Вы тут

Да міліцыянераў сталічнага палка ППСМ — асаблівыя патрабаванні


У палка патрульна-паставой службы міліцыі (ППСМ) ГУУС Мінгарвыканкама асаблівае прызначэнне — яго міліцыянеры часцяком першымі ўстаюць на абарону жыцця і здароўя грамадзян у самых складаных жыццёвых сітуацыях. Пры гэтым на прыняцце рашэнняў ім застаюцца долі секунды, а самі канфліктныя сітуацыі патрабуюць фізічнай дасканаласці, прафесійнай вывучкі і ўменняў імгненна арыентавацца і правільна дзейнічаць. Хто ж ён сёння, міліцыянер палка патрульна-паставой службы сталіцы? Пра гэта мы запыталіся ў начальніка ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёра міліцыі Аляксандра Барсукова.


— Аляксандр Пятровіч, пытанне як да былога камандзіра палка ППСМ сталічнай міліцыі: які ён, сённяшні міліцыянер гэтага падраздзялення?

— Я пачынаў сваю службу ў 1985 годзе з пасады міліцыянера палка ППСМ Гомеля. Скажу так: у першую чаргу міліцыянер палка ППСМ — гэта фізічна дужы, уважлівы, кемлівы і чулы да чужога болю супрацоўнік органаў унутраных спраў. Некаторыя памылкова лічаць гэтую службу не самай элітнай і вельмі памыляюцца. Менавіта служба ў ППСМ дае пуцёўку ў далейшае міліцэйскае жыццё, адкрывае кар'ерныя перспектывы перад тымі, хто доблесна вытрымаў будні ў гэтым «нялёгкім» падраздзяленні. Чаму «нялёгкім»? Адказ на гэтае пытанне крыецца ў назве — «патрульная» і «паставая» служба. Гэта значыць, што, нягледзячы на якія б там ні было аб'ектыўныя ці суб'ектыўныя прычыны асабістага характару, міліцыянер палка ППСМ нясе службу, не выбіраючы складанасць пастаўленай задачы. Здарылася бяда — ён абавязаны своечасова прыняць усе меры, каб ліквідаваць канфліктную сітуацыю і пазбегнуць ахвяр. Часам гэтыя супрацоўнікі аказваюцца ў вельмі складаных умовах, калі няма часу на пошук аптымальнага рашэння і прыходзіцца дзейнічаць інтуітыўна. Менавіта гэтая акалічнасць і вылучае сапраўднага міліцыянера, загартоўвае яго, дае багаты жыццёвы вопыт.

— Сталіца — асаблівы горад ва ўсіх адносінах. Як складаецца аператыўная абстаноўка ў ім і які ўплыў на яе з боку супрацоўнікаў палка ППСМ?

— Безумоўна, Мінск адрозніваецца асаблівым рытмам жыцця. Тут праходзяць найбольш важныя спартыўныя, масавыя, культурна-відовішчныя мерапрыемствы. На ўсіх іх да аховы правапарадку прыцягваюцца і супрацоўнікі палка ППСМ. І крымінагенная карціна тут некалькі іншая, не тая, што ў абласных і раённых цэнтрах. З пачатку года асабовым складам палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама раскрыта каля 540 злачынстваў, з іх 7 забойстваў, 22 цяжкія цялесныя пашкоджанні, 70 крадзяжоў, 30 рабаванняў і гэтак далей. Таксама раскрыта 170 злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Затрымана больш за 300 уцекачоў, якія знаходзіліся ў вышуку.

За адміністрацыйныя правапарушэнні было затрымана каля 37 тысяч мінчан. З іх за дробнае хуліганства — звыш 5,2 тысячы чалавек, а вось 25 тысяч — па «алкагольных» матывах: альбо за распіццё спіртнога ў неналежных месцах, альбо за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Сумна, што 350 з іх — непаўналетнія. У спецыялізаваны ізалятар (медвыцвярэзнік) дастаўлены звыш 2,2 тысячы чалавек.

— У якіх умовах нясуць службу сённяшнія супрацоўнікі палка ППСМ? Што змянілася ў плане матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння з тых часоў, калі вы ўзначальвалі падраздзяленне?

— Нават параўноўваць не прыходзіцца! Сёння аснашчэнне патрульнага міліцыянера цалкам адпавядае патрабаванням часу. Поўнасцю змяніўся аўтапарк палка, ён даўкамплектаваны новай аўтатэхнікай. Бо службовы аўтамабіль павінен без праблем перасоўвацца як у гарадскіх умовах, так і па перасечанай мясцовасці, быць манеўраным і ёмістым, у меру магутным і пры гэтым эканомны. Гісторыя паказала, што лепш за «УАЗ» аўтамабіля для нас няма. Ужо з гэтага года завод-вытворца пастаўляе ўдасканаленыя мадэлі з бяспечнымі адсекамі для затрыманых.

Цяпер міліцыянерам вельмі істотна дапамагаюць несці паспяховую службу комплексы радыёсувязі стандарту DMR. Яны забяспечваюць абароненую бесперабойную сувязь. Да таго ж гэта дазваляе дзяжурнаму эфектыўна кіраваць нарадамі, яны адлюстроўваюцца на маніторы. Дзяжурны бачыць, які з іх знаходзіцца бліжэй да месца падзей, і накіроўвае туды менавіта яго, што дазваляе сэканоміць каштоўныя хвіліны.

Планамерна забяспечваем пешыя патрулі відэарэгістратарамі. Працэс відэазапісу сам па сабе працвярэжвае не ў меру разгарачаных правапарушальнікаў. А зафіксаваная на відэа падзея дазваляе зрабіць адназначную выснову не толькі аб паводзінах апанента, але і аб правамернасці прымянення да яго фізічнай сілы або спецсродкаў.

З поспехам выкарыстоўваюцца і электронныя мабільныя планшэты. Яны наўпрост падключаныя да баз даных, што дазваляе супрацоўніку палка ППСМ у лічаныя хвіліны даведацца ўсю неабходную інфармацыю пра чалавека. Магчымасці гэтых прылад дапамагаюць таксама карыстацца паслугамі сістэмы навігацыі, даведачных даных.

— Якімі якасцямі павінен валодаць будучы супрацоўнік палка ППСМ?

— Кандыдат павінен быць фізічна моцным, кемлівым, уважлівым да дэталяў. Перавага аддаецца юнакам, якія прайшлі школу арміі. Кандыдатаў чакае дасканалае вывучэнне асобы, фізічнай формы і маральнай адпаведнасці патрабаваным навыкам. Потым — самая скрупулёзная медыцынская праверка, тэсціраванне, праверка на «дэтэктары хлусні». Пра асаблівасці прыёму на службу міліцыянерам палка ППСМ можна даведацца па тэлефоне 270-22-94 або па адрасе: вуліца Сямашкі, 15а, кабінет 5.

Напрыканцы хацеў бы дадаць, што аб дзейнасці міліцыі большасць грамадзян робіць вывады менавіта па рабоце міліцыянера палка ППСМ, бо праца многіх іншых падраздзяленняў органаў унутраных спраў, як правіла, не кідаецца ў вочы. Менавіта таму ў большасці мінчан меркаванне аб міліцыі ў цэлым асноўваецца на дзейнасці патрульна-паставой службы, якая нясе кругласутачнае дзяжурства па ахове правапарадку. Хачу пажадаць міліцыянерам спраўляцца з гэтай місіяй паспяхова, забяспечваючы парадак на вуліцах нашых гарадоў. Бо ППСМ — самая блізкая людзям, самая прыземленая і неабходная, але пры гэтым і, напэўна, самая цяжкая служба ў шэрагу іншых.

Аляксандр Ластоўскі

Загаловак у газеце: Заўсёды на дзяжурстве

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.