Вы тут

Форум "TEART" прапанаваў гледачам трэнінг асобаснага росту


Спектакль «Паліва», паказаны ў межах Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «TEART», доўжыцца на працягу 5 250 удараў майго сэрца. На працягу аднаго глыбокага ўдыху і выдыху. На працягу 17 асабістых успамінаў. Фінал спектакля адмаўляе ўсялякую глядацкую фіксацыю. Аднак мне падалося важным занатаваць гэтыя факты. І некалькі іншых.


У пачатку 2010-х на сцэнах маскоўскіх тэатраў «Мастерская» і «Практика» паспяхова прайшоў дакументальны праект «Чалавек.doc». Праект складаўся з дзесяці монаспектакляў, героямі якіх сталі выдатныя асобы расійскай культурнай прасторы. Са сцэны гучалі сапраўдныя жыццёвыя гісторыі мастака-акцыяніста Алега Куліка, рэпера Смокі Мо, кітаязнаўцы і перакладчыка Браніслава Вінагродскага ды іншых. Паспяховасць праекта натхніла стваральнікаў на «другую серыю», дзе ў цэнтр увагі трапілі ўжо выдатныя прадстаўнікі ІТ-сферы. Аднак цэльнага праекта ў выніку не атрымалася. І асобныя тэксты, што рыхтаваліся для «Чалавек.doc-2», зажылі сваім жыццём. Так, п'еса «Паліва», створаная драматургам Яўгенам Казачковым на падставе гутарак з ІТ-бізнесменам і актуальным мастаком Давідам Янам, была пастаўлена Сямёнам Александроўскім у незалежным Рор-up тэатры ў Санкт-Пецярбургу.

«Паліва» Александроўскага параўноўваюць і з серыялам, і са стэндапам, і з лекцыяй. Аднак большасць прыкмет выдае якраз кананічны дакументальны спектакль. Спачатку Яўген Казачкоў гадзінамі распытваў Давіда Яна пра розныя акалічнасці яго жыцця: паступленне ў фізтэх, вучобу, пустэльніцкі вопыт у псіхіятрычнай лякарні, стварэнне першай камп'ютарнай праграмы, захапленне флэшмобамі, выбар паміж навукай і бізнесам. Пасля драматург зманціраваў з інтэрв'ю-плыні гадзінную п'есу-маналог, а рэжысёр Сямён Александроўскі надзвычай чула паставіўся да асобы і яе прамовы, расставіў патрэбныя акцэнты і адшукаў разам з выканаўцам Максімам Фаміным дакладную інтанацыю.

Сканцэнтруйцеся на гэтым моманце. Хто сядзіць побач з вамі? Што вы адчуваеце тут і цяпер? Спектакль пачынаецца з унутраных адказаў залы на гэтае пытанне і пошуку асабістага пункта адліку ў сістэме каардынат Давіда Яна, дзе рух у пошуках паліва, неабходнага для жыцця, адбываецца з дзіўнай хуткасцю.

«У дзіцячым садку я разлічыў хуткасць, з якой плыве воблака, — прамаўляе герой. — Воблака праплывала за акном за пяць удараў майго сэрца». Падчас спектакля кожны з гледачоў намагаўся знайсці адзінку вымярэння для таго паліва, што дае сілы жыць.

Герой існуе ў пустой сцэнічнай прасторы на фоне вялізнага экрана. Апавяданне падзелена на своеасаблівыя абразкі, назвы якіх, як кропкі на графіку, візуалізуюць крывую нашага сэнсавага, эмацыйнага руху: «Сякеры», «Тры сямёркі», «Медытацыя». Часам экран раздвойвае ці растройвае персанажа, ствараючы ілюзію ўнутранага дыялогу, які кожны час ад часу вядзе сам з сабой. Альбо дазваляе пабачыць урыўкі тых флэшмобаў, пра якія расказвае Ян: вось процьма незнаёмых людзей становяцца ў ланцужок на Чырвонай плошчы, вось наведвальнікі мастацкай выстаўкі раптоўна кладуцца на кароткі час на прыступкі музейнай лесвіцы, спыняючы рух. У пэўныя моманты экран можна прыняць і за дошку ў аўдыторыі, на якой вось-вось з'явяцца бясконцыя радкі формул. Параўнанне з лекцыяй узнікае не толькі праз візуальнае падабенства, але і праз тую манеру існавання, манеру прамаўлення тэксту, якую выбірае Фамін разам з рэжысёрам.

Акцёр захоўвае ачужанасць выканаўцы ад персанажа, характэрную для ўвасаблення дакументальных п'ес, але ў той жа момант і не імкнецца да поўнай перадачы маўленчых характарыстык героя, засяроджваецца на сэнсе і фабуле.

У выніку глядач пагаджаецца з умоўнасцю: перад намі акцёр Максім Фамін, якому важна пераказаць для нас маналог Давіда Яна. І калі недзе за сцэнай недарэчы з'явіцца водгулле музыкі ці нехта ў зале зашамаціць абгорткай ад цукеркі, ён зверне на гэта ўвагу.

Фінал спектакля, калі Фамін агучвае некаторыя правілы флэшмоба (флэшмоберы не павінны камунікаваць да, падчас і пасля акцыі адзін з адным; пасля акцыі трэба разысціся з месца дзеяння ў розныя бакі, не падаючы выгляду, што адбылося нешта незвычайнае і г.д.), пераконвае: канцэпцыя гэтай мастацкай масавай акцыі стала асновай рэжысёрскага рашэння. І пакуль Максім Фамін расказваў пра жыццё Давіда Яна, кожны з гледачоў думаў пра сваё, адчуваў свой момант, шукаў сваё паліва. Зрэшты, матэрыял дазваляў. Ян скончыў адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Расіі — Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. Выпускнікі МФТІ сустракаюцца ў Стакгольме падчас уручэння Нобелеўскай прэміі і ў літаральным сэнсе шалеюць ад навукі ды аб'ёмаў работы. Ну чым не метафара і крайнія пункты развіцця магчымых жыццёвых сцэнарыяў сучаснага чалавека? Але ж «Паліва» — гэта вельмі пазітыўная гісторыя. Нават нязвыкла пазітыўная для дакументальнага тэатра. Тое сакральнае, што Ян спазнаў дзякуючы фізтэху: адчуванне «ты можаш рашыць любую задачу», — здаецца, можа перажыць кожны. Галоўнае знайсці сваю хуткасць і сваё паліва.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота прадастаўлена прэс-службай «TEART»

Загаловак у газеце: Фізіка і жыццё: ты можаш рашыць любую задачу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.