Вы тут

Стартаваў праект Movabox, скіраваны на папулярызацыю чытання


Зайсці на сайт movаbox.by. Адказаць на пытанні тэста. Даведацца, якім героем у кнізе Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (Мінск: Выдавецкі дом «Звязда», 2014) вы маглі б быць. Прыняць удзел у розыгрышы адной з 20 адметных скрынак, напоўненых артэфактамі, непасрэдна звязанымі з сюжэтам згаданага твора.


Пісь­мен­ні­ца Люд­мі­ла Руб­леў­ская ста­ла  ўла­даль­ні­цай скрын­кі movabox №1  па­вод­ле яе ра­ма­на  «Аван­ту­ры сту­ды­ё­зу­са Вы­рві­ча».

Калі вельмі моцна спрасціць, то прыкладна так выглядае алгарытм дзеянняў удзельніка новага праекта кампаніі velcom з сімвалічнай назвай movabox. Але гэта толькі вяршыня айсберга.

Насамрэч праект мае на мэце не адну тэставанку-забаўлянку, але папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры ў нашым грамадстве. Мяркуецца, што тэст стане першым крокам да знаёмства з кнігай (ён сапраўды складзены так, што не зацікавіцца проста немагчыма), а скрынка-падарунак з сімвалічнымі прадметамі ўзнагародзіць чытачоў. Бо рэчы, змешчаныя ў ёй, набываюць сэнс толькі пасля знаёмства з раманам. Што агульнага, акрамя сюжэта гісторыі пра вандроўку Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка ў польскі Дракошчын і туманны Лондан, могуць мець наступныя рэчы: набор для стварэння крышталю, мяшэчак з манеткай, карта падарожжа з наклейкамі, нататнік з чорнымі старонкамі, запоўнены загадкавымі рэцэптамі, магніцік з гербам горада і рэцэпт верашчакі? Натуральна, разам з усімі гэтымі прывабнымі рэчамі movabox змяшчае і саму кнігу. Толькі ўважлівы чытач гэтыя кавалачкі пазла складзе ў цэласную карціну.

— Наш новы праект арыентаваны на старэйшых школьнікаў і студэнтаў. Ён спалучае інтэрнэт- і афлайн-часткі. І для пачатку movabox мы спецыяльна падабралі кнігу, што стала б мастком паміж рознымі аўдыторыямі — школьнікамі, падлеткамі і дарослымі, — кажа кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту velcom Зміцер КУРЛОВІЧ. — Ды і задача праекта — не проста падарыць скрынкі з наборам артэфактаў, а падштурхнуць да чытання кніг.

«Беларуская літаратура нічым не горшая за іншыя. Яна паўнавартасная, на ўзроўні еўрапейскай, — зазначае пісьменніца Людміла РУБЛЕЎСКАЯ. — Адзінае, чаго нам часта не хапае, — пасрэдніка паміж кнігай і чытачом. Ды і склалася так, што ў беларускай літаратуры існуе мноства стэрэатыпаў пра нуднасць і нецікавасць твораў айчынных аўтараў. Нам увесь час даводзіцца пераконваць чытача ў адваротным. Думаю, што мая кніга «Авантуры студыёзуса Вырвіча» — якраз прыклад той нясумнай беларускай літаратуры. XVІІІ стагоддзе, авантуры, рыцары, дамы, шляхта, двубоі, алхімікі, містыка, вандроўкі праз усю Еўропу... Хіба не захапляе?

Яшчэ адна адметнасць нашага часу — кліпавае мысленне моладзі і патрэба ў абавязковай візуалізацыі. Выдатна, што кніга пра Вырвіча і Лёдніка таксама набыла матэрыяльнае ўвасабленне і дазваляе чытачам прыняць удзел у прыгодах герояў».

Movabox — гэта не толькі скрынкі і 4 абраныя кнігі. Праект мае яшчэ адзін складнік, ён скіраваны на развіццё беларускамоўнага буккросінгу — бясплатнага абмену кнігамі. У кавярнях, крэатыўных прасторах розных гарадоў хутка размесцяцца палічкі з кнігамі. Тут будуць і тыя 4 галоўныя творы, якім прысвечаныя тэматычныя movabox, і іншыя выданні на беларускай мове. Усе кнігі пазначаць спецыяльнымі наклейкамі з паведамленнем пра праект і просьбамі вярнуць прачытаныя творы. Таксама чытачы атрымаюць магчымасць дадаваць на паліцы кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі, каб у чытанне ўцягвалася ўсё больш і больш людзей».

Праект доўжыцца 6 месяцаў, за гэты час будуць разыграныя movabox, прысвечаныя чатыром кнігам сучасных беларускіх аўтараў. Назвы наступных трох выданняў арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

Дарэчы, movabox — не першы праект кампаніі velcom, накіраваны на папулярызацыю беларускай літаратуры і пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў нашым грамадстве. Так, летась фестываль velcom-smartfіlm быў прысвечаны буктрэйлерам, кароткім ролікам-рэкламам кнігі. Яшчэ адна маштабная ініцыятыва, якая рэалізуецца і сёння, — «чытаем па-беларуску з velcom». Яна накіраваная перш за ўсё на школьнікаў і прадугледжвае правядзенне ў розных гарадах і вёсках краіны адмысловых урокаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікамі на якіх становяцца вядомыя пісьменнікі, спартсмены.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Скрынкі, поўныя скарбаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.