Вы тут

Напярэдадні 95-годдзя ў БДУ рэалізаваныя два ўнікальныя праекты


Напярэдадні 95-годдзя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце рэалізаваныя два ўнікальныя праекты — «Электронны фотаархіў БДУ» і сайт «Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Пра гэта расказаў на сустрэчы з журналістамі рэктар БДУ, акадэмік Сяргей АБЛАМЕЙКА.


Сту­дэн­ты БДУ на ца­лі­не, 1956 год.

Фотаархіў уяўляе сабой сховішча электронных дакументаў, якія адлюстроўваюць як сучасныя будні БДУ, так і падзеі амаль стогадовай даўнасці. Ён змяшчае фатаграфіі рэктараў універсітэта, акадэмікаў, ганаровых прафесараў, здымкі студэнтаў і выкладчыкаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У архіве можна знайсці і фатаграфіі карпусоў універсітэта, датаваныя рознымі гадамі. Многія з прадстаўленых работ з'яўляюцца эксклюзіўнымі.

Сайт «Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у сваю чаргу, дапамог увекавечыць самыя яркія і важныя падзеі ў жыцці ўстановы. Лёсавызначальныя для ўніверсітэта моманты падаюцца праз прызму прафесійнай дзейнасці яго рэктараў, знакамітых супрацоўнікаў і выпускнікоў. На сайце размешчана рубрыка «Гэты дзень у гісторыі БДУ», дзе адлюстроўваюцца падзеі, якія адбыліся ў гэты час у папярэднія гады.

Найбуйнейшая і найстарэйшая ВНУ краіны рыхтуецца 30 кастрычніка адзначыць свой 95-гадовы юбілей. Па сутнасці, БДУ стварыў у краіне сістэму вышэйшай адукацыі і нават навукі. Першы рэктар, прафесар Уладзімір Пічэта, быў ініцыятарам стварэння Акадэміі навук БССР, а дэкан факультэта грамадскіх навук БДУ Усевалад Ігнатоўскі пасля стаў яе першым кіраўніком. За першыя 10 гадоў свайго існавання Белдзяржуніверсітэт стаў базай для стварэння дванаццаці ВНУ і шэрагу навукова-даследчых інстытутаў рэспублікі.

Калі казаць пра цяперашні час, то БДУ працягвае дынамічна развівацца. Сёння гэта магутны вучэбна-навукова-вытворчы комплекс. «Мяркую, калі б стваральнікі ўніверсітэта паглядзелі на сваё дзецішча сёння, яны б ім ганарыліся», — падкрэслівае Сяргей Абламейка.

На пастаяннай аснове ў БДУ сёння працуюць 7 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, 319 дактароў навук і 1538 кандыдатаў навук.

Усяго на пачатак 2016/2017 навучальнага года на першай і другой ступенях вышэйшай адукацыі ў елдзяржуніверсітэце навучалася 29 тысяч студэнтаў, у тым ліку больш як 2,3 тысячы замежных грамадзян. «Геаграфія» экспарту адукацыйных паслуг ахоплівае паўсотні краін свету. Ва ўніверсітэце апошнія гады актыўна пашыраецца выкладанне на замежных мовах.

За пяць апошніх гадоў у БДУ на першай ступені навучання было адкрыта 18 новых спецыяльнасцяў і 6 новых напрамкаў. Плюс 29 новых спецыяльнасцяў у магістратуры і 5 спецыяльнасцяў перападрыхтоўкі.

Сярод новых — «мікрабіялогія», «біяхімія», «геаінфармацыйныя сістэмы», «хімія лекавых злучэнняў», «фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій», «камп'ютарная фізіка», «ядзерная фізіка і тэхналогіі», «гідраметэаралогія» і іншыя.

БДУ супрацоўнічае больш чым з 450 замежнымі навукова-адукацыйнымі ўстановамі з 60 краін свету.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гістарычны эксклюзіў ад БДУ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».