Вы тут

Прэзідэнт Сербіі прыняў беларускую дэлегацыю на чале з Ліліяй Ананіч


У ходзе сустрэчы сербскі прэзідэнт даў шырокую характарыстыку беларуска-сербскім адносінам.


Таміслаў Нікаліч успомніў, як адразу пасля абрання прэзідэнта, пабываўшы ў Бруселі, накіраваўся ў Беларусь. Калі ў яго запыталі, чаму ён так дэманстратыўна вызначае свае знешнепалітычныя прыярытэты, ён заўважыў: «Едзьце і вы следам, адмяняйце санкцыі, не дыктуйце сваіх умоў». Прэзідэнт успомніў нядаўні сербска-беларускі канцэрт, калі ў Бялградзе адзначалі Дзень вызвалення ад фашызму. Калі ігралі беларускія і сербскія выканаўцы, кінахроніка паказвала ваенныя кадры. У нас, сказаў Таміслаў Нікаліч, былі аднолькава драматычныя падзеі, мы, як і беларусы, трыццаць гадоў аднаўлялі колькасць даваеннага насельніцтва. Мы памятаем прыезд Прэзідэнта Беларусі ў Бялград у цяжкія дні натаўскіх бамбардзіровак. Такое сербскі народ не забудзе ніколі.

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у сваю чаргу адзначыла, што цёплыя, братэрскія адносіны Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча — магутны фактар развіцця шматбаковага супрацоўніцтва дзвюх краін, і адзін з галоўных напрамкаў нашага партнёрства — цесныя кантакты ў галіне інфармацыі.

Інфармацыя, паводле слоў беларускага міністра, у сённяшнім свеце носіць часцяком разбуральны характар, і мы павінны зрабіць усё, каб умацаваць інфармацыйны мост добрасуседства Беларусі і Сербіі. У гэтым працэсе Беларусь прапаноўвае актыўную ролю, аб'яднаўшы намаганні з Сербіяй. Разам мы можам многае зрабіць. Міністр адзначыла, што напэўна наспеў час для стварэння беларуска-сербскага інфармацыйнага праекта (тэлебачанне, інтэрнэт), распаўсюджання на тэрыторыі нашых дзяржаў міжнародных спадарожнікавых праграм Беларусі і Сербіі.

У наступным годзе, калі Беларусь будзе адзначаць 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, лагічна было б правесці ў Бялградзе агульную беларуска-сербскую навукова-практычную канферэнцыю ў кантэксце ўдзелу ў Бялградскім міжнародным кніжным кірмашы.

Актыўную работу ў гэтым напрамку гатовы весці пісьменнікі з дзвюх краін, універсітэцкая і акадэмічная, навуковая, гуманітарная супольнасць. Практыка для падобнай ініцыятывы склалася. У Мінску Мінінфарм многія гады запар праводзіць міжнародныя круглыя сталы "Созвучие", міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час".

Міністр працытавала словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якія ён сказаў у Год кнігі: «Страцім кнігу — страцім краіну». Таміслаў Нікаліч падтрымаў гэтае сцверджанне, адзначыўшы, як важна не толькі захоўваць, але і ўмацоўваць духоўна-маральныя вытокі дружбы Беларусі і Сербіі.

Сербскі Прэзідэнт таксама падтрымаў прапанову беларускай дэлегацыі аб супрацоўніцтве. Таміславу Нікалічу ад беларускай дэлегацыі былі ўручаны кніга-лаўрэат конкурсу «Мастацтва кнігі СНД» «Замкі Беларусі» і анталогія «Франциск Скорина на языках народов мира».

Прэзідэнт прачытаў вядомыя словы беларускага першадрукара «Понеже от рождения звери, ходящие в пустыне, знают ямы свои...» у перакладзе на сербскую мову. Адбылося фатаграфаванне беларускай дэлегацыі з Таміславам Нікалічам.

Кірыл ЛАДУЦЬКА,

г. Бялград, Сербія.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?