Вы тут

Лавіся, рыбка!..


Ірыне Андрэеўне «за шэсцьдзясят». Узрост сталасці і спакою. Аб'ектыўна — так, але не ў дачыненні да гэтай жанчыны. Сама прызнаецца: «Эх, каб не хваробы...» Нягледзячы на невялікую пенсію, яна ніколі не забываецца пра фарбу для валасоў і губную памаду. Адкрывае скрынку і з гонарам дэманструе з дзясятак футлярчыкаў: «Вунь у мяне яе колькі, ніяк не магу патрэбны тон падабраць, ведаеш, такі... колеру спелай вішні...»


Фота БЕЛТА.  Фота носіць ілюстратыўны характар.

Яе жыццё можна назваць вясёлым, але ніяк не лёгкім. Такое вось спалучэнне. Муж памёр рана — нават да пяцідзесяці не дацягнуў. Быццам адчуў сваю непатрэбнасць гэтай жанчыне і гэтаму свету. Ён заўсёды быў пры ёй, як шчаня на ланцужку. З дому, акрамя работы, — ні на крок. Ляжаў на канапе, чытаў сваю «газетку» ці выходзіў на двор пакурыць ды згуляць партыю-другую ў даміно з суседам. Знаёмыя мужыкі з яго заўсёды кпілі: маўляў, жонку вартуе.

Аднак не ўкаравуліў. Сваё першае і адзінае дзіця Ірына Андрэеўна нарадзіла ад іншага мужчыны. У Пятра Іванавіча за год да таго пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, ён доўга ляжаў у бальніцы, потым — лячыўся ў санаторыі, а вярнуўшыся, знайшоў жонку ў «цікавым становішчы»... Аборты тады былі не ў пашане, ды і Ірына Андрэеўна баялася аперацыі больш, чым мужавага пакарання. Аднак ніякае пакаранне яе не спасцігла: муж успрыняў навіну надзіва спакойна... А калі нарадзілася дзяўчынка, сам выбраў ёй імя — Тамарка, Томачка...

Ірына Андрэеўна нейкі час адчувала няёмкасць з-за сваёй віны. Перастала бываць у кампаніях, наведваць незамужніх сябровак, хадзіць на ўсялякія «мерапрыемствы»... Аднак хапіла яе ненадоўга. То дзень нараджэння загадчыцы магазіна адзначалі, то ў грузчыка сын ажаніўся, то ў спаборніцтвах паміж гандлёвымі пунктамі прызавое месца занялі... Пётр Іванавіч забіраў Тамарку з дзіцячага садка, сядзеў каля малой, калі яна хварэла, гатаваў сняданак і вячэру... Пазней хадзіў на ўсе бацькоўскія сходы, распісваўся ў дзённіку, дапамагаў рашаць задачкі і праводзіў «выхаваўчую работу», калі дадому занадта часта званілі ці прыходзілі хлопчыкі. Іх было шмат, і яны ўвесь час мяняліся. Томачка вырасла не тое каб пісанай прыгажуняй — хутчэй віднай, статнай, словам, у маму. Праўда, валасы былі не маміны — ад доўгіх, густых светла-русых хваляў, якія спускаліся па плячах ледзь не да пояса, сапраўды нельга было вачэй адвесці. І кожны раз бацька з маці сварыліся з-за іх: Пётр Іванавіч загадваў заплятаць валасы ў косы, а Ірына Андрэеўна лічыла, што дзяўчына не павінна хаваць такую прыгажосць...

Калі Тамарцы споўнілася сямнаццаць, тата памёр, не дажыўшы крыху да яе выпускнога балю. Перад Ірынай Андрэеўнай паўстала пытанне аб уладкаванні дачкі ў якую-небудзь навучальную ўстанову. Аб вышэйшай адукацыі не магло быць і размовы — за апошні год па некаторых прадметах Тамара з'ехала да троек, але па-ранейшаму больш часу праводзіла перад люстэркам, чым за пісьмовым сталом.

***

Мама купіла даведнік для паступаючых, і ўдзвюх з дачкой яны выбралі фізкультурны тэхнікум у абласным цэнтры. Установа адпавядала многім патрабаванням: там быў не вельмі высокі прахадны бал і не надта складаная праграма. Тым больш, што Тамарка заўсёды любіла баскетбол і ўдзельнічала ва ўсіх школьных спартакіядах.

Пасля першай сесіі дачка патэлефанавала дадому і папярэдзіла, што прыедзе не адна. Ірына Андрэеўна ўвесь дзень насілася па магазінах, каб не ўдарыць тварам у гразь перад патэнцыяльным зяцем — дзякуй богу, калегі-прадаўцы дапамаглі чым маглі... «Зяць» пераступіў парог — і ў Ірыны Андрэеўны апусціліся рукі. Худзенькі, нязграбны, бледны... «Як такіх у фізкультурныя ўстановы прымаюць?» — падумала тады. Але не выганяць жа было... Накарміла, напаіла. Спаць паклала ў сваім пакоі. А Тамарцы палову ночы «ўпраўляла» мазгі: «Ну куды ты глядзела? І выгляду ніякага, і бацькі абы-хто, і ў кішэнях вецер гуляе... Шукай каго-небудзь іншага, а студэнціка-замухрышку кідай!»

Летам праўдамі і няпраўдамі Ірына Андрэеўна дастала дачцэ пуцёўку ў санаторый — дапамагло блізкае знаёмства з выканкамаўскім шафёрам, які вазіў «самога»...

З санаторыя Тома вярнулася сумнай і разгубленай. Жаночая інтуіцыя падказала Ірыне Андрэеўне, што дачка закахалася, і не на жарт. Аднак на шчырую размову з маці яна не ішла, на пытанні не адказвала, і Ірына Андрэеўна махнула на Томку рукой, упэўненая, што на гэты раз у дачкі хопіць розуму не разменьвацца на «драбязу». Да таго ж, шмат часу і ўвагі аднімала уласнае асабістае жыццё — «афіцыйны» тэрмін жалобы па мужу скончыўся, і Ірына Андрэеўна, маладая яшчэ жанчына, пачала з падвоенай энергіяй навёрстваць упушчанае...

Нішто не прадказвала бяду. У час чарговага прыезду дачкі яны міла пагаварылі, пажартавалі. Тамара нарэшце раскрыла сваю тайну — так, ёсць паклоннік, стаматолаг, на пятнаццаць гадоў старэйшы, разведзены. Кватэру з жонкай яны пакуль не размянялі, але гэта — усяго толькі справа часу... «Дай бог, дай бог», — паўтарала Ірына Андрэеўна, праводзячы Томку на аўтастанцыю. Вярнуўшыся, яна раптам успомніла пра неабходны пасаг і пайшла ў пакой дачкі, каб пералічыць падушкі і коўдры... Адчыніла шафу, выцягнула стос пасцельнай бялізны... і аслупянела: за бялізнай у глыбіні шафы роўненькімі стосікамі ляжалі дзіцячыя пялёнкі і паўзункі... Ірына Андрэеўна кінулася на аўтастанцыю.

Тома прызналася: так, цяжарная, але не можа з упэўненасцю сказаць ад каго. Стаматолаг, з якім пазнаёміліся ў санаторыі, аказаўся не разведзены. Значыць, як сур'ёзная «кандыдатура» адпадаў. Быў яшчэ выкладчык тэхнікума — таксама жанаты. Ну, і нарэшце той хлопчык, з якім Тамара прыязджала дадому пасля першай сесіі. «Давай сюды хлопчыка!» — загадала Ірына Андрэеўна.

Сяргей ад бацькоўства не адмаўляўся. Нават узрадаваўся, што ўсё так атрымалася. Ён і не спадзяваўся, што Тамарка пагодзіцца калі-небудзь стаць яго жонкай.

Вяселле было вельмі сціплым — прысутнічала толькі блізкая радня. А праз чатыры месяцы нарадзілася Танечка...

***

Для сямейнага жыцця «хлопчык» аказаўся сапраўдным скарбам. Не стагнаў, калі даводзілася ўставаць сярод ночы да дзіцяці ці вазіць малую па ўрачах. Яшчэ не скончыўшы тэхнікум, пайшоў на таварную станцыю разгружаць вагоны. І пазней, калі ўжо адвучыўся ў інстытуце і ўладкаваўся працаваць трэнерам па дзюдо, калі пачаліся паездкі на зборы і спаборніцтвы за межы краіны, Сяргей увесь час спяшаўся дадому, да жонкі, да Танечкі. Яго чакалі з нецярпеннем — тата ніколі не вяртаўся без падарункаў. Тамара так і казала падчас сустрэчы: «Наш «кашалёк» прыехаў!»

Танечка расла падобнай да мамы — гэткая ж статная фігурка і доўгія ножкі, гэткія ж «русалчыны» валасы і вялікія наіўныя вочы... На канікулы яе адпраўлялі да бабулі, і тая нарадавацца не магла на ўнучку: сама яе прычэсвала раніцай, карміла ўсялякімі прысмакамі і, як некалі дачку, вучыла розуму: маўляў, калі выглядаеш, як прынцэса, дык і шукаць павінна толькі прынца... А ўсялякія там худасочныя аднакласнікі абыдуцца. «Бабуля, я на дыскатэку!» — паведамляла Танечка і... знікала да раніцы. Спаць Ірына Андрэеўна не клалася — усё чакала, выглядала ў акно, з кім вернецца ўнучка. І аднойчы дачакалася — Танечку прывёў дадому... міліцыянер. Зарумзаную, у парванай кофтачцы. Аказваецца, з-за яе, Танечкі, нейкія мужчыны ўчынілі ў гасцініцы бойку. Ірына Андрэеўна вушам не паверыла: якая гасцініца?! Накінулася на ўнучку: «Ты што, у шаснаццаць гадоў нарадзіць захацела?» Думала напалохаць. Танечка ж спакойна дастала з кішэні джынсавай куртачкі пачак прэзерватываў і пакруціла ім перад бабуліным носам: «А гэта навошта?»

Калі праз некалькі дзён прыехала Тамара, Ірына Андрэеўна ўздыхнула з палёгкай. Зараз жа ўсё ёй расказала, але дачка толькі ўсміхнулася: «Ад гэтага, мама, яшчэ ніводная жанчына не памерла. Цяпер уся моладзь такая. І час такі». Ірына Андрэеўна не знайшла што адказаць.

...Пасля заканчэння школы Танечка не захацела больш вучыцца. Яе і так, без усякай вучобы, прынялі ў начны клуб афіцыянткай. Праўда, плацілі не шмат, але выратоўвалі наведвальнікі — давалі на чай... Пад раніцу хто-небудзь са знаёмых адвозіў яе дадому — «чаявых» цалкам хапала, каб здымаць асобную кватэру.

Тамара не пыталася, адкуль у дачкі новы мабільны тэлефон або гадзіннічак з кавалачкамі каштоўных камянёў замест лічбаў на цыферблаце. Яна па-ранейшаму была ўпэўнена, што ад гэтага «не паміраюць».

Потым Танечку звольнілі за прафнепрыгоднасць — аблічыла кліента на непрыстойна вялікую суму.

Паўгода яна нікуды не магла толкам уладкавацца — то спрабавала сябе ў ролі рэкламнага агента, то гандлявала касметыкай, то падпрацоўвала ў ветлячэбніцы... Пературбацыі і хваляванні не пайшлі на карысць — Танечка раздалася ў плячах і таліі, абрэзала доўгія валасы, перафарбавалася ў брунетку. І ўжо ў такім выглядзе вярнулася на першапачатковае месца працы, праўда, не афіцыянткай, а прыбіральшчыцай. Але таксама начной. Дадому яе ўжо ніхто не падвозіў, таму часта прыходзілася мерзнуць раніцай на прыпынку, чакаючы першы аўтобус... Праўда, адзін пастаянны «кліент», мужчына ва ўзросце, зваў Танечку замуж, але яна не пайшла. Маці сказала, што гэта «дробная рыбка», і Таня пагадзілася. Ёй жа ўсяго дваццаць два — усё самае лепшае яшчэ наперадзе...

Ала Бывалава

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.