаць вымову або штраф у памеры да трох базавых велічынь.

Мяне не правядзеш!

— Сапраўдны «бум» фальшываманецтва назіраўся ў пачатку 2000-х, пасля ўвядзення папярэдняга камплекта купюр, які цяпер прыбіраецца са звароту. Тады ці не кожны дзень выяўлялі па 10 фактаў — гэта каля 3000 злачынстваў у год. Да 2015 года гэтая лічба значна скарацілася: 900 фактаў з улікам і замежнай, і нацыянальнай валюты. А вось сёлета з-за дэнамінацыі зноў быў заўважаны рост злачынстваў такога тыпу: 112 фактаў у верасні супраць 72 у чэрвені, — прыводзіць статыстыку старшы оперупаўнаважаны. — Але, магу сказаць адназначна, гэта з'ява часовая. Людзі пачынаюць добра разбірацца ў новых купюрах, і іх больш так лёгка не падманеш. У астатнім нам вельмі дапамагае банк даных, створаны сумесна з экспертамі, у які ўнесена інфармацыя аб усіх фальшыўках, пачынаючы з сярэдзіны 1990-х гг. Так што, калі злачынства здзейснена паўторна, мы без цяжкасцяў можам вылічыць «аўтара».

Новыя банкноты з'яўляюцца значна больш абароненымі ў параўнанні са сваімі «папярэднікамі». Спецыяльныя ўкрапванні ў выглядзе светлавых нітак амаль немагчыма падрабіць. Калі разглядаць банкноту ва ўльтрафіялеце, то ў вочы адразу ж кідаецца яе колер: фальшыўка свеціцца ярка-бэзавым, нібы сігналізуе аб сваім «статусе», а вось сапраўдныя купюры раскрываюцца па-іншаму — дэманструюць скрытыя сімвалы. На іх можна ўбачыць намінал, незаўважны пры звычайным асвятленні, а таксама шматлікія ніткі. Без абсталявання таксама можна правесці аналіз сапраўднасці: абавязкова варта праверыць на прасвет водны знак — яго падрабіць вельмі цяжка. Самы надзейны спосаб нагадвае дзіцячую гульню «Знайдзі 10 адрозненняў»: трэба параўнаць падазроную купюру з той, у якой вы цалкам упэўненыя.

У дачыненні да замежнай валюты ёсць такое паняцце як «суперпадробка», такія купюры не заўсёды выяўляюць нават банкі. Нашым жа грамадзянам досыць простай уважлівасці, каб не сутыкнуцца з «плёнам працы» зламыснікаў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Грош маленькі, ды тэрмін вялікі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.