Вы тут

Шчаслівыя і закаханыя ў спелых «Яблыках»


ШЧАСЛІВЫЯ І ЗАКАХАНЫЯ

ў спелых «Яблыках»



Кніга Маргарыты Латышкевіч “Яблыкі” стала для мяне выратаваннем. У жыцці быў такі перыяд, калі хацелася апавяданняў, напісаных чалавекам, які, здаецца, разумее цябе ментальна. Я адкрыла «Яблыкі» на першай старонцы, а калі закрыла — была ўжо апошняя.

Усё пачалося менавіта з іх. З фруктаў. Кажуць, «яблык разладу». Кажуць, Ева ўсё зруйнавала яблыкам. А яблык, насамрэч, нічога сабе фрукт! І сэнс апавядання Маргарыты Латышкевіч — зусім не ў яблыках, зразумела. Сэнс у тым, што сяброўства, пра якое распавядае аўтар, сталася менавіта такім як зімні, нясмачны яблык. Я ўспамінаю дзяцінства і сяброў. І разумею, што яблык — гэта ледзьве не сімвал дружбы. Бо калі табе хто падабаецца, калі знаходзіш родную душу, то яблык заўсёды аказваецца побач. Як бы спойлерна ні прагучала — шкада, што яблык у апавяданні ні да каго не перайшоў.

У «Яблыках» сказана і пра ракавых жанчын, пра «губіцелек». Ведаеце, хто гэта? Такія, з чырвонай памадай, даўгімі пазногцямі і вачыма, падведзенымі чорным алоўкам. Ці гэта ўмовы неабавязковыя? А можа наадварот — ніякая касметыка жанчынай не зробіць неракавую жанчыну ракавой. Сонечка — прадавец у краме. Чамусьці склалася ўражанне, што яна працуе касірам у якім-небудзь «Шчодрым» на плошчы Перамогі — менавіта тое месца, дзе можна і папрацаваць, і падумаць пра жыццё, гледзячы на абеліск і машыны, якія праносяцца міма. У гэты момант прыходзяць думкі пра шчасце: што(хто) гэта такое(і)? Якое яно? Калі ж яно ўжо прыйдзе? Сонечка са шчасцем пасварылася — з кім не бывае...

Вось пра што апавяданне? Пра тое, як Сонечка хоча быць ракавой жанчынай, якую б акаляла каханне? Наўрад ці. Я б сказала — пра жаночае шчасце і жаночы дух. Пра першае: для жанчыны шчасце — не абстракцыя нейкая. Сонечка была б шчаслівая, нават калі б усё жыццё касірам працавала — дайце ёй толькі каханне. Пра другое: якія ж моцныя жанчыны ўсё-ткі! Сонечка, жанчына далёка не ракавая (прынамсі, так выглядае), гатовая да барацьбы з усім светам — толькі б шчасце прыехала. Ці хаця б патэлефанавала.

…Жаноцкасць пераліваецца з тэксту ў тэкст. Прыгожа. Маргарыта Латышкевіч робіць так, каб чытач паглыбіўся не толькі ў кнігу, але і ва ўласныя думкі — каб мог спыніцца падчас чытання і паразважаць над нечым. Напрыклад, задаць сабе пытанне: а як гэта — быць каралевай?

А вельмі проста! Не трэба для гэтага жыць у Вялікабрытаніі, не трэба выходзіць замуж за прынца. Каралевай можна быць па прызначэнні. І калі ўжо прызначэнне адбылося, то можна і сукенкі набываць, і прымяраць дыядэмы, і рабіць высокія прычоскі, і нават паводзіць сябе па-каралеўску. І што яшчэ важна — ведаць словы каралевы. Асабліва, калі ты выконваеш яе ролю ў п’есе.

Аўтару падабаецца вобраз моцнай жанчыны. На ўсіх стадыях яе сталення — дзяўчынка Ліля, якая не памятае слоў каралевы ў п’есе, але гэта не перашкаджае ёй быць каралевай; касір Соня, якая спрабуе зразумець сутнасць быцця, асэнсаваць жыццё… Што чакае нас далей?

А далей будзе ўжо не пра тое. Пісьменніца расказвае пра тое, як пакахала. І каханне гэтае вечнае — не такое, якое абяцаюць, а сапраўднае, здзейсненае. Любоў да Булгакава. Вось Масква, вуліца Садовая, кватэра пісьменніка — яна адчула булгакаўскі дух. А вось ужо іншая тэма — пра тое, як навучыцца выдумляць, пра тое, хто піша вершы за паэта, а апавяданні — за пісьменніка. Шчырая размова аўтара з чытачом працягнецца — прызнанне ў любові філфаку, інструкцыя для тых, хто захварэў…

У апавяданнях Маргарыты Латышкевіч усё прасякнута жыццёвасцю — ці не перажывалі мы гэтыя чэргі ў бальніцах, ці не бачылі жанчын з рэгістратуры з поглядам Мюлера на Шцірліца? Аўтар дзеліцца той мудрасцю, якую ўжо паспела назапасіць сама. Яна распавядае пра асабістае праз герояў, якія часам наіўныя, часам смешныя, часам крыху самотныя. Апошняя мудрасць, якой дзеліцца пісьменніца, наступная: «Жыццё — гэта спорт.//Жыццё — гэта яшчэ і боль». Апошняя ў зборніку, але не апошняя ў жыцці.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.